§ 1-27. Катэгорыя роду і ліку назоўнікаў

Практыкаванне 251

Прачытайце сказы. Вызначце род выдзеленых назоўнікаў. Абгрунтуйце сваю думку.

1. А сёлетняя восень была плакса: яна ахінала зямлю туманамі, засланяла сонца густымі хмарамі, якія сеялі і сеялі, як скрозь сіта, надакучлівую імжу (Р. Сабаленка). 2. Дожджф — мой даўні калега, мой суаўтар элегій, уначы нашаптаных, недасланых каханай (А. Пісьмянкоў). 3. «З крыніцамі звязана шмат паданняў...», — адзначыла кандыдат гістарычных навук, археолаг, вядомы этнограф Людміла Дучыц («Звязда»). 4. Час — непадкупны і справядлівы суддзя! (М. Танк). 5. Ды ён, гэты вецер, — гарэза свавольны, што вусны мае цалаваў (І. Хадарэнка). 6. А ў нас лічылі, што апавяданні прадзеда — мана, а ён — хвалько (У. Караткевіч).

• Складзіце схему чацвёртага сказа.
Вызначце, як утворана слова нашаптаных.

Звярніце ўвагу!

Назвы асоб паводле прафесіі ці роду заняткаў (арнітолаг, дэпутат, прафесар) адносяцца да мужчынскага роду і дапасуюць да сябе прыметнікі і дзеепрыметнікі ў форме мужчынскага роду.

Дзеясловы прошлага часу пры такіх назоўніках ужываюцца ў залежнасці ад полу асобы: У якасці інтэрв’юера кіраўніка дзяржавы выступіла вядомы журналіст Марыя Ганна Матыс («Звязда»).