Печатать книгуПечатать книгу

§ 0-23. Лексічнае і граматычнае значэнне слова. Прамое і пераноснае значэнне слова. Шляхі ўзнікнення і тыпы пераноснага значэння

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 0-23. Лексічнае і граматычнае значэнне слова. Прамое і пераноснае значэнне слова. Шляхі ўзнікнення і тыпы пераноснага значэння
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 05:26

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. 

Лексіка — гэта 1) сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад (лексіка беларускай мовы); 2) слоўнікавы запас канкрэтнага чалавека (у Васіля багатая лексіка), асобнага твора (лексіка паэмы «Сымон-музыка»), пэўнай сферы дзейнасці (тэрміналагічная лексіка).

Слова — гэта асноўная адзінка мовы, што складаецца з гука або комплексу гукаў, за якім замацавана пэўнае значэнне і які служыць сродкам маўленчых зносін. Словы выкарыстоўваюцца як гатовыя моўныя адзінкі, г. зн. яны не ствараюцца кожны раз, калі мы хочам выказаць нейкую думку.

Не любое спалучэнне гукаў можна назваць словам. Напрыклад, спалучэнні смар, гамарук, чапылгін нельга лічыць словамі, бо яны не нясуць ніякага значэння. Значэнне слова — гэта ўнутраны змест слова, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці. Яго называюць лексічным значэннем слова, яно з’яўляецца індывідуальным. Аднак слова па граматычных законах мовы можа ўступаць у розныя адносіны з іншымі словамі. Значэнне, уласцівае слову як часціне мовы, называецца граматычным. Яно перадае розныя формы (склону, ліку, роду, асобы і інш.).

Службовыя словы не маюць самастойнага лексічнага значэння, іх значэнне выяўляецца толькі ў спалучэнні з самастойнымі часцінамі мовы: ісці ў лес, толькі прыйшоў, сядзець на лаўцы.

Задайце ўдакладняльныя пытанні па змесце тэксту. Адкажыце на іх.

Правіла

У мнагазначных слоў выдзяляюцца прамое і пераноснае значэнні.

Прямое (асноўнае) значэнне непасрэдна суадносіцца з аб’ектыўнай рэальнасцю.

Пераноснае значэнне — другаснае, якое ўзнікла на аснове прамога значэння пры яго пераносе на іншы прадмет, з’яву, дзеянне ці прымету. У залежнасці ад таго, на якой падставе адбываецца такі перанос, выдзяляюцца тры асноўныя тыпы ўзнікнення новых лексічных значэнняў: метафара, метанімія, сінекдаха.

Усе словы, якія ўжываюцца ў пераносным значэнні, з’яўляюцца мнагазначнымі.

Практыкаванне 2

Запішыце словы, якія адпавядаюць прыведзеным лексічным значэнням. Назавіце іх граматычныя значэнні.

1. Сшытакф або запісная кніжка з адрыўнымі лістамі для нататак.
2. У мінулым годзе, год таму назад.
3. Шматгадовая травяністая расліна з прадаўгаватымі лістамі і дробнымі белымі пахучымі кветкамі ў форме званочкаў.
4. Утварэнне слоў у мове, а таксама спосаб такога ўтварэння.
5. Прыбор, які паказвае хуткасць руху транспартных сродкаў.
6. Натуральны выхад падземныхс вод на паверхню зямлі.

Д л я   д а в е д к і: словаўтварэнне, крыніца, блакнот, летась, спідометр, ландыш.

Практыкаванне 3

Устанавіце адпаведнасць паміж назвамі раслін, звязанымі з іх лекавымі ўласцівасцямі, і характарыстыкамі гэтых раслін, пададзенымі Э. Ажэшка у нарысах«Людзі і кветкі над Нёманам»:

1) падгруднік

2) горлінец

3) чарнобуль

4) станоўнік

а) пасля ўжывання «ставіць на ногі» хворага чалавека; ужываюць ад болю страўніка

б) ад такога вялікага болю, што «ажно чорна робіцца ў вачах»

в) ад гарлавога болю

г) ужываецца супраць болю пад грудзьмі

Прывядзіце ўласныя прыклады назваў раслін, у якіх выяўляецца назіральнасць беларусаў.

● Зрабіце словаўтваральны разбор слоў — назваў раслін.

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Запішыце азначэнні адназначных і мнагазначных слоў, прамога і пераноснага значэнняў.

Словы могуць мець адно або некалькі лексічных значэнняў. Адпаведна выдзяляюцца адназначныя і мнагазначныя словы.

Адназначныя словы — гэта словы, якія маюць адно лексічнае значэнне. Такіх слоў у мове не многа, напрыклад, загаловак — назва кнігі, часопіса, артыкула і г. д.; весяліцца — весела праводзіць час; безвыніковы — які не дае патрэбных, жаданых вынікаў. Як правіла, адно значэнне маюць уласныя назвы (Венера, Нёман, Паставы), навуковыя тэрміны (вадарод, прыметнік, дзеяслоў), назвы жывых істот і раслін (шчупак, сініца, жыта, палын) і некаторыя іншыя. Адназначныя словы маюць толькі прамыя значэнні. Прамое значэнне слова — гэта такое значэнне, з якім слова ўзнікла (г. зн. зыходнае, першапачатковае).

Мнагазначныя словы маюць некалькі лексічных значэнняў: велічны — 1) поўны велічы, урачыстасці; грандыёзны (велічны помнік, велічны гімн); 2) важны, горды; поўны ўласнай годнасці (велічная пастава). Адно з іх — асноўнае, прамое, на ім засноўваюцца ўсе  наступныя значэнні, таму значэнні мнагазначнага слова блізкія паміж сабой. Напрыклад, слова архіў мае першаснае, прамое значэнне ‘ўстанова, у якой зберагаюцца, сістэматызуюцца і аспісваюцца помнікі мінулага’. Гэта ж слова выкарыстоўваецца і тады, калі гавораць пра збор лістоў, рукапісаў, фотаздымкаў, якія маюць адносіны да пэўнай установы ці асобы (ваенны архіў, рукапісны архіў Янкі Купалы).

Мнагазначнасць у лінгвістычнай літаратуры называюць полісеміяй (ад грэч. poly — многа і sema — знак). Яна ўзнікае тады, калі прымета, што ляжыць у аснове пэўнай з’явы жыцця, становіцца ўласцівай і іншай з’яве. Тады адбываецца перанос назвы на другі прадмет (дзеянне, з’яву, прымету). Пераноснае значэнне — другаснае, якое ўзнікла на аснове прамога значэння слова пры яго пераносе на іншы прадмет, з’яву, дзеянне ці прымету.

Практыкаванне 5

Вызначце, якія з выдзеленых слоў ужыты ў пераносным значэнні. 

Арэна цырка — міжнародная арэна;

галава калоны — галава яшчаркі;

цяжкі кош — цяжкія думы;

круты паварот — круты характар;

снежная лавіналавіна людзей.

Практыкаванне 6

Прачытайце замалёўку Ф. Янкоўскага «У рэдакцыі». З якім значэннем ужываецца ў ёй слова зялёны? Раскрыйце сэнс выразаў з гэтым словам.

— Ну, чаму вы так вінаваціце ўсіх? Нібыта ў выдавецтвах, у рэдакцыях  сядзяць толькі нядобрыя людзі, адны толькі непрыяцелі?

 — Добра вам: вашым рукапісам зялёная вуліца.

— А якую, скажыце, вуліцу даваць рукапісам «зялёным»? (Паводле Ф. Янкоўскага).

 Растлумачце напісанне прыстаўкі не- (ня-) у словах.

Практыкаванне 7

Прачытайце табліцу.
Раскажыце пра ўзнікненне новых лексічных значэнняў на аснове пераносу.

Тыпы пераносу Падставы для пераносу Прыклады
Метафара Перанос паводле падабенства:
  1. па форме;
  2. па колеры;
  3. па месцы знаходжання
  1. малы носік — носік чайніка;
  2. залатая манета — залатая пшаніца;
  3. хвост жывёлы — хвост калоны
Метанімія Перанос паводле сумежнасці:
  1. з матэрыялу — на выраб з яго;
  2. з памяшкання — на тых, хто ў ім знаходзіцца;
  3. з дзеяння — на яго вынік;
  4. з імя аўтара — на яго твор ці творы;
  5. з пэўнай уласцівасці — на таго, хто ёю валодае
  1. здабыча золата — на руцэ дзяўчыны шмат золата;
  2. новая школа — уся школа выйшла на ўрачыстую лінейку;
  3. рабіць пераклад — удалы пераклад;
  4. вершы Янкі Купалы — чытаць Янку Купалу;
  5. мець прыгожы тэнар — спяваў тэнар
Сінекдаха Перанос паводле колькасных адносін:
  1. з назвы часткі — на цэлае;
  2. з назвы цэлага — на частку
  1. закрыць рот — у сям’і пяць ратоў;
  2. пасадзіць вішню — з’есці вішню

Практыкаванне 8

Вызначце, на аснове чаго ўзнік перанос назвы.

Серп месяца; крыло самалёта; залатое жыта; лясы багаты птушкай; чытаць Мележа; спяваў барытон; праверыць дыктант; рэзаць алмазам; смачныя слівы; у статку 15 галоў.

Практыкаванне 9

Выпішыце сказы, у якіх ужыты словы з пераносным значэннем. Падкрэсліце гэтыя словы. 

1. Ведала: будзе непрыемная, цяжкаяф гаворка, але гатова была да яе (Паводле І. Мележа).
2. Яго гарачая, вострая прамова, бачыў Башлыкоў, хвалявала, даходзіла (І. Мележ).
3. Ганна туліла да грудзей спавітае дзіця, хіліла да яго чарнявую галаву (І. Мележ).
4. Можа, гэта аб’явіўся той гарачы, зялёны хлопец, якім ён быў некалісл (І. Мележ).
5. Людзей залатых атрымалі вы (І. Мележ).
6. Робяць! А ты — не лезь! Марнуй час залаты (І. Мележ).
7. Маня і потым, калі гаварыць ужо не было чаго, стаяла, маўчала, пакуль Хадоська першая не пайшла ў бакоўку (І. Мележ).

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Выпішыце сказы з «перанесенымі» тапонімамі*, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары. Пастаўце неабходныя знакі прыпынку. Растлумачце, на аснове чаго ўзнік перанос назвы ў кожным выпадку.

Перанесеныя назвы

Цікавыя мікратапонімы запісаны намі ў гарадскім пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Дз(?)ве часткі пасёлка маюць даволі (не)чака(н/нн)ыя наймен..і —  Шанхай і Куба. Такія тапонімы называюцца перанесенымі, да таго ж яны маюць іранічны падтэкст. Узнікне(н/нн)е першай назвы Шанхай тлумачыцца тым што (г)эты раён (з)даўна быў (густа)населе(н/нн)ым. Што ж да наймен..я Куба то яно звязана з а..даленас(?)цю гэтага раёна ў параўнан..і з іншымі са знаходжан..ем яго на ў(з/с)краіне пасёлка.

Гомельскія старажылы таксама памятаюць найменні, якія мы назвалі перанесенымі. (Паўночна)ўсходняя ў(з/с)краіна Гомеля цяпер гэта раён грузавога порта (у/ў)канцы ХІХ — пачатку ХХ стаго..дзя называлася Каўказ. На стромых адхонах рвоў (адсюль, верагодна, і назва) у невялікіх хацінах жылі рыбакі, лодачнікі, рамеснікі. Паміж чыгункай, ва..залам і коннай плошчай цяпер — цэнтральны гара(дс/ц)кі рынак разм..шчалася яшчэ адна ў(з/с)краіна старога Гомеля — Амерыка. Жылі тут шаўцы, краўцы, сталяры, бляхары, кушняры, цырульнікі, рамізнікі, чырванадрэўшчыкі, нават жывапісцы. У 10- 20-я гады ХХ стагоддзя некаторыя сем’і адсюль ад’язджалі ў Амерыку, іх двары сталі называць «прахаднымі», бо яны былі пустымі, безгаспадарнымі. Гэта дае магчымасць без цяжкасці зразумець узнікненне назвы Амерыка (Паводле А. Рогалева).

 Чаму аўтар сцвярджае, што беларускія тапонімы Шанхай, Куба маюць іранічны падтэкст? Назавіце вядомыя вам «перанесеныя» тапонімы.

 Растлумачце, чым займаюцца (займаліся) шаўцы, краўцы, бляхары, кушняры, цырульнікі, рамізнікі, чырванадрэўшчыкі.

 Знайдзіце ў тэксце сінонім да слова назва, зрабіце яго словаўтваральны разбор.

● Выпішыце з тэксту словы: а) з фанетычным падаўжэннем зычных; б) з марфалагічным падваеннем.