§ 2-27. Скланенне назоўнікаў, правапіс склонавых канчаткаў. Марфалагічны разбор назоўніка.

Практыкаванне № 252-10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце сваю думку.

Аматары цырка

Жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак здаўна любілі цыркавое мастацтва. У другой палове XIX стагоддзя гамяльчане за невялікую плату маглі пабачыць выступленні фокуснікаў, жанглёраў, вулічных акрабатаў. Першы будынак Гомельскага цырка быў невялікім. Там не было ацяплення, гледачы сядзелі на драўляных лаўках, а артысты туліліся ў фанерных пакойчыках.

Будынак цырка, узведзены ў 1926 годзе, меў залу на дзве тысячы месцаў. Шаноўную публіку запрашалі на прадстаўленне з прыгожага разнога балкончыка.

Гамяльчане былі аматар.. цыркавога мастацтва, таму прафесійныя артысты любілі тут працаваць. Магчыма, гэта прадвызначыла з’яўленне ў Гомел.. новага цырк.., адкрытага ў 1972 годзе. Сучасны цырк мае выгляд лятаючай талеркі — ён быў пабудаваны паводле тыпавога праект.., таму такія ж незвычайныя пабудовы ёсць яшчэ ў пяці гарад.. былога СССР.

У Гомельскім цырк.. выступала шмат знакамітых артыст.. . Адзін з іх — вядомы клоўн Карандаш (Міхаіл Румянцаў), які з’яўляўся перад гледач.. разам з сабакам Кляксам. Помнік легендарнаму клоўн.. сустракае сённяшніх наведвальнікаў цырк.. .

Гомель — адзін з самых маленькіх гарадоў былога СССР, якія маюць уласны стацыянарны цырк. Але дзякуючы зацікаўленай публіцы гэта ўстанова мае стабільна высокую акупальнасць (Паводле І. Зімневай).

Спішыце трэці і чацвёрты абзацы тэксту. Растлумачце напісанне канчаткаў назоўнікаў у адзіночным і множным ліку.
Знайдзіце ў тэксце назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення. Запішыце іх у форме меснага склону адзіночнага ліку. Абгрунтуйце выбар канчаткаў.
 Разгледзьце скульптуру вядомага клоўна каля Гомельскага цырка. Апішыце помнік. Сабака якой пароды быў яго верным сябрам? Карыстаючыся інфармацыяй з розных крыніц, раскажыце пра клоўна Карандаша.