Печатать книгуПечатать книгу

§ 0-27. Сістэма часцін мовы. Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 0-27. Сістэма часцін мовы. Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 04:37

Правіла

Часціны мовы — гэта лексіка-граматычныя разрады, якія аб’ядноўваюць словы паводле семантычных, марфалагічных і сінтаксічных прымет. Семантычныя прыметы паказваюць абагульненае значэнне прадмета, дзеяння, якасці і г. д., марфалагічныя — граматычныя катэгорыі, уласцівыя слову, сінтаксічныя — ролю слова ў сказе. У залежнасці ад ступені самастойнасці, сістэмы граматычных катэгорый і форм, характэрных сінтаксічных функцый часціны мовы падзяляюцца на самастойныя і службовыя.

Самастойныя часціны мовы маюць пэўнае самастойнае значэнне, называюць прадметы, прыметы, дзеянні, колькасць або ўказваюць на іх і з’яўляюцца членамі сказа. Да самастойных часцін мовы адносяцца назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў (зменныя) і прыслоўе (нязменнае).

Службовыя часціны мовы — прыназоўнік, злучнік, часціца — не маюць самастойнага лексічнага значэння і не з’яўляюцца членамі сказа (але могуць уваходзіць у іх састаў).

Адметнае становішча ў сістэме часцін мовы займаюць выклічнікі. Яны не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы, бо выражаюць пачуцці і волевыяўленні чалавека, не называючы іх.

Акрамя дзесяці названых традыцыйных часцін мовы, у акадэмічным мовазнаўстве выдзяляюцца яшчэ дзве: безасабова-прэдыкатыўныя і мадальныя словы. Безасабова-прэдыкатыўныя словы (словы катэгорыі стану) называюць стан прыроды ці чалавека і выступаюць у ролі выказніка ў безасабовых сказах: У лесе было хораша і ціха (I. Навуменка). Мадальныя словы перадаюць адносіны таго, хто гаворыць, да зместу выказвання. Яны не змяняюцца, звычайна выконваюць ролю побочных слоў: Свята, здавалася, было яшчэ наперадзе (Я. Сіпакоў).

У першым выданні «Беларускай граматыкі для школ» (1918) Б. Тарашкевіч, выкарыстаў наступныя тэрміны для абазначэння часцін мовы: імя, примета, число, займя, дзеяслоў, прыслоўе, приймя, злуч, кліч. Як відаць, толькі два з гэтых тэрмінаў (дзеяслоў, прыслоўе) захаваліся нязменна да нашага часу.

У 5-м выданні гэтай граматыкі тэрмін імя быў заменены на прадметнік (відавочна, калька з польск. rzeczownik), примета — на прыметнік (магчыма, па аналогіі з польск. przymlotnik, укр. прикметник), число — на лічэбнік, займя — на займеннік, злуч — на злучнік, кліч — на клічнік, уведзены рускі тэрмін прадлог для абазначэння прыназоўніка.

Пазней тэрмін прадметнік быў заменены на назоўнік (ад слова назова, якое шырока бытавала ў розных тэрміналогіях 1920-х гг.), прадлог у сувязі з гэтым быў заменены на прыназоўнік, клічнік — на выклічнік (каб пазбегнуць аманіміі форм: клічнік — знак прыпынку і назва часціны мовы), былі ўведзены тэрміны для абазначэння аддзеяслоўных форм — дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе (калькі з украінскіх адпаведнікаў) — і запазычана рускае слова часціцы (Паводле М. Баханькова).

Практыкаванне № 1

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму і асноўную думку. Назавіце самастойныя і службовыя часціны мовы. Абгрунтуйце, чым вы кіраваліся пры размеркаванні слоў па гэтых групах. Прывядзіце пачатковую форму для слоў кожнай часціны мовы.

Сярод дрэў, што растуць на нашай зямлі, дуб займае самае пачэснае месца. Людзі спакон вякоў, калі хацелі, каб хата стаяла доўга, будавалі яе на дубовых падрубах. Каб студня была надзейная, каб вада ў ёй не цвіла, была заўсёды сцюдзёнай і чыстай, зруб рабіўся таксама з дубовых плашак.

Яго пускалі на самыя шыкоўныя вырабы — шафы і шафкі, канапы і крэслы, ложкі і куфры, на розную драбязу. Дуб быў не падуладны часу; ён не гніў у вадзе, яго не браў шашаль, не шкодзілі яму ні вецер, ні сонца. Ён нібы валодаў цудадзейнай сілай. А колькі казак, паданняў і легендаў хадзіла ў народзе пра неверагодную сілу гэтага дрэва, пра вечную еднасць яго з роднай зямлёй! (Паводле Я. Пархуты).

Растлумачце сэнс выдзеленых слоў.
● Выпішыце сказ, які адпавядае схеме: [   ], (што…).

Практыкаванне № 2

Падрыхтуйце вуснае паведамленне на тэму «Сістэма часцін мовы».  Пры неабходнасці карыстайцеся схемай. Пацвердзіце сваё паведамленне прыкладамі.

Практыкаванне № 3

Прачытайце ўрывак з верша М. Танка «Восень». Знайдзіце ў ім прыклады ўсіх часцін мовы, пакажыце, як яны выкарыстоўваюцца ў тэксце, якую ролю выконваюць для стварэння паэтычнага вобраза восені.

Восень

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

 Падпаліла касцёр, прылягла ў тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь…

 I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзіць з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.
М. Танк.

Выпішыце з тэксту:
а) назоўнік: канкрэтны; м. р., 2-га скл.; у М. скл., адз. л.;
б) прыметнік: прыналежны; поўн. ф.; у м. р., адз. л., Н. скл.;
в) займеннік: асабовы; у В. скл., ж. р., адз. л.;
г) дзеяслоў: звар., незак. тр., І спр.; у абв. л, пр. ч., адз. л., м. р.;
д) дзеепрыметнік: поўн. ф.; зал. ст., зак. тр.; пр. ч., адз. л., м. р., Н. скл.

Выпішыце з тэксту просты сказ, ускладнены аднароднымі выказнікамі і адасобленымі акалічнасцямі. Разбярыце яго па членах сказа.
Раскажыце, якія ўяўленні ў вас выклікае восень (вясна, зіма ці лета).

Практыкаванне № 4

 Прачытайце тэкст, дапаўняючы яго неабходнымі звесткамі.

Назоўнік — часціна мовы, якая называе …, адказвае на пытанні …, адносіцца да … роду (ці не адносіцца ні да якага роду, калі мае форму толькі … ліку), змяняецца па …  (ці мае форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку) і … .

Усе назоўнікі, за выключэннем назоўнікаў, якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, размяркоўваюцца па наступных тыпах скланення: … .

У сказе назоўнік выконвае ролю … члена сказа. Акрамя таго, у сказе ён можа ўжывацца ў ролі … .

Практыкаванне № 5

5. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Якую ролю ў тэксце адыгрываюць назоўнікі?

Сымон Будны — паслядоўнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народных мас. Ён, адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, ведаў польскую, чэшскуюф, італьянскую, лацінскую, грэчаскую і старажытнаяўрэйскую мовы. Але найбольш любіў ён сваю родную мову.

Сымон Будны выступаў у сваіх кнігах супраць рэлігійных догмаў*, заклікаў шанаваць народную мову і мараль, змагацца за свабоднае развіццё навукі і пашырэнне ведаў сярод простых людзей.

Адначасова з ім за некалькі сот кіламетраў ад Нясвіжа працаваў у сваёй друкарні, заснаванай у фальварку* Цяпіна на Віцебшчыне, яшчэ адзін змагар за народную асвету, аднадумец Буднага — Васіль Цяпінскі.

Нялёгка прыходзілася першым асветнікам, пачынальнікам і прадаўжальнікам друкарскай справы. Іх пераследавалі, кідалі ў астрогі*…

Праз колькі стагоддзяў мы будзем удзячны ім — (Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) — за тое, што яны першымі на (Беларусь) пачалі друкаваць кнігі (Паводле В. Вольскага).

Запішыце выдзеленыя словы ў пачатковай форме, дакажыце, што яны з’яўляюцца назоўнікамі. Вызначце іх марфалагічныя прыметы.
Спішыце апошні абзац тэксту, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс уласных назоўнікаў.
 • Раскрыйце значэнне слова наступнік. Як яно ўтворана?
• Складзіце схему выдзеленага сказа.

Звярніце ўвагу!

Назоўнік у тэкстах адыгрывае вялікую ролю ў дасягненні дакладнасці, інфарматыўнасці і выразнасці маўлення, а без гэтага немагчыма выразіць думку, таму выкарыстанне назоўніка з’яўляецца абавязковай умовай любой маўленчай дзейнасці.

Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў

Праводле значэння і граматычных прымет назоўнікі падзяляюцца на наступныя лексіка-граматычныя разрады: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, зборныя і рэчыўныя; адушаўлёныя і неадушаўлёныя.

Агульныя назоўнікі з’яўляюцца назвамі цэлых класаў аднародных прадметаў, з’яў, паняццяў і г. д.: кніга, снег, сястра, чалавек, радасць, зеляніна.

Уласныя назоўнікі — гэта індывідуальныя назвы, якія вылучаюць прадмет з шэрагу падобных. Да іх адносяцца імёны, прозвішчы, тапанімічныя і астранамічныя назвы, клічкі жывёл (Васіль, Іван Паўлавіч, Якуб Колас, Луцэвіч, Палессе, Беларусь, Азія, Залессе, Марс, Мурка, Пяструха), а таксама назвы прадпрыемстваў, устаноў, розных аб’ектаў, твораў мастацтва, гатункаў тавараў: Мінскі аўтамабільны завод, «Звязда» (выдавецкі дом), «Дынама» (стадыён), «Людзі на балоце» (раман), «Ласунак» (цукеркі).

Агульныя назоўнікі, як правіла, пішуцца з малой літары, а ўласныя — з вялікай. Можа адбывацца пераход уласных назоўнікаў у агульныя (ампер, ом, рэнтген, форд) і агульных ва ўласныя (прозвішчы Бульба, Бурак, Капуста).

Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць назвы прадметаў, аб’ектаў, з’яў і г. д., якія ўспрымаюцца як асобныя рэаліі і якія можна палічыць: пенал, ручка, лес, канал, стол, сонца, год, метр, суткі.

Абстрактныя назоўнікі абазначаюць разнастайныя адцягненыя паняцці, пачуцці, стан, дзеянні і працэсы: радасць, злосць, розум, каханне, цярпенне, бег.

Абстрактныя назоўнікі звычайна ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі, аднак могуць у пэўным кантэксце набываць форму множнага ліку: першыя ўражанні, нечаканыя цяжкасці. Асобныя абстрактныя назоўнікі маюць форму толькі множнага ліку: замаразкі, прыцемкі, агледзіны і інш.

Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных або падобных прадметаў як адно цэлае: лісце, калоссе, вучнёўства, сасоннік, галлё, настаўніцтва. Яны не маюць формы множнага ліку, могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі: многа галля, мала птаства, трохі насення.

Рэчыўныя назоўнікі абазначаюць назвы рэчываў аднароднага саставу: карысныя выкапні, металы, газы (вугаль, жалеза, азон, нафта), лекі і прэпараты (валідол, аспірын), прадукты харчавання (мёд, хлеб, малако, мука, сыр, сок), злакі, травы, ягады, агародныя культуры (авёс, чабор, асот, суніцы, цыбуля, гарох, агрэст), тканіны (сукно, шоўк, паркаль), прыродныя з’явы (снег, град, іней) і інш.

Рэчыўныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі. Такія назоўнікі могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі шмат, мала, трохі, столькі, колькі, некалькі: шмат бульбы, столькі пяску.  Рэчыўныя назоўнікі ў пэўным кантэксце могуць ужывацца ў форме множнага ліку (каляровыя металы, калійныя солі), а некаторыя з іх маюць толькі форму множнага  ліку (апілкі, дрожджы, духі, кансервы).

У склад адушаўлёных назоўнікаў уваходзяць агульныя назвы людзей, жывёл, насякомых (чалавек, дзіця, вавёрка, рыба, кнігаўка, муха), уласныя назвы асоб і жывёл (імёны, прозвішчы, імёны па бацьку, мянушкі, клічкі і пад.), а таксама назвы фантастычных і міфалагічных істот (Зеўс, лесавік, ведзьма, чорт, гном, русалка). Да адушаўлёных адносяцца таксама назвы цацак (лялька, салдацік, мядзведзік), назвы памерлых людзей (нябожчык, тапелец, мярцвяк), назвы шахматных фігур і карт (слон, ферзь, кароль, туз, валет). У складзе адушаўлёных назоўнікаў выдзяляюцца асабовыя, якія з яўляюцца назвамі асоб (брат, настаўнік, арнітолаг).

Неадушаўлёныя назоўнікі — гэта назвы прадметаў, прылад, рэчываў, раслін, з’яў прыроды, абстрактных паняццяў і інш.: трактар, завод, акно, дуб, гай, рамонак, дождж, радасць, сум. Да неадушаўлёных адносяцца назоўнікі вірус, мікроб, бактэрыя, амёба, інфузорыя, а таксама назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў (атрад, натоўп, гурт, табун, статак, моладзь, студэнцтва, вучнёўства). Пры скланенні адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з формай роднага склону (бачу людзей, вучняўняма людзей, вучняў), а неадушаўлёных — з формай назоўнага склону (бачу азёры, горы — успамінаюцца азёры, горы).

Практыкаванне № 6

Прачытайце верш. Растлумачце эпіграф, сфармулюйце тэму і асноўную думку тэксту. Дайце лексіка-граматычную характарыстыку назоўнікам.

Перасцярога

Адно з двух: або людзі зробяць так,
што ў паветры стане меней дыму,
або дым зробіць так,
што на Зямлі стане меней людзей.
                                             «Кур’ер ЮНЕСКА»

Прапахла паветра бензінам, саляркаю, газам,
Аж моташна ліпам, каштанам, бярозам і вязам.
Ад сіняга дыму ссыхае сасна за сасною,
Іх рэжуць на дровы і ў шуркі* складаюць вясною.

Даўно пазнікалі з зялёнае паркавай зоны
Дразды, вераб’і, салаўі і вароны.
Закураны пылам прамытыя з раніцы шыбы,
Прапахлі мазутам злінялыя сонныя рыбы.

Пацягне ад комінаў ветрыкам слабым —
І ў сажалцы ўжо захлынаюцца жабы.

Радзеюць гаі, пералескі, прысадысл і пушчы,
І толькі яшчэ чалавек застаецца трывушчы:
Ён дыхае дымам, аглушаны звонам і гудам,
І дзівіцца сам, што трымаецца цудам.

Ён б’е свідравіны, укладвае рэйкі і шпалы:
Што зранку здабыў, таго ўвечары мала.
Ён выграб да рэшты глыбокія нетры,
І чадам прапахлі вада і залётныя ветры.

Мы, людзі, нашчадкам пакінуць павінны
Празрыстую рэчку і спеў салаўіны.
                                                       С. Грахоўскі.

• Выпішыце з верша словазлучэнні «прыметнік + назоўнік».
Абазначце род, лік і склон прыметнікаў.

Практыкаванне № 7

Прачытайце табліцу.
Для якіх стыляў характэрна найбольш частае ўжыванне назоўнікаў?
Якія функцыі выконваюць назоўнікі ў розных стылях?

Стылістычная роля назоўнікаў у тэксце

Навуковы Назоўнік выконвае інфарматыўную функцыю, называючы прадметы жывой і нежывой прыроды, якія ўяўляюць сабой аб’екты навуковых даследаванняў, працэсы, што адбываюцца ў прыродзе і абумоўлены вытворчай дзейнасцю чалавека, вынікі гэтай дзейнасці і г. д.
Афіцыйны Характэрна шырокае выкарыстанне назоўнікаў, бо змест такіх тэкстаў патрабуе пераліку мноства дэталей.
Публіцыетычны Пры перадачы інфармацыі ў такіх жанрах, як нататка, рэпартаж, інтэрв’ю і інш., ужыванне назоўнікаў з’яўляецца натуральнай і заканамернай з’явай. Пры стварэнні вобразнасці, эмацыянальнасці, экспрэсіўнасці ў эсэ, навелах абстрактныя назоўнікі становяцца моцнай крыніцай маўленчай экспрэсіі.
Мастацкі Назоўнік выконвае эстэтычную функцыю. Пры дапамозе канкрэтных назоўнікаў дасягаецца структурна-семантычная цэласнасць тэксту. У паэтычнай мове абстрактныя аддзеяслоўныя назоўнікі набываюць адценне ўрачыстасці, узнёсласці.
Гутарковы 3 мэтай перадачы эмацыянальнасці, экспрэсіўнасці, ацэначнай рэакцыі шырока выкарыстоўваюцца назоўнікі, што адносяцца да лексікі абмежаванага ўжывання, словы з ацэначным і эмацыянальным адценнямі значэння, назоўнікі ў ролі звароткаў. У гутарковым маўленні назоўнікі часта замяняюцца займеннікамі.

 Складзіце дыялог на тэму «Выступленне на навуковай канферэнцыі».
Вызначце стыль маўлення.
Назоўнікі якіх лексічных груп пераважаюць у тэксце?

Практыкаванне № 8

Прачытайце тэкст з даведніка «Беларуская міфалогія». Да якога стылю ён адносіцца? Якую ролю ў ім адыгрываюць назоўнікі розных разрадаў?

Вадзяні́к, вадзяны́, вадзяны́ дзед, ві́рнік, аму́тнік, ціхо́ня — дух, увасабленне разбуральнай, варожай чалавеку стыхіі вады ў выглядзе міфічнага гаспадара канкрэтнага вадаёма. Паводле ўяўлення беларусаў, вадзянік меў выгляд старога сярэдняга росту з доўгай кліністай барадою, гладкай, ільснянай скурай і перапонкамі паміж пальцамі на нагах, што сімвалізавала яго сувязь з воднай стыхіяй. У забагненыхсл азёрах мог уяўляць гарбатага і барадатага старога з нагамі і хвастом, як у каровы.

Будучы агрэсіўным у дачыненні да людзей, вадзянік мог «забіраць» тых, хто купаецца (асабліва апоўдні і апоўначы, на Купаллеф ці Іллю — у перыяды найбольшай актыўнасці вадзяніка), тапіць чоўны, ламаць вадзяныя млыны. Аднак вадзянік мог быць удзячным чалавеку, калі той, напрыклад, укінуў яго з сушы ў ваду. Тады вадзянік усяляк спрыяў ва ўсіх справах, звязаных з вадой, асабліва ў рыбалцы. Каб заручыцца падтрымкай вадзяніка, трэба было заключыць з ім хаўрус. Асабліва паслугамі вадзяніка карысталіся млынары, якія ў якасці ахвяры кідалі ў плаціну млына жывую курыцу або закідвалі пад першы лёд сала ці сцягно свінні.

Кожны вадаём меў свайго вадзяніка, магутнасць якога залежала ад памераў ракі або возера.сн У тым выпадку, калі вадаёмы штучна злучалі, вадзянікі гінулі (Паводле У. Лобача).

Выпішыце з тэксту ў асобныя групы адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі. Абгрунтуйце сваю думку. Вызначце сярод адушаўлёных назоўнікаў  асабовыя.
 Якое слова з тэксту мае значэнне ‘саюз, садружнасць’.
• Выпішыце з тэксту аднакаранёвыя словы. Зрабіце іх марфемны разбор.
Прачытайце верш М. Багдановіча «Вадзянік». Якія разрады назоўнікаў аўтар ужывае ў гэтым творы? Якія часціны мовы дапамагаюць аўтару стварыць вобраз вадзяніка?
Разгледзьце малюнак В. В. Есавуленка. Апішыце вадзяніка, выкарыстоўваючы малюнак, апісанне вадзяніка з тэксту і верша М. Багдановіча.

Практыкаванне № 9

Прачытайце тэксты.
Ці можна сказаць, што яны аб’яднаны адной тэмай?
Вызначце, да якога стылю  і тыпу маўлення адносяцца тэксты.
Раскажыце пра асаблівасці выкарыстання ў іх назоўнікаў.

I. Слова — радасць, слова — чары,
Вобраз вечна юных вёсен!
Ёсць ты ўсюды: у сонцы, у хмары,
Ты глядзіш праз неба просінь.

Лашчыш слых мой, слова-ззянне,
Атуляеш сэрца ласкай.сн
Ноч і вечар, дзень, світанне
Абняло ты, слова-краска!
                           Я. Колас.

II. Верш Якуба Коласа падобны да прахалоднай р..чной плыні звонкі дасканалы напеўны по..ны чараў. Верш(зварот) да сам..га Слова, панегірык гэтаму слову размова са Словам сам(насам). Спакойная ўпэўнен..асць дасканаласці ра..квечаныя (н..)сціханай любо..ю жывыя вершаваныя ра..кі туга пер..плеценыя перавітыя а..мысловым рытмам падобным да біц..я с..рца. Рыфмы наніз..ваюцца адна на адну па..парадкоўваючыся ўладнай волі творцы рыфмы чару..ць вып..ваюць патаемныя чары — ад сам..й гэтай зямлі.

Сёння, як і пяцьдзясят, і сто гадоў таму, і заўжды нязменна важнае Слова. Сваё, адзінае, роднае Слова, уласная музыка — у свеце, поўным чужароднага шуму. Важна прайсці шлях да Слова, знайсці яго ўнутры ўласнай душы, і там — выспеліць, узгадаваць, захаваць (М. Латышкевіч).

Спішыце першы абзац другога тэксту, раскрываючы дужкі, устаўляючы прапушчаныя літары і знакі прыпынку.
Растлумачце напісанне арфаграм і пастаноўку пунктаграм.
Абгрунтуйце напісанне назоўніка
Слова з вялікай літары.
• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў вершы.

• Назавіце словы, якія ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку.