ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Фантастычная аповесць
Аўтабіяграфізм і дакументалізм
Фантастычная аповесць
Фантастычная аповесць — мастацкі твор пра незвычайныя здарэнні, якія супярэчаць рэчаіснасці. |
Фантастычнае, выдуманае прысутнічала ў літаратуры спрадвеку, але звычайна ў якасці дапаможнага сюжэтнага элементу, і толькі ў ХХ стагоддзі фантастыка стала мастацкім метадам (пачала ажыццяўляць сюжэтастваральную функцыю). Таму навукоўцы вылучаюць фантастыку як прыём і фантастыку як метад.
Фантастыка мае два напрамкі: навуковая фантастыка (узаемадзеянні «цывілізацыя і прырода», «чалавек і тэхніка») і фэнтэзі (ствараецца свет, існаванне якога немагчыма ў рэальнасці).
У 1920-я гады творы з займальным сюжэтам былі досыць папулярныя ў беларускай літаратуры, што спрыяла і цікавасці да фантастыкі (Янка Маўр). З цягам часу ў беларускім літаратурным працэсе фантастычная аповесць стала адным з жанраў дзіцячай і юнацкай літаратуры. Яна звычайна характарызуецца простай зразумелай мовай, інтрыгуючым сюжэтам і высакародным героем.
Сукупнасць беларускіх фантастычных твораў адрозніваецца ад агульнаеўрапейскай фантастыкі большай цікавасцю да антыўтопіі, якая прадстаўлена ўсімі сваімі жанрава-відавымі формамі: экатопія (экалагічная ўтопія, постапакаліптыка: «Апошняя пастараль» Алеся Адамовіча, «Блуканні па іншасвеце» Янкі Сіпакова); кіберпанк (узаемасувязь тэхнічнага ўздыму і сацыяльнай будовы грамадства адлюстроўваецца ў наступных творах: «Перакрыжаванне-777» Раісы Баравіковай, «Сістэма Баслі» Уладзіміра Клімовіча, «Сальта над алюмніевым лесам», «Стальныя арлы», «Кроў і восень» Андрэя Паўлухіна); класічная антыўтопія, якая падзяляецца на ўхронію (парушэнне ў творы часава-прасторавай мадэлі дзеля звароту да нацыянальнай праблематыкі: «Ахвяра» Алеся Асташонка, «Музыка» Васіля Быкава, «Смута» Андрэя Федарэнкі) і практопію (стварэнне аптымальнай сацыяльнай мадэлі ў творах «Памылка Малой Галактыкі» Раісы Баравіковай, «Мурашкі» Васіля Быкава). |
У сучаснай літаратуры навуковую фантастыку пішуць Андрэй Паўлухін, Алесь Бычкоўскі, Серж Мінскевіч, а фэнтэзі — Раіса Баравікова, Анатоль Казлоў, Людміла Рублеўская, Марыя Шамякіна (унучка Івана Шамякіна), Аляксей Шэін і інш.
Навукоўцы гавораць. Адметнасцю беларускай мастацкай футуралогіі1 выступае яе існаванне на мяжы навуковай, сацыяльнай і псіхалагічнай тэматык, што звязана з крызісам навукова-фантастычнага жанру ў сусветнай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя і развіццём «новай хвалі» фантастыкі, галоўная роля ў якой пачала адводзіцца не навуковай ідэі, а спецыфіцы ўнутранага і знешняга свету персанажа (Паводле Марыны Аммон).. |
_______________________________
1 Мастáцкая футурало́гія — тут: сукупнасць мастацкіх фантастычных тэкстаў.