§ 1-27. Катэгорыя роду і ліку назоўнікаў

Правіла

Лік назоўнікаў

Большасць назоўнікаў беларускай мовы мае формы адзіночнага і множнага ліку: дрэва — дрэвы, звер — звяры.
Аднак ёсць назоўнікі, якія не змяняюцца па ліках і маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку.

Форму толькі адзіночнага ліку маюць:
а) рэчыўныя назоўнікі: золата, алей, рыс, чарніла, ячмень, кісель;
б) зборныя назоўнікі: лістота, моладзь, бярвенне, звяр’ё;
в) большасць абстрактных назоўнікаў: адраджэнне, клопат, глыбіня, смех, здзіўленне, ветлівасць, калектывізм, мараль;
г) большасць уласных назоўнікаў: Паліна Кавалевіч, Вольга Корбут, Слуцк, Нарач, Днепр, Еўропа, Сатурн.

Форму толькі множнага ліку маюць:
а) назоўнікі, якія абазначаюць састаўныя і парныя прадметы: акуляры, вароты, шорты, дзверы, сані, вусны, нары, шашкі, куранты;
б) назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць чаго-небудзь як мноства, са значэннем зборнасці: грошы, бацькі, джунглі, фінансы, мемуары;
в) назоўнікі з агульным рэчыўным значэннем: дровы, крупы, буякі, кансервы, духі́, прысмакі;
г)  назоўнікі, што абазначаюць адрэзкі часу, звычаі, святы, гульні: выбары, канікулы, суткі, дажынкі, Каляды, хованкі;
д) некаторыя геаграфічныя назвы: Карпаты, Анды, Смалявічы, Баранавічы;
е) назоўнікі, якія з’яўляюцца спецыяльнымі тэрмінамі: млекакормячыя, азімыя, сутачныя.