§ 0-23. Лексічнае і граматычнае значэнне слова. Прамое і пераноснае значэнне слова. Шляхі ўзнікнення і тыпы пераноснага значэння

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Запішыце азначэнні адназначных і мнагазначных слоў, прамога і пераноснага значэнняў.

Словы могуць мець адно або некалькі лексічных значэнняў. Адпаведна выдзяляюцца адназначныя і мнагазначныя словы.

Адназначныя словы — гэта словы, якія маюць адно лексічнае значэнне. Такіх слоў у мове не многа, напрыклад, загаловак — назва кнігі, часопіса, артыкула і г. д.; весяліцца — весела праводзіць час; безвыніковы — які не дае патрэбных, жаданых вынікаў. Як правіла, адно значэнне маюць уласныя назвы (Венера, Нёман, Паставы), навуковыя тэрміны (вадарод, прыметнік, дзеяслоў), назвы жывых істот і раслін (шчупак, сініца, жыта, палын) і некаторыя іншыя. Адназначныя словы маюць толькі прамыя значэнні. Прамое значэнне слова — гэта такое значэнне, з якім слова ўзнікла (г. зн. зыходнае, першапачатковае).

Мнагазначныя словы маюць некалькі лексічных значэнняў: велічны — 1) поўны велічы, урачыстасці; грандыёзны (велічны помнік, велічны гімн); 2) важны, горды; поўны ўласнай годнасці (велічная пастава). Адно з іх — асноўнае, прамое, на ім засноўваюцца ўсе  наступныя значэнні, таму значэнні мнагазначнага слова блізкія паміж сабой. Напрыклад, слова архіў мае першаснае, прамое значэнне ‘ўстанова, у якой зберагаюцца, сістэматызуюцца і аспісваюцца помнікі мінулага’. Гэта ж слова выкарыстоўваецца і тады, калі гавораць пра збор лістоў, рукапісаў, фотаздымкаў, якія маюць адносіны да пэўнай установы ці асобы (ваенны архіў, рукапісны архіў Янкі Купалы).

Мнагазначнасць у лінгвістычнай літаратуры называюць полісеміяй (ад грэч. poly — многа і sema — знак). Яна ўзнікае тады, калі прымета, што ляжыць у аснове пэўнай з’явы жыцця, становіцца ўласцівай і іншай з’яве. Тады адбываецца перанос назвы на другі прадмет (дзеянне, з’яву, прымету). Пераноснае значэнне — другаснае, якое ўзнікла на аснове прамога значэння слова пры яго пераносе на іншы прадмет, з’яву, дзеянне ці прымету.