§ 0-23. Лексічнае і граматычнае значэнне слова. Прамое і пераноснае значэнне слова. Шляхі ўзнікнення і тыпы пераноснага значэння

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. 

Лексіка — гэта 1) сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад (лексіка беларускай мовы); 2) слоўнікавы запас канкрэтнага чалавека (у Васіля багатая лексіка), асобнага твора (лексіка паэмы «Сымон-музыка»), пэўнай сферы дзейнасці (тэрміналагічная лексіка).

Слова — гэта асноўная адзінка мовы, што складаецца з гука або комплексу гукаў, за якім замацавана пэўнае значэнне і які служыць сродкам маўленчых зносін. Словы выкарыстоўваюцца як гатовыя моўныя адзінкі, г. зн. яны не ствараюцца кожны раз, калі мы хочам выказаць нейкую думку.

Не любое спалучэнне гукаў можна назваць словам. Напрыклад, спалучэнні смар, гамарук, чапылгін нельга лічыць словамі, бо яны не нясуць ніякага значэння. Значэнне слова — гэта ўнутраны змест слова, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці. Яго называюць лексічным значэннем слова, яно з’яўляецца індывідуальным. Аднак слова па граматычных законах мовы можа ўступаць у розныя адносіны з іншымі словамі. Значэнне, уласцівае слову як часціне мовы, называецца граматычным. Яно перадае розныя формы (склону, ліку, роду, асобы і інш.).

Службовыя словы не маюць самастойнага лексічнага значэння, іх значэнне выяўляецца толькі ў спалучэнні з самастойнымі часцінамі мовы: ісці ў лес, толькі прыйшоў, сядзець на лаўцы.

Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту. Адкажыце на іх.