§ 2-27. Скланенне назоўнікаў, правапіс склонавых канчаткаў. Марфалагічны разбор назоўніка.

Практыкаванне № 252-19

Прачытайце. Падбярыце да тэксту загаловак.

Калі чалавек імкнецца сур’ёзна і дасканала авалодаць вуснай беларускай мовай, яму варта ўслухоўвацца ў гучаннем кожнага слова, імкнуцца не толькі правільна вымавіць, зразумець лексічнае значэнне слова, яго сінанімічнасць, але і дакладна ўжыць гэта слова на патрэбным месцы ў сказе, словазлучэнні, вусным выказванні. Разам з тым сістэматычнае чытанне кніг і асобных твораў мастацкай літаратуры, часопісаў і газет дапаможа не толькі ў авалоданні роднай вуснай мовай, але і ў глыбокім пазнанні нацыянальнай культуры і гісторыі.сн

Варта набыць ці ўзяць у бібліятэцы неабходныя для працы кнігі і слоўнікі (арфаграфічны, тлумачальны, сінанімічны, фразеалагічны, перакладны, этымалагічны, крылатых слоў і выразаў). Можна выкарыстаць наступныя выданні: Янкоўскі Ф. М. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы»; Шкраба І., Шкраба Р. «Крынічнае слова (беларускія прыказкі і прымаўкі)»; Санько З. «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем»; Гаўрош Н. В., Лепешаў І. Я., Янкоўскі Ф. М. «Фразеалагічны слоўнік»; Клышка М. К. «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў», Пазнякоў М. П. «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы»; Еўсіевіч Н. П., Кунцэвіч Н. П., Нікалаева В. М., Русак В. П. «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя», «Беларускі арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй. Лукашанца А. А. і іншыя. Таксама трэба чытаць творы вуснай народнай творчасці, беларускай літаратуры, біяграфічныя звесткі пра пісьменнікаў (Паводле З. Куставай, В. Салаўёвай).

Якія іншыя слоўнікі вы параілі б для карыстання пры авалоданні беларускай мовай? Назавіце іх аўтараў.
Раскажыце пра асаблівасці змянення прозвішчаў аўтараў слоўнікаў з тэксту. Якія прозвішчы адносяцца да нескланяльных назоўнікаў?
 Карыстаючыся матэрыяламі сайта www.slounik.org і іншымі крыніцамі інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне пра сучасныя граматычныя слоўнікі.