Апавяданне «Бондар»
Апавяданне «Бондар»
Эвалюцыя творчасці Змітрака Бядулі ішла паралельна з усёй літаратурай: калі фарміраваліся малая проза, апавяданне, потым аповесць і раман, у Змітрака Бядулі з’яўляліся абразкі і імпрэсіі (зборнік «Абразкі»), затым навелы і апавяданні (зборнік «Дэлегатка»), аповесці («Салавей»), а пазней і раман («Язэп Крушынскі»). Абразкі, імпрэсіі і навелы Змітрака Бядулі далі падмурак для станаўлення беларускага апавядання, а пасля — і аповесці, і рамана.
Абразок — замалёўка са слаба разгорнутым сюжэтам або бессюжэтная, у якой узмоцнены вобразна-экспрэсіўны пачатак, паяднаны змест выказвання і настраёвасць. |
__________ |
__________ |
Змітрок Бядуля прыйшоў у слоўнае мастацтва падчас станаўлення новай беларускай літаратуры, якая вялікімі тэмпамі наганяла страчанае ў двухсотгадовай адсутнасці друку на роднай мове. Нацыянальная адметнасць беларускага слова нараджалася не толькі з фальклорнай спадчыны, але з творчага ўзаемадзеяння з суседнімі літаратурамі. У гэтых працэсах сваімі творамі актыўна ўдзельнічаў Змітрок Бядуля.
Апавяданне «Бондар»1 з’явілася ў 1920 годзе ў газеце «Беларусь». У ім выявіўся талент Бядулі-апавядальніка. У творы спалучыліся лірычны пачатак (напрыклад, рытмізаваная паралельная структура сказаў, шчодрасць на выяўленчыя сродкі) і эпічная форма (напрыклад, строгае следаванне структуры сюжэта).
Трэба адзначыць сцісласць тэксту, якая надае твору рысы прыпавесці. Пісьменнік строга адабраў і захаваў толькі тыя элементы гісторыі, без якіх немагчыма перадаць яе трагізм. Кожная частка, абзац, сказ, слова працуюць на выяўленне задумы, ідэі.
Гэта апавяданне не толькі пра бондарства, але пра мастацтва і мастака. Пра ахвярнасць, якой патрабуе высокае майстэрства; апантанасць, без якой немагчыма развіць талент; сэнс жыцця, што бачыцца ў выяўленні прыгажосці. Пра супрацьстаянне звычайнасці, будзённасці і натхнення, хараства.
Змітрок Бядуля прымушае чытача задумацца аб прызначэнні мастацтва ў жыцці чалавека, аб тым, што «краса і ёсць той спажытак дзеля душы» (Максім Багдановіч), што жыццё без прыгажосці бывае няпоўным. Момант, калі бондар прыступае да работы, аўтар апісвае так: «Цуд пачынаецца». У гэтым імкненні сцвердзіць не ўтылітарны, а духоўны сэнс мастацтва пісьменнік блізкі да Максіма Багдановіча («Апокрыф») і Якуба Коласа («Сымон-музыка»), якія ўвасобілі тэму мастака і мастацтва ў творах пра музы´ку.
Твор «Бондар» — гэта аповед пра не зразуметага ў высокіх памкненнях чалавека, якога не зламала абыякавасць аднавяскоўцаў, і адначасова наіўнага чалавека, што паверыў у асаблівую чуйнасць да хараства мясцовай пані. Яе чэрствасць і абыякавасць, пагарда да высілкаў бондара асабліва моцна ранілі прафесійную годнасць Данілы, абразілі яго. Пра гэта сведчыць такая мастацкая дэталь — народны ўмелец нават пагрэбаваў узяць грошы за работу. Гэты драматычны момант абгрунтаваны з псіхалагічнага пункту гледжання, аўтар рыхтуе да яго чытача ад пачатку апавядання, кантрасна супастаўляючы апісанне радасці, захаплення ад творчасці і ўтылітарна-побытавы погляд эстэтычна неразвітых людзей на вынікі гэтай творчасці.
Навакольны свет чакае ад бондара практычнай карысці — зручнага, лёгкага, якаснага посуду. Суседзяў Данілы і пані мала цікавіць багатае духоўнае жыццё майстра. Бондар жа засяроджаны на сваім унутраным адчуванні жыцця і прыгажосці, ён пакутуе, што яго душэўныя парыванні да «чыстай красы», імкненне да мастацкай дасканаласці не запатрабаваны.
У творы паказана вясковая рэчаіснасць, пры гэтым мова пісьменніка-інтэлігента літаратурная — адшліфаваная, як бондаравы вырабы. Талент Бядулі выявіўся ў гранічна дакладным адборы слоў, у абсалютнай дарэчнасці словаўжывання, у невычэрпнасці сэнсавых адценняў, якія перадаюцца трапнымі эпітэтамі, яркімі параўнаннямі, народнай фразеалогіяй, багатай сінаніміяй і антаніміяй. У творах, падобных да гэтага, фарміраваліся асновы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, таму мова апавядання і сёння ўспрымаецца як сучасная.
Літаратурныя сувязі. Тэмай мастака і мастацтва апавяданне Змітрака Бядулі «Бондар» блізкае да яго ранейшых твораў «Велікодныя яйкі», «Музыка», да паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», што была напісана ў 1911—1925 гадах. Іх аб’ядноўвае галоўны герой — таленавіты, адораны ад прыроды просты чалавек. |
______________________
1 Бо´ндар — чалавек, які займаецца вырабам ёмістасцей і посуду з дрэва.