Печатать книгуПечатать книгу

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Фантастычная аповесць

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Фантастычная аповесць
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 22 Ноябрь 2024, 02:48

Аўтабіяграфізм і дакументалізм

Фантастычная аповесць

Фантастычная аповесць — мастацкі твор пра незвычайныя здарэнні, якія супярэчаць рэчаіснасці. 

Фантастычнае, выдуманае прысутнічала ў літаратуры спрадвеку, але звычайна ў якасці дапаможнага сюжэтнага элементу, і толькі ў ХХ стагоддзі фантастыка стала мастацкім метадам (пачала ажыццяўляць сюжэтастваральную функцыю). Таму навукоўцы вылучаюць фантастыку як прыём і фантастыку як метад.

Фантастыка мае два напрамкі: навуковая фантастыка (узаемадзеянні «цывілізацыя і прырода», «чалавек і тэхніка») і фэнтэзі (ствараецца свет, існаванне якога немагчыма ў рэальнасці). 

У 1920-я гады творы з займальным сюжэтам былі досыць папулярныя ў беларускай літаратуры, што спрыяла і цікавасці да фантастыкі (Янка Маўр). З цягам часу ў беларускім літаратурным працэсе фантастычная аповесць стала адным з жанраў дзіцячай і юнацкай літаратуры. Яна звычайна характарызуецца простай зразумелай мовай, інтрыгуючым сюжэтам і высакародным героем.

Сукупнасць беларускіх фантастычных твораў адрозніваецца ад агульнаеўрапейскай фантастыкі большай цікавасцю да антыўтопіі, якая прадстаўлена ўсімі сваімі жанрава-відавымі формамі:

экатопія (экалагічная ўтопія, постапакаліптыка: «Апошняя пастараль» Алеся Адамовіча, «Блуканні па іншасвеце» Янкі Сіпакова);

кіберпанк (узаемасувязь тэхнічнага ўздыму і сацыяльнай будовы грамадства адлюстроўваецца ў наступных творах: «Перакрыжаванне-777» Раісы Баравіковай, «Сістэма Баслі» Уладзіміра Клімовіча, «Сальта над алюмніевым лесам», «Стальныя арлы», «Кроў і восень» Андрэя Паўлухіна);

класічная антыўтопія, якая падзяляецца на ўхронію (парушэнне ў творы часава-прасторавай мадэлі дзеля звароту да нацыянальнай праблематыкі: «Ахвяра» Алеся Асташонка, «Музыка» Васіля Быкава, «Смута» Андрэя Федарэнкі) і практопію (стварэнне аптымальнай сацыяльнай мадэлі ў творах «Памылка Малой Галактыкі» Раісы Баравіковай, «Мурашкі» Васіля Быкава). 

У сучаснай літаратуры навуковую фантастыку пішуць Андрэй Паўлухін, Алесь Бычкоўскі, Серж Мінскевіч, а фэнтэзі — Раіса Баравікова, Анатоль Казлоў, Людміла Рублеўская, Марыя Шамякіна (унучка Івана Шамякіна), Аляксей Шэін і інш.

Навукоўцы гавораць. Адметнасцю беларускай мастацкай футуралогіі1 выступае яе існаванне на мяжы навуковай, сацыяльнай і псіхалагічнай тэматык, што звязана з крызісам навукова-фантастычнага жанру ў сусветнай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя і развіццём «новай хвалі» фантастыкі, галоўная роля ў якой пачала адводзіцца не навуковай ідэі, а спецыфіцы ўнутранага і знешняга свету персанажа (Паводле Марыны Аммон)..

 _______________________________

1 Мастáцкая футурало́гія — тут: сукупнасць мастацкіх фантастычных тэкстаў.

Пытанні

1. Як ставіліся да літаратуры з займальным сюжэтам у 1920-х гадах у беларускім літаратурным працэсе?
Чаму? 
2. Чым навуковая фантастыка адрозніваецца ад фэнтэзі? 
3. Чаму фантастычная аповесць стала жанрам найперш дзіцячай літаратуры? 
4. Прыдумайце ўласны фэнтэзійны сусвет.
Як ён будзе выглядаць?
На якой ступені развіцця цывілізацыі знаходзіцца?
Якія там будуць героі і антыгероі?
Якая плануецца місія галоўнага героя?