§ 10. Спосабы пабудовы спалучэння

Паняцце пра спалучэнні.

Контуры большасці прадметаў і аб’ектаў складаюцца са спалучэнняў розных ліній (прамых, дуг, акружнасцей), якія перасякаюцца паміж сабой і плаўна пераходзяць адна ў адну (рыс. 36). Такія плаўныя пераходы называюцца спалучэннем.

Спалучэнне — плаўны пераход адной лініі контуру відарыса да іншай.

Назавіце прыклады аб’ектаў (прыроднага або рукатворнага паходжання), якія маюць спалучэнні.

Усе спалучэнні на чарцяжах выконваюць дугамі акружнасцей зададзеных памераў. Каб пабудаваць спалучэнне, неабходны наступныя элементы: радыус спалучэння, цэнтр спалучэння, пункты спалучэння (рыс. 37).

Цэнтр спалучэння — пункт, з якога праводзяць дугу плаўнага пераходу адной лініі да іншай. 
Радыус спалучэння — радыус дугі спалучэння, з дапамогай якой адбываецца спалучэнне. 
Пункт спалучэння — агульны пункт ліній, якія спалучаюцца. У пунктах спалучэнняў адбываецца плаўны пераход (дотык) ліній

Агульны алгарытм пабудовы спалучэння
1. Знайсці цэнтр спалучэння.
2. Знайсці пункт спалучэння.
3. Пабудаваць спалучэнне.