§ 0-27. Сістэма часцін мовы. Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

Практыкаванне № 3

Прачытайце ўрывак з верша М. Танка «Восень». Знайдзіце ў ім прыклады ўсіх часцін мовы, пакажыце, як яны выкарыстоўваюцца ў тэксце, якую ролю выконваюць для стварэння паэтычнага вобраза восені.

Восень

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

 Падпаліла касцёр, прылягла ў тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь…

 I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзіць з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.
М. Танк.

Выпішыце з тэксту:
а) назоўнік: канкрэтны; м. р., 2-га скл.; у М. скл., адз. л.;
б) прыметнік: прыналежны; поўн. ф.; у м. р., адз. л., Н. скл.;
в) займеннік: асабовы; у В. скл., ж. р., адз. л.;
г) дзеяслоў: звар., незак. тр., І спр.; у абв. л, пр. ч., адз. л., м. р.;
д) дзеепрыметнік: поўн. ф.; зал. ст., зак. тр.; пр. ч., адз. л., м. р., Н. скл.

Выпішыце з тэксту просты сказ, ускладнены аднароднымі выказнікамі і адасобленымі акалічнасцямі. Разбярыце яго па членах сказа.
Раскажыце, якія ўяўленні ў вас выклікае восень (вясна, зіма ці лета).