§ 2-27. Скланенне назоўнікаў, правапіс склонавых канчаткаў. Марфалагічны разбор назоўніка.

Практыкаванне № 252-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падзяліце тэкст на часткі і падбярыце да іх загалоўкі.

Пінскія багны вачыма легендарнай амерыканкі

«Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар, які розніць іх ад жыхароў іншых мясцін. У якой частцы свету яны б ні знаходзіліся — індзейцы урасы з возера Ціцікака, абарыгены папірусавых зарасляў возера К’ёга, кітайцы з дэльты ракі Янцзы, галандцы з затапляльных польдараў* — ва ўсіх іх асаблівы лад жыцця» — так пачынаецца артыкул «Пінскія балоты», які ў 30-я гады мінулага стагоддзя з’явіўся ў заходнім друку.

Палес..кія нататкі в..домай ам..рыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд імя якой вядома ва ўсім свеце апублікавалі ў 1936 годзе на польскай н..мецкай францу..скай і адпаведна англійскай мовах але толькі ў 2016 годзе нарысы вы..шлі (па)беларуску.

Луіза Арнер Бойд у сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя адкрыла свету Палессе. Праз сотні фотаздымкаў Новы Свет і Заходняя Еўропа ўбачылі край неабсяжных балот і незлічоных рэк ва ўсёй яго шматаблічнасці, самабытнасці і непаўторнасці. Навуковая спадчына вандроўніцы дае сучаснікам унікальную магчымасць скрозь таўшчыню падзей і часоў зірнуць на мінулую эпоху непрадузятым, напоўненым глыбокай сімпатыяй да простых жыхароў Палесся поглядам амерыканскай даследчыцы (Паводле П. Савіча).

Што вы ведаеце пра характар і культуру палешукоў?
Якую ролю адыгрываюць у тэксце нескланяльныя назоўнікі? Вызначце іх род.
Спішыце другі абзац тэксту, раскрываючы дужкі, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары і знакі прыпынку.
Размяркуйце назоўнікі з тэксту на групы паводле тыпаў скланення.
 Разгледзьце фотаздымак. Як называецца возера, пададзенае на ім. і дзе яно  знаходзіцца? Карыстаючыся матэрыялам з розных крыніц, раскажыце народнае паданне пра ўзнікненне яго назвы.