Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

* Паэзія Язэпа Пушчы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Падручнік: * Паэзія Язэпа Пушчы
Надрукаваны: Госць
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 8:24

Паэзія Язэпа Пушчы

Пра творчасць Язэпа Пушчы вельмі слушна разважаў Адам Бабарэка — яго сучаснік: «Паэзія Пушчы — гэта лірычная повесць інтымных перажыванняў у горадзе чалавека, выйшаўшага з вёскі. ˂…˃ Яго творы больш за ўсё гавораць тады, калі іх чытаць сам-насам, тады яны раскрываюцца ўва ўсёй сваёй інтымнасці».

Тэматыка паэзіі Пушчы — пры ўсёй вытанчанасці форм і тропаў — купалаўская, коласаўская. Вёска, раніца, прырода, сялянская праца. Візітнай карткай паэта-маладнякоўца стаў пейзажны верш «Раніцу шчэбет пільнуе» (1924). Твор струменіць маладнякоўскай вобразнасцю — сонца, вецер, песні. Верш абрамляе паўтораная ў пачатку і ў фінале страфа:

Раніцу шчэбет пільнуе        
Ў лісці жоўта-зялёным.       
Туліцца жнівень пад пуняй
З ношкай аўсянай саломы.

Твор уяўляе сабой нізку метафар-увасабленняў («туліцца жнівень пад пуняй», «пудзяцца песні», «рэчанька льецца, смяецца», «ветры …рвуцца ў мурожныя далі», «песціцца сонца»), дзе кожная прыродная з’ява ажывае пад пяром паэта, выяўляе адметны характар. Чытач па-свойму можа разгадаць, прачытаць вобразы верша. Напрыклад, жнівень можа нагадваць дамавіка, што вяртаецца дамоў з ношкай саломы за плячыма, рэчка — смяшлівую дзяўчыну, вёска — старую бабулю, бо «рыпіць» весніцамі, вятры — няўрымслівую моладзь. Адным словам, жывы свет прыроды Язэпа Пушчы размаўляе з чытачом мовай паэзіі.

Падобная запамінальная вобразнасць, нечаканая метафарычнасць, стварэнне яркага запамінальнага ўражання, імкненне здзівіць, прымусіць свежым вокам убачыць навакольнае звязвае твор «Раніцу шчэбет пільнуе» з эстэтыкай імажынізму. Нездарма паэзію Язэпа Пушчы яго сучаснікі часта параўноўвалі з творамі прызнанага імажыніста Сяргея Ясеніна.

Літаратурныя сувязі. Імажынісцкія пошукі ў галіне вобразнасці збліжаюць творчасць Язэпа Пушчы з імпрэсіянісцкімі пошукамі Змітрака Бядулі ў межах адной магутнай мадэрнісцкай плыні.


Паэт спрабаваў аддаць даніну маладнякоўскаму задзёру і ў першых радках філасофскага верша «Каплі вады» (1925): «Пякаюць каплі вады — у срэбрамёце іх смех», «дзень малады… госцем вясёлым прысеў». Але ў тэкст паступова прасочваліся матывы журбы, нядобрых прадчуванняў («нікне ўсё пакрысе, і ўсё ахутвае твань»), якія найбольш дакладна, моцна выявіліся ў пазнейшых паэмах Язэпа Пушчы.
Кроплі вады адна за адной адмяраюць наканаванае, увасабляюць хаду часу, набліжэнне непапраўных змен у людзях і наваколлі, бо «кожны з нас» стане «заўтра другі». Кругі на вадзе разыходзяцца і знікаюць, як і не было. Гэта вобраз лёсу сучаснікаў паэта, якія канулі і яшчэ кануць у небыццё. Настрой лірычнага героя песімістычны («ніяк, аніяк // Немагчыма жыццю дагадзіць») — і будучыня бачыцца яму цьмянай («будзем блукацца там-сям»).

Аўтарскі наватвор
слова, створанае пісьменнікам для абазначэння новых або выдуманых з’яў рэчаіснасці, прадметаў або паняццяў.

На год пазней быў апублікаваны верш «Светлых дзён хараство» (1926). Выкананы ў звыклым для Пушчы ключы, метафарычны і гнуткі, верш у дзвюх строфах, якія абрамляюць твор, утрымлівае аўтарскія наватворы — «санцацвет», «надхмар’е», «дзявоча-пралескавы». Аўтарскі наватвор — слова, створанае пісьменнікам для абазначэння новых або выдуманых з’яў рэчаіснасці, прадметаў або паняццяў.

Асноўны корпус тэксту песенны, з анафарычнымі паўторамі, воклічамі, складаецца з агульнаўжывальнай лексікі, пры гэтым не пазбаўлены ўжо згаданай «санцавейнасці» — тут і вятры, і песні, і сонца, і радасць. І над усім — «расцвітае вясна», якая супрацьпастаўляецца «палыноваму зеллю», што ўжо адцвіло. Так інтэлігентна, тонка ў прыродаапісальным вершы выяўляецца павеў эпохі, сутыкненне старога і новага свету:

Ой, ты цёплая радасць палёў,         
Не хадзіць мне мяжой да крыніцы.
Як у лозах я кошыкі плёў,               
Толькі ў песнях і можа прысніцца.

Што было, таго сёння няма.         
Адцвіло палыновае зелле.           
У палях расцвітае вясна,              
У палях веснавое вяселле.           

Літаратурныя сувязі. Гэты канфлікт аджыўшага і толькі народжанага вельмі ярка праявіўся ў прозе Міхася Зарэцкага — у апавяданнях «Кветка пажоўклая», «Дзіўная».


Матывы адарванасці ад каранёў, суму па Радзіме, адзіноты, крыжовага шляху Беларусі, роздум над лёсам пакалення, што спазнала горыч Першай сусветнай вайны, акупацыі, увасобіліся ў раскрытыкаваным тагачаснымі літаратуразнаўцамі тэксце Пушчы — вершы «Лісты да сабакі» (1927), апублікаваным у часопісе «Узвышша». Перажыванне лірычным героем болю ад цярновага вянка сваёй краіны, ад выгнання не знайшло разумення ў калег па цэху. Пушча піша, маючы на ўвазе ленінградскі перыяд свайго жыцця:

Ці я ў тэатры, ў рэстаране п’яным,           
Дзе радасць распіваюць пад джаз-банд,
Усюды зрок вачэй блакітных вяне,          
І ўсюды бачу я жалобны бант.                

І задаецца рытарычнымі пытаннямі:

Мой дружа, ці ж у гэтым рытмы песень
І смутак нашай сонечнай красы?           
Калі паэт галоў на грудзі звесіць,           
Няўжо краіне ён тады не сын?               

Твор мае трохчастковую структуру. У першай частцы развіта тэма мастака і грамады, раскрываецца праблема шчырасці мастацкага слова: «Нашто ж мне падхалімам быць, крывіцца // І ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам?». У другой — лірычны герой пражывае старонкі нядаўняй гісторыі Беларусі, Першай сусветнай вайны:

Успомніў восень я пятнаццатага года,         
І уваччу змяёй узвіўся чорны шлях.             
Ніводзін дзень не ведаў ласкавай пагоды,  
За навальніцай навальніца смерці йшла.    

І трэцяя частка прысвечана тэме паэта і паэзіі. Язэп Пушча бачыць місію творцы ў ацаленні сваёй душы і сэрца свайго краю: «З чала краіны вырву ўсё ж я церні, // Каб болю іх не ведаў болей сын».
Заканамерным вынікам творчага росту пісьменніка, яго ідэйнага імкнення да ідэалаў узвышэнцаў, нацыянальнай самабытнасці стала вяртанне да класічнай формы, спалучанай з лірычнай прыродай яго таленту.

Магчымасць зноў пачаць літаратурную працу пасля вымушанага перапынку ў 1960-я гады натхніла паэта на прасякнутыя шчымлівай любоўю да роднага краю радкі. Гэтым цёплым святлом пранізаны апошнія зборнікі Язэпа Пушчы — вершаваная казка «На Бабрыцы» (1960), кніга «Вершы і паэмы» (1960), зборнік «Пачатак легенды» (1963).

Прыкладам сталай творчасці Пушчы стаў верш «Лета» (1957), напісаны перад вяртаннем у Беларусь. «Такога лета, як на Беларусі, // З такой ласкавай, цёплаю душой, // Нястомна я ў жыцці шукаў і не знайшоў», — прызнаваўся лірычны герой. Верш выкананы ў цвёрдай форме санета, асабліва востра адточана ў ім багатая рыфма (навальніц — бліскавіц, суніц — крыніц, стрэлы — старэлі — сустрэлі), што сведчыць пра тэхнічнае майстэрства паэта, якое ўмацавалася з гадамі.

Магчыма, яго творы сталай пары не такія моцныя па вобразнасці і не такія багатыя паводле словатворчасці, як у росквіце 1920-х гадоў, але гэта вывераная паэзія мастака, які здолеў вярнуцца да сябе, сваёй тэмы, сваёй Радзімы, сваёй мовы.

Пытанні

1. Назавіце словамі тыя адчуванні, якія выклікае верш «Раніцу шчэбет пільнуе».
Паразважайце, сродкамі якога мастацтва можна перадаць настрой згаданага верша: праз музыку, малюнак, скульптуру, харэаграфічную пастаноўку, мастацкае фота.
Як ваш выбар звязаны з уласцівасцямі тэксту? 
2. Як кампазіцыя верша дазваляе захаваць настрой ад першай страфы да апошняй?
Як называецца такі від кампазіцыі (паслядоўная, кальцавая, адваротная, сіметрычная)?
Які яшчэ верш Язэпа Пушчы мае падобную кампазіцыю? 
3. Растлумачце, ад якіх слоў утварыліся аўтарскія неалагізмы ў вершы «Светлых дзён хараство».
Ці ўласцівыя такія словы беларускай мове? 
4. Што цешыць душу лірычнага героя ў вершы «Светлых дзён хараство»?
Чаму пасля ў твор уплятаецца згадка пра палыновае зелле?
Чые мары губляюцца ў «санцацвеце»?
Ці можна назваць верш светлым? 

5. Разгледзьце кросенс, адгадайце, які верш Язэпа Пушчы ў ім зашыфраваны. <
Падбярыце да малюнкаў кросенса адпаведныя радкі верша.

6. Ці можна сказаць, што паэт імкнецца пазбягаць фальшу і прыстасавальніцтва ў «Лістах да сабакі»?
Дакажыце словамі тэксту. 
7. Звярніце ўвагу на вобразы-сімвалы твора, звязаныя з Радзімай.
Выберыце пазачасавыя сімвалы, якія і сёння асацыіруюцца з родным краем.
8. Растлумачце ваша стаўленне да літаратурнай крытыкі, якая спрабуе рэгламентаваць настроі, пачуцці і вобразы, пажаданыя для выяўлення. 
9. Прааналізуйце верш «Лісты да сабакі» ў адпаведнасці з пунктам 1–10 алгарытму аналізу паэтычнага твора.