* Гіём Апалінэр
![]() |
1. На які час прыпадае пачатак творчасці Цёткі, Вацлава Ластоўскага, Змітрака Бядулі, Якуба Коласа і Янкі Купалы? 2. У чым адрозненне рэалістычнага і мадэрнісцкага напрамкаў у мастацтве? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | * Гіём Апалінэр |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 21 Апрель 2025, 02:55 |
Біяграфія
![]() |
Польская даследчыца Юлія Хартвіг згадвае, што лірыку Гіёма Апалінэра сілкавалі дзве крыніцы: пошук любові і прага містыфікацыі. Гэта ўласцівасць яго творчасці абрасла такімі легендамі, што нават салідныя энцыклапедыі суправаджалі імя паэта паметай Mystificateur — містыфікатар. |
Гіём Апалінэр — пісьменнік, крытык, мастак-графік. Яго дзед, Міхал Апалінары Кастравіцкі, быў родам з Беларусі. Праз удзел (разам з братам Ка́ралем) у паўстанні 1863—1864 гадоў ён вымушана эміграваў, бо быў асуджаны на высылку ў Сібір. Праз гады ўнук Міхала Кастравіцкага Гіём возьме за псеўданім другое дзедава імя — Апалінэр. Караль жа Кастравіцкі трапіў на Поўнач, дзе ў яго нарадзіўся сын Казімір — будучы беларускі паэт і мастак Карусь Каганец.
|
Гіём Апалінэр (Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінары Вонж-Кастравіцкі) нарадзіўся 26 жніўня 1880 года ў Італіі, у Рыме. Напачатку жыў з маці, пасля дзядзька (бацьку Вільгельм так ніколі і не ўбачыў) уладкаваў хлопчыка ў манастырскую школу ў Манака, дзе ён хутка стаў адным з лепшых вучняў. Пазней Вільгельм Кастравіцкі вучыўся ў каледжах Канаў і Ніцы, аднак вымушаны быў перапыняць вучобу, калі маці не ўдавалася дастаць грошы на працяг навучання.
Пасля пераезду ў Парыж Гіём Апалінэр зарабляў, працуючы ў банку, быў хатнім настаўнікам. Пэўны час жыў на Рэйне, дзе з’явіўся яго паэтычны цыкл «Рэйнскія вершы». Вярнуўшыся, падаўся ў раманістыку і журналістыку. Некаторыя творы пісаў за іншых аўтараў, а пэўны час з поспехам друкаваў вершы ад імя выдуманай ім паэткі Луізы Лалан.
Вядомае нам сёння імя — Гіём Апалінэр — з’явілася на старонках друку толькі ў 1902 годзе ў сатырычным штотыднёвіку «Табарын». Пазней паэт заснаваў некалькі часопісаў (напрыклад, «Свята Эзопа»), а ў 1911 годзе выйшаў першы яго паэтычны зборнік «Бестыярый, або Картэж Арфея». Як рэдактар і крытык Апалінэр выступаў у выданнях «Парыжская газета», «Парыжскія вечары». Менавіта ў «Вечарах» ён заўзята абараняў новыя напрамкі ў мастацтве. Удзельнічаў у мастакоўскай суполцы «Манпарнас», з якой выйшлі сусветна вядомыя авангардысты — мастакі Пабла Пікаса, Марк Шагал, Анры Русо, паэт Андрэ Брэтон, пісьменнік, кінасцэнарыст, рэжысёр Жан Както.
Доўгія гады ў Апалінэра, класіка французскай літаратуры, не было французскага грамадзянства — ён жыў у Парыжы як замежнік. Жаданы пашпарт паэт атрымаў толькі пасля дабравольнага ўдзелу ў Першай сусветнай вайне на баку французскай арміі і ранення. Ён служыў сувязным паміж пяхотай і артылерыяй — за 80 метраў ад варожых акопаў. Пісаў з фронту сваім каханым, сябрам і знаёмым доўгія лісты (прычым нават калі яму не адказвалі), каб захаваць здольнасць да творчасці. Сучаснікі ўспаміналі, што гэты тонкі лірык, сутыкнуўшыся з нечалавечымі ўмовамі вайны, на здзіўленне многіх, аказаўся моцным і мужным салдатам.
|
Большасць твораў паэта была апублікавана жонкай паэта Жаклін Кольб, калі яго не стала. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, або Картэж Арфея» (1911), зборнікі вершаў 1898—1913 гадоў у 1913-м, «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918).
На беларускую мову творы Апалінэра перакладалі Эдзі Агняцвет, Алесь Асташонак, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Макс Шчур.
Уклад у развіццё літаратуры 1. Ідэйна-эстэтычныя пошукі паэта далі штуршок развіццю французскай, а затым і сусветнай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Напачатку Гіём Апалінэр прыйшоў у літаратуру як прыхільнік традыцыйнай паэзіі, выдатны распрацоўшчык тэмы кахання. Пры гэтым менавіта ён адным з першых у 1917 годзе ўжыў тэрмін сюррэалізм1, пазначыўшы гэтым словам новае мастацтва, якое стала адказам на выклікі абсурднага свету. 2. На аснове знаёмства з работамі мастакоў-кубістаў паэт распрацаваў прынцыпы новага мастацтва (зараз мы яго называем мадэрнісцкім), якое было заснавана на разуменні схаваных інтуітыўных сэнсаў, а не апісанні знешняга інтэлектуальна-лагічнага вобраза. Такім чынам, паэт удзельнічаў у фарміраванні асноў мадэрнізму, на глебе якога вырасла футурыстычнае, абстрактнае, канцэптуальнае мастацтва, а таксама дадаізм, поп-арт і інш. 3. Праз пільную ўвагу да ўзаемнай адпаведнасці сэнсу і формы Апалінэр лічыў, што фармальная граматыка і законы вершаскладання перашкаджаюць творцу самавыяўляцца. Таму многія яго творы былі пазбаўлены знакаў прыпынку — і гэта з часам стала папулярна ў еўрапейскай паэзіі. Імкнучыся наблізіць сэнс лірычнага твора да чытача, Апалінэр выкарыстаў традыцыі «візуальнай лірыкі», «фігурнага верша» — каліграмы. У беларускай літаратуры пачынальнікам візуальнай паэзіі можна лічыць Сімяона Полацкага. |
_________________
1 Сюррэалісты́чнае светаба́чанне — гэта адлюстраванне «больш чым рэальнасці», або вобразнае спалучэнне сну і рэчаіснасці ў выяўленчым мастацтве ці літаратурным творы.
Пытанні
![]() |
1. Правядзіце конкурс на хуткасць пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Знайдзіце сувязь паміж імем Гіёма Апалінэра і сенсацыйнай публікацыяй «Джаконда знойдзена» ў газеце «Маленькі парыжанін» 1913 года. |
2. Пачынальнікам якіх літаратурных напрамкаў можна назваць Гіёма Апалінэра? | |
![]() |
3. Знайдзіце ў інтэрнэце карціны Васіля Паленава і Сальвадора Далі. Назавіце тры прынцыповыя адрозненні ў паказе рэчаіснасці ў рэалізме і сюррэалізме, параўнаўшы іх. |
4. Назавіце асаблівасці лірычных твораў паэта паводле тэматыкі і формы прадстаўлення чытачу. |