Камедыя «Хто смяецца апошнім»

Пытанні

1. Знайдзіце сэнсавы ключ назвы — адкажыце, хто ў камедыі смяецца першым, а хто — апошнім.
2. Перакажыце сюжэт камедыі ў храналагічным парадку («Аднойчы ў навукова-даследчым інстытуце...»).
Якія ёсць адгалінаванні асноўнай гісторыі (мікрасюжэты), звязаныя з вобразамі Чарнавуса, Тулягі, Анны Паўлаўны, Зіначкі?
3. Паміж кім разгараецца канфлікт?
4. Хто, на вашу думку, галоўны герой камедыі?
Абгрунтуйце свой адказ.
5. Камедыя — звычайна вясёлы жанр.
Прачытайце ў падручніку па гісторыі пра грамадска-палітычную атмасферу 1920—1930-х гадоў і паразважайце, ці вясёлыя падзеі на самай справе перадаюцца ў творы.
6. Паназірайце за маўленнем персанажаў п’есы. Як яно дапамагае ў раскрыцці характараў?
7. Якія вобразы п’есы выступаюць носьбітамі аўтарскай пазіцыі?
Па якіх прыметах вы гэта вызначылі?
8. Звярніце ўвагу на імёны герояў у п’есе «Хто смяецца апошнім».
Паспрабуйце вызначыць спосаб утварэння гаваркіх прозвішчаў (Гарлахвацкі, Туляга, Зёлкін, Чарнавус).
Як у іх адлюстравана стаўленне камедыёграфа да герояў?
9. Праверце, наколькі добра вы зразумелі твор — прапануйце сябрам гульню «Пакажы жэстамі» («Яшчарка»), загадваючы герояў п’есы (паставай, жэстамі, мімікай).
Старайцеся максімальна дакладна перадаць характар персанажа.
10. Выберыце ўрывак з п’есы «Хто смяецца апошнім» і інсцэніруйце яго.
Чаму вы спыніліся менавіта на гэтым фрагменце?
11. Разгледзьце кадр з мастацкага фільма «Хто смяецца апошнім» (1954, рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін, «Беларусьфільм») і сцэну са спектакля 2012 года.
Параўнайце ў іх вобраз Гарлахвацкага.
Якія рысы застаюцца нязменнымі? Чаму?
12. Як маглі б выглядаць старонкі Гарлахвацкага і Тулягі на платформах Facebook, «УКантакце», «Аднакласнікі»?
13. Карыстаючыся тэкстам і зместам артыкула, прааналізуйце камедыю згодна з алгарытмам аналізу драматычнага твора.
14. Выканайце заданне «Віктарына» па творчасці Кандрата Крапівы.
15. У чым значэнне творчасці Кандрата Крапівы ў развіцці беларускай драматургіі?