§ 11. Праецыраванне формы прадмета. Прамавугольнае праецыраванне на адну плоскасць праекцый

Утварэнне праекцый

Разгледзім утварэнне праекцый на прыкладзе кляновага ліста. Калі на кляновы ліст накіраваць крыніцу святла (цэнтр праецыравання), то ўяўныя прамені ад гэтай крыніцы, праведзеныя праз кожны пункт ліста да перасячэння з плоскасцю, дадуць нам яго праекцыю (рыс. 39). Праекцыя ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «кідаць (адкідваць) наперад».

Элементы праецыравання
Цэнтр праецыравання — пункт, з якога ажыццяўляецца праецыраванне.
Аб’ект праецыравання — прадмет, які адлюстроўваецца.
Плоскасць праекцыі — плоскасць, на якую выконваецца праецыраванне.
Праецыруючыя прамені — уяўныя прамыя, з дапамогай якіх выконваецца праецыраванне.
Праекцыя — відарыс аб’екта на плоскасці, утвораны метадам праецыравання.