§ 1-27. Катэгорыя роду і ліку назоўнікаў

Практыкаванне 252

Спішыце, раскрываючы дужкі.
Абгрунтуйце выбар формы назоўнікаў і прыметнікаў.

Дараваць (гарэза Толя), размаўляць з (вядомы археолаг Вера Пятроўна), давяраць (суддзя Мікіта Іванавіч), сядзець пры (мясцовы ліс­таноша), паведаміць (таленавіты доктар Дар’я Сяргееўна), сумаваць па (гарэза Каця), павітацца са (старшыня Ілья), параіць (задавака сястра), займацца з (малы Жэня), захапляцца (суддзя Аліна Васільеўна), сустрэцца з (цёзка Даніла).

 Праз падбор аднакаранёвых слоў растлумачце значэнне слова лістаноша.
Праскланяйце словазлучэнні гарэза Толя і гарэза Каця.
Ад чаго залежаць канчаткі назоўнікаў?

З двума прыкладамі словазлучэнняў (на выбар) складзіце сказы.

Звярніце ўвагу!

Да нескланяльных адносяцца назоўнікі, якія маюць адну і тую ж форму ва ўсіх склонах.

У назоўным і ўсіх ускосных склонах яны маюць аднолькавыя канчаткі. Граматычнае значэнне склону выражаецца сінтаксічна: прыгожых кенгуру, ролі Адрыяна Чэлентана.

Да нескланяльных адносяцца:

  • запазычаныя агульныя і ўласныя назвы з асновай на галосны: адажыа, манто, Місісіпі, Гейнэ, Кюры;
  • іншамоўныя агульныя і ўласныя назоўнікі на зычны, якія абазначаюць асоб жаночага полу: місіс, Элен, Мітчэл;
  • мужчынскія і жаночыя славянскія прозвішчы на -­о і -­ых: Крайко, Ляўко, Бялых, Баранавых;
  • беларускія жаночыя прозвішчы на зычны: Кавалёнак, Ліс, Арцямёнак;
  • жаночыя прозвішчы, якія ўтварыліся ад назваў прадметаў і суадносяцца з ніякім родам назоўніка: Дула, Шыла;
  • жаночыя прозвішчы, якія не ўтварыліся ад назваў прадметаў ірод якіх вызначыць складана: Протчанка Настасся, Сувалка Тамара, Шарапа Алеся;
  • гукавыя абрэвіятуры на галосны: ДАІ, НІА, а таксама літарныя абрэвіятуры: БДУ, СНД;
  • назоўнікі агульнага роду (хвалько, нямко, гняўко), калі абазначаюць асоб жаночага полу: хвалько Марыля, да хвалько Марылі, хвалько Марылі, пра хвалько Марылю, хвалько Марыляй (­-яю), пры хвалько Марылі.