§ 1-23. Сінонімы, іх роля ў маўленні. Сінанімічны рад. Слоўнікі сінонімаў. Выкарыстанне сінонімаў як сродку выразнасці ў тэкстах мастацкага стылю

Практыкаванне 11

Прачытайце тэкст. Складзіце яго план, перакажыце змест з апорай на план.

Сінонімы — словы і выразы, якія маюць блізкае ці аднолькавае значэнне, але гучаць і пішуцца па-рознаму: бадзёры, жыццярадасны, аптымістычны, энергічны. Хоць словы-сінонімы маюць агульнае значэнне, яны абавязкова нечым адрозніваюцца. У залежнасці ад характару адрознення сінонімы падзяляюцца на:

1) сэнсавыя (семантычныя) — сінонімы, якія адрозніваюцца сэнсавымі адценнямі значэнняў: рашуча катэгарычна (мае больш высокую ступень праяўлення якасці); статак, чарада (калі гавораць пра кароў), табун (пра коней), касяк (пра рыб), зграя (пра ваўкоў);

2) стылістычныя — сінонімы, якія адрозніваюцца стылістычнай афарбоўкай: у групе сінонімаў лёс, доля, наканаванасць, планіда першыя два — агульнаўжывальныя, а два апошнія маюць адценне кніжнасці, узвышанасці. У якасці сінонімаў да  агульнаўжывальных слоў могуць выступаць запазычаныя (абыякавасцьапатычнасць), дыялектныя (бусел — бацян), спецыяльныя (падмурак — фундамент), устарэлыя (лакей — лёкай, чарніла — атрамант), жаргонныя (сустрэцца — перасячыся) словы;

3) сэнсава-стылістычныя (семантыка-стылістычныя) — адрозніваюцца сэнсам і стылістычнай афарбоўкай: скардзіцца — ныць, хныкаць; хадзіць — совацца, шлындаць, швэндацца; ісці — плесціся, сунуцца;

4) кантэкстуальныя (аўтарскія) — словы, якія не маюць агульнага значэння, але ў пэўным кантэксце збліжаюцца сэнсава: Рашучасць, з якой выходзіў з дому, слабела. Яна мякчэла, сціхала, нікла (Ф. Янкоўскі). Толькі ў гэтым кантэксце выдзеленыя словы з’яўляюцца сінонімамі, перадаюць агульнае значэнне ‘паступовае знікненне рашучасці’;

5) абсалютныя (дублеты) — словы, паміж якімі няма ніякага адрознення: мовазнаўства — лінгвістыка, правапіс — арфаграфія.

Да аднаго і таго ж слова можна падабраць некалькі сінонімаў. Пры гэтым у якасці сінонімаў могуць выступаць не толькі лексічныя адзінкі, але і фразеалагізмы, перыфразы*. Група слоў, аб’яднаных агульным значэннем, утварае сінанімічны рад: праца — работа, дзейнасць; палёгка — уступка, ільгота, прывілея; многа — шмат, багата, нямала, безліч, процьма, без ліку, да чорта, хоць заваліся, хоць гаць гаці. Існуюць сінанімічныя рады, якія ўключаюць некалькі дзясяткаў слоў.

У кожным сінанімічным радзе вылучаецца адно слова, якое перадае агульнае для ўсіх значэнне, выкарыстоўваецца часцей за іншыя і не мае дадатковых адценняў. Такое слова называецца дамінантай, яно ў сінанімічным радзе стаіць на першым месцы, з’яўляецца агульнаўжывальным, стылістычна нейтральным. Так, у сінанімічным радзе памагчы, падтрымаць, падсабіць, падаць руку ролю дамінанты выконвае першае слова.