* Паэзія Язэпа Пушчы

Паэзія Язэпа Пушчы

Пра творчасць Язэпа Пушчы вельмі слушна разважаў Адам Бабарэка — яго сучаснік: «Паэзія Пушчы — гэта лірычная повесць інтымных перажыванняў у горадзе чалавека, выйшаўшага з вёскі. ˂…˃ Яго творы больш за ўсё гавораць тады, калі іх чытаць сам-насам, тады яны раскрываюцца ўва ўсёй сваёй інтымнасці».

Тэматыка паэзіі Пушчы — пры ўсёй вытанчанасці форм і тропаў — купалаўская, коласаўская. Вёска, раніца, прырода, сялянская праца. Візітнай карткай паэта-маладнякоўца стаў пейзажны верш «Раніцу шчэбет пільнуе» (1924). Твор струменіць маладнякоўскай вобразнасцю — сонца, вецер, песні. Верш абрамляе паўтораная ў пачатку і ў фінале страфа:

Раніцу шчэбет пільнуе        
Ў лісці жоўта-зялёным.       
Туліцца жнівень пад пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

Твор уяўляе сабой нізку метафар-увасабленняў («туліцца жнівень пад пуняй», «пудзяцца песні», «рэчанька льецца, смяецца», «ветры …рвуцца ў мурожныя далі», «песціцца сонца»), дзе кожная прыродная з’ява ажывае пад пяром паэта, выяўляе адметны характар. Чытач па-свойму можа разгадаць, прачытаць вобразы верша. Напрыклад, жнівень можа нагадваць дамавіка, што вяртаецца дамоў з ношкай саломы за плячыма, рэчка — смяшлівую дзяўчыну, вёска — старую бабулю, бо «рыпіць» весніцамі, вятры — няўрымслівую моладзь. Адным словам, жывы свет прыроды Язэпа Пушчы размаўляе з чытачом мовай паэзіі.

Падобная запамінальная вобразнасць, нечаканая метафарычнасць, стварэнне яркага запамінальнага ўражання, імкненне здзівіць, прымусіць свежым вокам убачыць навакольнае звязвае твор «Раніцу шчэбет пільнуе» з эстэтыкай імажынізму. Нездарма паэзію Язэпа Пушчы яго сучаснікі часта параўноўвалі з творамі прызнанага імажыніста Сяргея Ясеніна.

Літаратурныя сувязі. Імажынісцкія пошукі ў галіне вобразнасці збліжаюць творчасць Язэпа Пушчы з імпрэсіянісцкімі пошукамі Змітрака Бядулі ў межах адной магутнай мадэрнісцкай плыні.


Паэт спрабаваў аддаць даніну маладнякоўскаму задзёру і ў першых радках філасофскага верша «Каплі вады» (1925): «Пякаюць каплі вады — у срэбрамёце іх смех», «дзень малады… госцем вясёлым прысеў». Але ў тэкст паступова прасочваліся матывы журбы, нядобрых прадчуванняў («нікне ўсё пакрысе, і ўсё ахутвае твань»), якія найбольш дакладна, моцна выявіліся ў пазнейшых паэмах Язэпа Пушчы.
Кроплі вады адна за адной адмяраюць наканаванае, увасабляюць хаду часу, набліжэнне непапраўных змен у людзях і наваколлі, бо «кожны з нас» стане «заўтра другі». Кругі на вадзе разыходзяцца і знікаюць, як і не было. Гэта вобраз лёсу сучаснікаў паэта, якія канулі і яшчэ кануць у небыццё. Настрой лірычнага героя песімістычны («ніяк, аніяк // Немагчыма жыццю дагадзіць») — і будучыня бачыцца яму цьмянай («будзем блукацца там-сям»).

Аўтарскі наватвор
слова, створанае пісьменнікам для абазначэння новых або выдуманых з’яў рэчаіснасці, прадметаў або паняццяў.

На год пазней быў апублікаваны верш «Светлых дзён хараство» (1926). Выкананы ў звыклым для Пушчы ключы, метафарычны і гнуткі, верш у дзвюх строфах, якія абрамляюць твор, утрымлівае аўтарскія наватворы — «санцацвет», «надхмар’е», «дзявоча-пралескавы». Аўтарскі наватвор — слова, створанае пісьменнікам для абазначэння новых або выдуманых з’яў рэчаіснасці, прадметаў або паняццяў.

Асноўны корпус тэксту песенны, з анафарычнымі паўторамі, воклічамі, складаецца з агульнаўжывальнай лексікі, пры гэтым не пазбаўлены ўжо згаданай «санцавейнасці» — тут і вятры, і песні, і сонца, і радасць. І над усім — «расцвітае вясна», якая супрацьпастаўляецца «палыноваму зеллю», што ўжо адцвіло. Так інтэлігентна, тонка ў прыродаапісальным вершы выяўляецца павеў эпохі, сутыкненне старога і новага свету:

Ой, ты цёплая радасць палёў,         
Не хадзіць мне мяжой да крыніцы.
Як у лозах я кошыкі плёў,               
Толькі ў песнях і можа прысніцца.

Што было, таго сёння няма.         
Адцвіло палыновае зелле.           
У палях расцвітае вясна,              
У палях веснавое вяселле.           

Літаратурныя сувязі. Гэты канфлікт аджыўшага і толькі народжанага вельмі ярка праявіўся ў прозе Міхася Зарэцкага — у апавяданнях «Кветка пажоўклая», «Дзіўная».


Матывы адарванасці ад каранёў, суму па Радзіме, адзіноты, крыжовага шляху Беларусі, роздум над лёсам пакалення, што спазнала горыч Першай сусветнай вайны, акупацыі, увасобіліся ў раскрытыкаваным тагачаснымі літаратуразнаўцамі тэксце Пушчы — вершы «Лісты да сабакі» (1927), апублікаваным у часопісе «Узвышша». Перажыванне лірычным героем болю ад цярновага вянка сваёй краіны, ад выгнання не знайшло разумення ў калег па цэху. Пушча піша, маючы на ўвазе ленінградскі перыяд свайго жыцця:

Ці я ў тэатры, ў рэстаране п’яным,           
Дзе радасць распіваюць пад джаз-банд,
Усюды зрок вачэй блакітных вяне,          
І ўсюды бачу я жалобны бант.                

І задаецца рытарычнымі пытаннямі:

Мой дружа, ці ж у гэтым рытмы песень
І смутак нашай сонечнай красы?           
Калі паэт галоў на грудзі звесіць,           
Няўжо краіне ён тады не сын?               

Твор мае трохчастковую структуру. У першай частцы развіта тэма мастака і грамады, раскрываецца праблема шчырасці мастацкага слова: «Нашто ж мне падхалімам быць, крывіцца // І ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам?». У другой — лірычны герой пражывае старонкі нядаўняй гісторыі Беларусі, Першай сусветнай вайны:

Успомніў восень я пятнаццатага года,         
І уваччу змяёй узвіўся чорны шлях.             
Ніводзін дзень не ведаў ласкавай пагоды,  
За навальніцай навальніца смерці йшла.    

І трэцяя частка прысвечана тэме паэта і паэзіі. Язэп Пушча бачыць місію творцы ў ацаленні сваёй душы і сэрца свайго краю: «З чала краіны вырву ўсё ж я церні, // Каб болю іх не ведаў болей сын».
Заканамерным вынікам творчага росту пісьменніка, яго ідэйнага імкнення да ідэалаў узвышэнцаў, нацыянальнай самабытнасці стала вяртанне да класічнай формы, спалучанай з лірычнай прыродай яго таленту.

Магчымасць зноў пачаць літаратурную працу пасля вымушанага перапынку ў 1960-я гады натхніла паэта на прасякнутыя шчымлівай любоўю да роднага краю радкі. Гэтым цёплым святлом пранізаны апошнія зборнікі Язэпа Пушчы — вершаваная казка «На Бабрыцы» (1960), кніга «Вершы і паэмы» (1960), зборнік «Пачатак легенды» (1963).

Прыкладам сталай творчасці Пушчы стаў верш «Лета» (1957), напісаны перад вяртаннем у Беларусь. «Такога лета, як на Беларусі, // З такой ласкавай, цёплаю душой, // Нястомна я ў жыцці шукаў і не знайшоў», — прызнаваўся лірычны герой. Верш выкананы ў цвёрдай форме санета, асабліва востра адточана ў ім багатая рыфма (навальніц — бліскавіц, суніц — крыніц, стрэлы — старэлі — сустрэлі), што сведчыць пра тэхнічнае майстэрства паэта, якое ўмацавалася з гадамі.

Магчыма, яго творы сталай пары не такія моцныя па вобразнасці і не такія багатыя паводле словатворчасці, як у росквіце 1920-х гадоў, але гэта вывераная паэзія мастака, які здолеў вярнуцца да сябе, сваёй тэмы, сваёй Радзімы, сваёй мовы.