Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Асноўныя правілы нанясення памераў

  • Што паказваюць лінейныя памеры? Што абазначаюць вуглавыя памеры?
  • Вы даведаецеся: для чаго неабходна наносіць памеры на чарцяжах дэталей, якія правілы іх нанясення, якія памылкі сустракаюцца ў нанясенні памераў.

  • Вы навучыцеся: рацыянальна наносіць памеры на чарцяжах дэталей.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 7. Асноўныя правілы нанясення памераў
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Январь 2025, 16:33

Уступ

Для таго каб найбольш дакладна і якасна стварыць выраб ці дэталь, на чарцяжы прастаўляюць (наносяць) памеры. Нанясенне памераў на чарцяжах з’яўляецца вельмі адказнай аперацыяй, паколькі гэта істотна ўплывае на лёгкасць чытання чарцяжа і якасць выканання вырабу на вытворчасці. Памеры на чарцяжах вырабаў наносяцца па пэўных правілах. Гэтыя правілы вызначаны стандартам ДАСТ 2.307-2011 АСКД. Нанясенне памераў.

Памер — лікавае значэнне лінейнай велічыні (дыяметра, даўжыні і да т. п.) у выбраных адзінках вымярэння.

Памеры бываюць лінейныя (мм) — даўжыня, шырыня, таўшчыня, вышыня, радыус, дыяметр — і вуглавыя (°) — памеры вуглоў.

Памятайце! Агульная колькасць памераў на чарцяжы павінна быць мінімальнай, але дастатковай для стварэння і кантролю вырабу.

Агульныя правілы нанясення памераў

Працэс нанясення памераў складаецца з двух этапаў: правядзенне вынасных і размерных ліній і напісанне размерных лікаў (рыс. 29).

  • Межы вымярэння памеру паказваюць вынаснымі і размернымі лініямі, лініямі-вынаскамі. Лініі наносяць з дапамогай тонкіх суцэльных ліній.
  • Вынасную лінію наносяць перпендыкулярна адрэзку контуру рысунка, памер якога вымяраюць (А).
  • Размерную лінію праводзяць паралельна адрэзку, памер якога вызначаюць (Б).
  • Размерная лінія з абодвух бакоў абмежавана стрэлкамі (В) (рыс. 30).
  • Калі даўжыня размернай лініі невялікая і стрэлкі не змяшчаюцца паміж вынаснымі лініямі, іх наносяць са знешняга боку ад вынасных ліній (Г).
  • Вынасная лінія павінна выходзіць за стрэлку на 1,5—2 мм (Д).
  • Мінімальная адлегласць паміж размернай лініяй і адрэзкам, які вымяраецца, — 10 мм, паміж паралельнымі размернымі лініямі — 7 мм (Е).
  • Размерныя лікі наносяць над размернай лініяй бліжэй да сярэдзіны, на адлегласці 0,5—1 мм ад яе. Памер шрыфту для размернага ліку 5  (Ж).
  • Калі на чарцяжы некалькі паралельных размерных ліній, то размерныя лікі наносяць у шахматным парадку (З).
  • Пры адлюстраванні дэталі ў адной праекцыі паказваюць яе таўшчыню (І).
  • Велічыню дыяметра акружнасці паказваюць размернай лініяй, праведзенай праз цэнтр акружнасці. Стрэлкі размернай лініі ўпіраюцца ў акружнасць з унутранага ці вонкавага боку (К). Памеры аднолькавых акружнасцей, якія паўтараюцца, наносяць адзін раз з указаннем іх колькасці. Напрыклад, «Ø10 2 адт.» азначае: 2 адтуліны дыяметрам 10 мм.
  • Кожны прадмет мае габарытныя (найбольшыя) памеры — даўжыню, вышыню і шырыню (таўшчыню). Габарытныя памеры заўсёды большыя за іншыя, таму на чарцяжы іх размяшчаюць далей ад відарыса, чым астатнія (Л).

Памятайце! 

  • Па магчымасці размерныя лініі павінны размяшчацца па-за контурам відарыса. Неабходна пазбягаць перасячэння размерных і вынасных ліній. 
  • Размерныя лікі пры вертыкальна размешчанай размернай лініі пішуць злева ад яе знізу ўверх. Яны не павінны дакранацца да размернай лініі ці перасякаць яе.
  • Кожны памер наносіцца на чарцяжы адзін раз і як мага бліжэй да таго элемента, велічыню якога ён вызначае.
  • Лінейныя памеры паказваюцца ў міліметрах без запісу адзінак вымярэння.

Умоўнасці і спрашчэнні пры нанясенні памераў

Абазначэнне акружнасцей. Для абазначэння на чарцяжах акружнасцей карыстаюцца спецыяльным знакам дыяметра. Ён прастаўляецца перад размерным лікам

Калі неабходна паказаць некалькі дыяметраў з аднаго цэнтра, то размерныя лініі размяшчаюць па дыяганалі праз цэнтр акружнасці (а). Таксама размерную лінію дыяметра можна паказаць з абрывам. Пры гэтым абрыў размернай лініі робяць далей за цэнтр акружнасці (б).

На ваш погляд, ці можна дыяметр акружнасці замяніць радыусам? Адказ абгрунтуйце.

Абазначэнне дуг акружнасцей. Для абазначэння акружнасцей карыстаюцца спецыяльным знакам радыусу (R). Ён наносіцца гэтак жа, як і дыяметр, перад размерным лікам. Размерную лінію праводзяць у напрамку да цэнтра дугі і абмяжоўваюць адной стрэлкай, што ўпіраецца ў дугу.

Часам паверхня прадмета можа мець форму сферы. У гэтым выпадку перад знакам дыяметра ці радыуса дабаўляюць надпіс «Сфера» або спецыяльны знак Ο

Абазначэнне вуглавых памераў. Вуглавыя памеры паказваюць у градусах, мінутах і секундах. 

Абазначэнне квадрата. Калі дэталь або элемент дэталі мае форму квадрата, то абазначэнні старон квадрата наносяць наступным чынам: перад размерным лікам наносяць знак квадрата, а на самой дэталі вычэрчваюць тонкія суцэльныя лініі па дыяганалі.

З дапамогай дадатковых крыніц знайдзіце інфармацыю пра тое, якія яшчэ бываюць умоўныя абазначэнні на чарцяжах. Падрыхтуйце паведамленне.

Дэталі цыліндрычнай формы маюць фаскі — скошаныя канты стрыжня, бруска, адтуліны. Іх абазначаюць спрошчана, калі размерная лінія праводзіцца паралельна восі конуса, а подпіс выконваецца па тыпе «2 х 45°» (рыс. 31 а, б).

Паслядоўнасць нанясення памераў

1. Спачатку наносяцца памеры дробных элементаў чарцяжа (выступаў, акружнасцей і інш.), затым буйных (рыс. 32).
2. Завяршаюць нанясенне памераў габарытныя памеры: даўжыня, вышыня, шырыня дэталі.

Вызначыце па рысунку 32 габарытныя памеры дэталі. Прааналізуйце прастаноўку памераў на чарцяжы. Зрабіце вывад пра неабходнасць выканання паслядоўнасці  нанясення  памераў.

На чарцяжах часам наносяць даведачныя памеры. Гэта памеры, якія не падлягаюць выкананню па дадзеным графічным дакуменце і служаць для зручнасці карыстання гэтым дакументам. Яны абазначаюцца знакам *. На месцы размяшчэння тэхнічных патрабаванняў (над асноўным надпісам) робяць запіс: *  — Памер для даведак. 

Замацуем веды

1. У якіх адзінках вымярэння наносяць памеры на чарцяжах?
2. На якой адлегласці ад контуру дэталі праводзяць першую размерную лінію? Другую і ўсе наступныя?
3. Якім чынам нанесці памеры на тры аднолькавыя адтуліны?
4. Як прастаўляюць памеры дыяметра і радыуса?
5. Выкарыстоўваючы чарцёж на рысунку а, раскажыце пра паслядоўнасці прастаноўкі памераў дэталі.
6. Знайдзіце памылкі на чарцяжы на рысунку б. Растлумачце, як іх выправіць