§ 7. Асноўныя правілы нанясення памераў

Паслядоўнасць нанясення памераў

1. Спачатку наносяцца памеры дробных элементаў чарцяжа (выступаў, акружнасцей і інш.), затым буйных (рыс. 32).
2. Завяршаюць нанясенне памераў габарытныя памеры: даўжыня, вышыня, шырыня дэталі.

Вызначыце па рысунку 32 габарытныя памеры дэталі. Прааналізуйце прастаноўку памераў на чарцяжы. Зрабіце вывад пра неабходнасць выканання паслядоўнасці  нанясення  памераў.

На чарцяжах часам наносяць даведачныя памеры. Гэта памеры, якія не падлягаюць выкананню па дадзеным графічным дакуменце і служаць для зручнасці карыстання гэтым дакументам. Яны абазначаюцца знакам *. На месцы размяшчэння тэхнічных патрабаванняў (над асноўным надпісам) робяць запіс: *  — Памер для даведак.