§ 0-27. Сістэма часцін мовы. Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

Практыкаванне № 5

5. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Якую ролю ў тэксце адыгрываюць назоўнікі?

Сымон Будны — паслядоўнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народных мас. Ён, адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, ведаў польскую, чэшскуюф, італьянскую, лацінскую, грэчаскую і старажытнаяўрэйскую мовы. Але найбольш любіў ён сваю родную мову.

Сымон Будны выступаў у сваіх кнігах супраць рэлігійных догмаў*, заклікаў шанаваць народную мову і мараль, змагацца за свабоднае развіццё навукі і пашырэнне ведаў сярод простых людзей.

Адначасова з ім за некалькі сот кіламетраў ад Нясвіжа працаваў у сваёй друкарні, заснаванай у фальварку* Цяпіна на Віцебшчыне, яшчэ адзін змагар за народную асвету, аднадумец Буднага — Васіль Цяпінскі.

Нялёгка прыходзілася першым асветнікам, пачынальнікам і прадаўжальнікам друкарскай справы. Іх пераследавалі, кідалі ў астрогі*…

Праз колькі стагоддзяў мы будзем удзячны ім — (Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) — за тое, што яны першымі на (Беларусь) пачалі друкаваць кнігі (Паводле В. Вольскага).

Запішыце выдзеленыя словы ў пачатковай форме, дакажыце, што яны з’яўляюцца назоўнікамі. Вызначце іх марфалагічныя прыметы.
Спішыце апошні абзац тэксту, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс уласных назоўнікаў.
 • Раскрыйце значэнне слова наступнік. Як яно ўтворана?
• Складзіце схему выдзеленага сказа.

Звярніце ўвагу!

Назоўнік у тэкстах адыгрывае вялікую ролю ў дасягненні дакладнасці, інфарматыўнасці і выразнасці маўлення, а без гэтага немагчыма выразіць думку, таму выкарыстанне назоўніка з’яўляецца абавязковай умовай любой маўленчай дзейнасці.

Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў

Праводле значэння і граматычных прымет назоўнікі падзяляюцца на наступныя лексіка-граматычныя разрады: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, зборныя і рэчыўныя; адушаўлёныя і неадушаўлёныя.

Агульныя назоўнікі з’яўляюцца назвамі цэлых класаў аднародных прадметаў, з’яў, паняццяў і г. д.: кніга, снег, сястра, чалавек, радасць, зеляніна.

Уласныя назоўнікі — гэта індывідуальныя назвы, якія вылучаюць прадмет з шэрагу падобных. Да іх адносяцца імёны, прозвішчы, тапанімічныя і астранамічныя назвы, клічкі жывёл (Васіль, Іван Паўлавіч, Якуб Колас, Луцэвіч, Палессе, Беларусь, Азія, Залессе, Марс, Мурка, Пяструха), а таксама назвы прадпрыемстваў, устаноў, розных аб’ектаў, твораў мастацтва, гатункаў тавараў: Мінскі аўтамабільны завод, «Звязда» (выдавецкі дом), «Дынама» (стадыён), «Людзі на балоце» (раман), «Ласунак» (цукеркі).

Агульныя назоўнікі, як правіла, пішуцца з малой літары, а ўласныя — з вялікай. Можа адбывацца пераход уласных назоўнікаў у агульныя (ампер, ом, рэнтген, форд) і агульных ва ўласныя (прозвішчы Бульба, Бурак, Капуста).

Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць назвы прадметаў, аб’ектаў, з’яў і г. д., якія ўспрымаюцца як асобныя рэаліі і якія можна палічыць: пенал, ручка, лес, канал, стол, сонца, год, метр, суткі.

Абстрактныя назоўнікі абазначаюць разнастайныя адцягненыя паняцці, пачуцці, стан, дзеянні і працэсы: радасць, злосць, розум, каханне, цярпенне, бег.

Абстрактныя назоўнікі звычайна ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі, аднак могуць у пэўным кантэксце набываць форму множнага ліку: першыя ўражанні, нечаканыя цяжкасці. Асобныя абстрактныя назоўнікі маюць форму толькі множнага ліку: замаразкі, прыцемкі, агледзіны і інш.

Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных або падобных прадметаў як адно цэлае: лісце, калоссе, вучнёўства, сасоннік, галлё, настаўніцтва. Яны не маюць формы множнага ліку, могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі: многа галля, мала птаства, трохі насення.

Рэчыўныя назоўнікі абазначаюць назвы рэчываў аднароднага саставу: карысныя выкапні, металы, газы (вугаль, жалеза, азон, нафта), лекі і прэпараты (валідол, аспірын), прадукты харчавання (мёд, хлеб, малако, мука, сыр, сок), злакі, травы, ягады, агародныя культуры (авёс, чабор, асот, суніцы, цыбуля, гарох, агрэст), тканіны (сукно, шоўк, паркаль), прыродныя з’явы (снег, град, іней) і інш.

Рэчыўныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі. Такія назоўнікі могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі шмат, мала, трохі, столькі, колькі, некалькі: шмат бульбы, столькі пяску.  Рэчыўныя назоўнікі ў пэўным кантэксце могуць ужывацца ў форме множнага ліку (каляровыя металы, калійныя солі), а некаторыя з іх маюць толькі форму множнага  ліку (апілкі, дрожджы, духі, кансервы).

У склад адушаўлёных назоўнікаў уваходзяць агульныя назвы людзей, жывёл, насякомых (чалавек, дзіця, вавёрка, рыба, кнігаўка, муха), уласныя назвы асоб і жывёл (імёны, прозвішчы, імёны па бацьку, мянушкі, клічкі і пад.), а таксама назвы фантастычных і міфалагічных істот (Зеўс, лесавік, ведзьма, чорт, гном, русалка). Да адушаўлёных адносяцца таксама назвы цацак (лялька, салдацік, мядзведзік), назвы памерлых людзей (нябожчык, тапелец, мярцвяк), назвы шахматных фігур і карт (слон, ферзь, кароль, туз, валет). У складзе адушаўлёных назоўнікаў выдзяляюцца асабовыя, якія з яўляюцца назвамі асоб (брат, настаўнік, арнітолаг).

Неадушаўлёныя назоўнікі — гэта назвы прадметаў, прылад, рэчываў, раслін, з’яў прыроды, абстрактных паняццяў і інш.: трактар, завод, акно, дуб, гай, рамонак, дождж, радасць, сум. Да неадушаўлёных адносяцца назоўнікі вірус, мікроб, бактэрыя, амёба, інфузорыя, а таксама назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў (атрад, натоўп, гурт, табун, статак, моладзь, студэнцтва, вучнёўства). Пры скланенні адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з формай роднага склону (бачу людзей, вучняўняма людзей, вучняў), а неадушаўлёных — з формай назоўнага склону (бачу азёры, горы — успамінаюцца азёры, горы).