* Гіём Апалінэр
Біяграфія
Польская даследчыца Юлія Хартвіг згадвае, што лірыку Гіёма Апалінэра сілкавалі дзве крыніцы: пошук любові і прага містыфікацыі. Гэта ўласцівасць яго творчасці абрасла такімі легендамі, што нават салідныя энцыклапедыі суправаджалі імя паэта паметай Mystificateur — містыфікатар. |
Гіём Апалінэр — пісьменнік, крытык, мастак-графік. Яго дзед, Міхал Апалінары Кастравіцкі, быў родам з Беларусі. Праз удзел (разам з братам Ка́ралем) у паўстанні 1863—1864 гадоў ён вымушана эміграваў, бо быў асуджаны на высылку ў Сібір. Праз гады ўнук Міхала Кастравіцкага Гіём возьме за псеўданім другое дзедава імя — Апалінэр. Караль жа Кастравіцкі трапіў на Поўнач, дзе ў яго нарадзіўся сын Казімір — будучы беларускі паэт і мастак Карусь Каганец.
Карусь Каганец — Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі — беларускі паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906). Распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта. Аўтар папулярнага вадэвіля «Модны шляхцюк», які стаў адным з першых у рэпертуары беларускага тэатра. |
Гіём Апалінэр (Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінары Вонж-Кастравіцкі) нарадзіўся 26 жніўня 1880 года ў Італіі, у Рыме. Напачатку жыў з маці, пасля дзядзька (бацьку Вільгельм так ніколі і не ўбачыў) уладкаваў хлопчыка ў манастырскую школу ў Манака, дзе ён хутка стаў адным з лепшых вучняў. Пазней Вільгельм Кастравіцкі вучыўся ў каледжах Канаў і Ніцы, аднак вымушаны быў перапыняць вучобу, калі маці не ўдавалася дастаць грошы на працяг навучання.
Пасля пераезду ў Парыж Гіём Апалінэр зарабляў, працуючы ў банку, быў хатнім настаўнікам. Пэўны час жыў на Рэйне, дзе з’явіўся яго паэтычны цыкл «Рэйнскія вершы». Вярнуўшыся, падаўся ў раманістыку і журналістыку. Некаторыя творы пісаў за іншых аўтараў, а пэўны час з поспехам друкаваў вершы ад імя выдуманай ім паэткі Луізы Лалан.
Вядомае нам сёння імя — Гіём Апалінэр — з’явілася на старонках друку толькі ў 1902 годзе ў сатырычным штотыднёвіку «Табарын». Пазней паэт заснаваў некалькі часопісаў (напрыклад, «Свята Эзопа»), а ў 1911 годзе выйшаў першы яго паэтычны зборнік «Бестыярый, або Картэж Арфея». Як рэдактар і крытык Апалінэр выступаў у выданнях «Парыжская газета», «Парыжскія вечары». Менавіта ў «Вечарах» ён заўзята абараняў новыя напрамкі ў мастацтве. Удзельнічаў у мастакоўскай суполцы «Манпарнас», з якой выйшлі сусветна вядомыя авангардысты — мастакі Пабла Пікаса, Марк Шагал, Анры Русо, паэт Андрэ Брэтон, пісьменнік, кінасцэнарыст, рэжысёр Жан Както.
Доўгія гады ў Апалінэра, класіка французскай літаратуры, не было французскага грамадзянства — ён жыў у Парыжы як замежнік. Жаданы пашпарт паэт атрымаў толькі пасля дабравольнага ўдзелу ў Першай сусветнай вайне на баку французскай арміі і ранення. Ён служыў сувязным паміж пяхотай і артылерыяй — за 80 метраў ад варожых акопаў. Пісаў з фронту сваім каханым, сябрам і знаёмым доўгія лісты (прычым нават калі яму не адказвалі), каб захаваць здольнасць да творчасці. Сучаснікі ўспаміналі, што гэты тонкі лірык, сутыкнуўшыся з нечалавечымі ўмовамі вайны, на здзіўленне многіх, аказаўся моцным і мужным салдатам.
Мастакі любілі пісаць Гіёма: у таго быў антычны профіль, яго часта параўноўвалі то з Цэзарам, то з Вергіліем. Перад Першай сусветнай вайной, у 1914 годзе, сябар паэта мастак Джорджа дэ Кірыко стварыў палатно «Партрэт Гіёма. Чалавек-мішэнь». На другім плане, на цёмным профілі Апалінэра — на скроні — сапраўды намалявана мішэнь. Праз некалькі месяцаў у час Першай сусветнай вайны паэт быў паранены менавіта ў гэта месца. Перанёс трэпанацыю, цяжка і доўга аднаўляўся ў шпіталі. Але працягнуў пісаць. . |
Большасць твораў паэта была апублікавана жонкай паэта Жаклін Кольб, калі яго не стала. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, або Картэж Арфея» (1911), зборнікі вершаў 1898—1913 гадоў у 1913-м, «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918).
На беларускую мову творы Апалінэра перакладалі Эдзі Агняцвет, Алесь Асташонак, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Макс Шчур.
Уклад у развіццё літаратуры 1. Ідэйна-эстэтычныя пошукі паэта далі штуршок развіццю французскай, а затым і сусветнай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Напачатку Гіём Апалінэр прыйшоў у літаратуру як прыхільнік традыцыйнай паэзіі, выдатны распрацоўшчык тэмы кахання. Пры гэтым менавіта ён адным з першых у 1917 годзе ўжыў тэрмін сюррэалізм1, пазначыўшы гэтым словам новае мастацтва, якое стала адказам на выклікі абсурднага свету. 2. На аснове знаёмства з работамі мастакоў-кубістаў паэт распрацаваў прынцыпы новага мастацтва (зараз мы яго называем мадэрнісцкім), якое было заснавана на разуменні схаваных інтуітыўных сэнсаў, а не апісанні знешняга інтэлектуальна-лагічнага вобраза. Такім чынам, паэт удзельнічаў у фарміраванні асноў мадэрнізму, на глебе якога вырасла футурыстычнае, абстрактнае, канцэптуальнае мастацтва, а таксама дадаізм, поп-арт і інш. 3. Праз пільную ўвагу да ўзаемнай адпаведнасці сэнсу і формы Апалінэр лічыў, што фармальная граматыка і законы вершаскладання перашкаджаюць творцу самавыяўляцца. Таму многія яго творы былі пазбаўлены знакаў прыпынку — і гэта з часам стала папулярна ў еўрапейскай паэзіі. Імкнучыся наблізіць сэнс лірычнага твора да чытача, Апалінэр выкарыстаў традыцыі «візуальнай лірыкі», «фігурнага верша» — каліграмы. У беларускай літаратуры пачынальнікам візуальнай паэзіі можна лічыць Сімяона Полацкага. |
_________________
1 Сюррэалісты́чнае светаба́чанне — гэта адлюстраванне «больш чым рэальнасці», або вобразнае спалучэнне сну і рэчаіснасці ў выяўленчым мастацтве ці літаратурным творы.