§ 7. Асноўныя правілы нанясення памераў

Агульныя правілы нанясення памераў

Працэс нанясення памераў складаецца з двух этапаў: правядзенне вынасных і размерных ліній і напісанне размерных лікаў (рыс. 29).

  • Межы вымярэння памеру паказваюць вынаснымі і размернымі лініямі, лініямі-вынаскамі. Лініі наносяць з дапамогай тонкіх суцэльных ліній.
  • Вынасную лінію наносяць перпендыкулярна адрэзку контуру рысунка, памер якога вымяраюць (А).
  • Размерную лінію праводзяць паралельна адрэзку, памер якога вызначаюць (Б).
  • Размерная лінія з абодвух бакоў абмежавана стрэлкамі (В) (рыс. 30).
  • Калі даўжыня размернай лініі невялікая і стрэлкі не змяшчаюцца паміж вынаснымі лініямі, іх наносяць са знешняга боку ад вынасных ліній (Г).
  • Вынасная лінія павінна выходзіць за стрэлку на 1,5—2 мм (Д).
  • Мінімальная адлегласць паміж размернай лініяй і адрэзкам, які вымяраецца, — 10 мм, паміж паралельнымі размернымі лініямі — 7 мм (Е).
  • Размерныя лікі наносяць над размернай лініяй бліжэй да сярэдзіны, на адлегласці 0,5—1 мм ад яе. Памер шрыфту для размернага ліку 5  (Ж).
  • Калі на чарцяжы некалькі паралельных размерных ліній, то размерныя лікі наносяць у шахматным парадку (З).
  • Пры адлюстраванні дэталі ў адной праекцыі паказваюць яе таўшчыню (І).
  • Велічыню дыяметра акружнасці паказваюць размернай лініяй, праведзенай праз цэнтр акружнасці. Стрэлкі размернай лініі ўпіраюцца ў акружнасць з унутранага ці вонкавага боку (К). Памеры аднолькавых акружнасцей, якія паўтараюцца, наносяць адзін раз з указаннем іх колькасці. Напрыклад, «Ø10 2 адт.» азначае: 2 адтуліны дыяметрам 10 мм.
  • Кожны прадмет мае габарытныя (найбольшыя) памеры — даўжыню, вышыню і шырыню (таўшчыню). Габарытныя памеры заўсёды большыя за іншыя, таму на чарцяжы іх размяшчаюць далей ад відарыса, чым астатнія (Л).

Памятайце! 

  • Па магчымасці размерныя лініі павінны размяшчацца па-за контурам відарыса. Неабходна пазбягаць перасячэння размерных і вынасных ліній. 
  • Размерныя лікі пры вертыкальна размешчанай размернай лініі пішуць злева ад яе знізу ўверх. Яны не павінны дакранацца да размернай лініі ці перасякаць яе.
  • Кожны памер наносіцца на чарцяжы адзін раз і як мага бліжэй да таго элемента, велічыню якога ён вызначае.
  • Лінейныя памеры паказваюцца ў міліметрах без запісу адзінак вымярэння.