Апавяданне «Бондар»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Апавяданне «Бондар» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 20 Апрель 2025, 23:28 |
Апавяданне «Бондар»
Эвалюцыя творчасці Змітрака Бядулі ішла паралельна з усёй літаратурай: калі фарміраваліся малая проза, апавяданне, потым аповесць і раман, у Змітрака Бядулі з’яўляліся абразкі і імпрэсіі (зборнік «Абразкі»), затым навелы і апавяданні (зборнік «Дэлегатка»), аповесці («Салавей»), а пазней і раман («Язэп Крушынскі»). Абразкі, імпрэсіі і навелы Змітрака Бядулі далі падмурак для станаўлення беларускага апавядання, а пасля — і аповесці, і рамана.
Абразок — замалёўка са слаба разгорнутым сюжэтам або бессюжэтная, у якой узмоцнены вобразна-экспрэсіўны пачатак, паяднаны змест выказвання і настраёвасць. |
__________ |
__________ |
Змітрок Бядуля прыйшоў у слоўнае мастацтва падчас станаўлення новай беларускай літаратуры, якая вялікімі тэмпамі наганяла страчанае ў двухсотгадовай адсутнасці друку на роднай мове. Нацыянальная адметнасць беларускага слова нараджалася не толькі з фальклорнай спадчыны, але з творчага ўзаемадзеяння з суседнімі літаратурамі. У гэтых працэсах сваімі творамі актыўна ўдзельнічаў Змітрок Бядуля.
Апавяданне «Бондар»1 з’явілася ў 1920 годзе ў газеце «Беларусь». У ім выявіўся талент Бядулі-апавядальніка. У творы спалучыліся лірычны пачатак (напрыклад, рытмізаваная паралельная структура сказаў, шчодрасць на выяўленчыя сродкі) і эпічная форма (напрыклад, строгае следаванне структуры сюжэта).
Трэба адзначыць сцісласць тэксту, якая надае твору рысы прыпавесці. Пісьменнік строга адабраў і захаваў толькі тыя элементы гісторыі, без якіх немагчыма перадаць яе трагізм. Кожная частка, абзац, сказ, слова працуюць на выяўленне задумы, ідэі.
Гэта апавяданне не толькі пра бондарства, але пра мастацтва і мастака. Пра ахвярнасць, якой патрабуе высокае майстэрства; апантанасць, без якой немагчыма развіць талент; сэнс жыцця, што бачыцца ў выяўленні прыгажосці. Пра супрацьстаянне звычайнасці, будзённасці і натхнення, хараства.
Змітрок Бядуля прымушае чытача задумацца аб прызначэнні мастацтва ў жыцці чалавека, аб тым, што «краса і ёсць той спажытак дзеля душы» (Максім Багдановіч), што жыццё без прыгажосці бывае няпоўным. Момант, калі бондар прыступае да работы, аўтар апісвае так: «Цуд пачынаецца». У гэтым імкненні сцвердзіць не ўтылітарны, а духоўны сэнс мастацтва пісьменнік блізкі да Максіма Багдановіча («Апокрыф») і Якуба Коласа («Сымон-музыка»), якія ўвасобілі тэму мастака і мастацтва ў творах пра музы´ку.
Твор «Бондар» — гэта аповед пра не зразуметага ў высокіх памкненнях чалавека, якога не зламала абыякавасць аднавяскоўцаў, і адначасова наіўнага чалавека, што паверыў у асаблівую чуйнасць да хараства мясцовай пані. Яе чэрствасць і абыякавасць, пагарда да высілкаў бондара асабліва моцна ранілі прафесійную годнасць Данілы, абразілі яго. Пра гэта сведчыць такая мастацкая дэталь — народны ўмелец нават пагрэбаваў узяць грошы за работу. Гэты драматычны момант абгрунтаваны з псіхалагічнага пункту гледжання, аўтар рыхтуе да яго чытача ад пачатку апавядання, кантрасна супастаўляючы апісанне радасці, захаплення ад творчасці і ўтылітарна-побытавы погляд эстэтычна неразвітых людзей на вынікі гэтай творчасці.
Навакольны свет чакае ад бондара практычнай карысці — зручнага, лёгкага, якаснага посуду. Суседзяў Данілы і пані мала цікавіць багатае духоўнае жыццё майстра. Бондар жа засяроджаны на сваім унутраным адчуванні жыцця і прыгажосці, ён пакутуе, што яго душэўныя парыванні да «чыстай красы», імкненне да мастацкай дасканаласці не запатрабаваны.
У творы паказана вясковая рэчаіснасць, пры гэтым мова пісьменніка-інтэлігента літаратурная — адшліфаваная, як бондаравы вырабы. Талент Бядулі выявіўся ў гранічна дакладным адборы слоў, у абсалютнай дарэчнасці словаўжывання, у невычэрпнасці сэнсавых адценняў, якія перадаюцца трапнымі эпітэтамі, яркімі параўнаннямі, народнай фразеалогіяй, багатай сінаніміяй і антаніміяй. У творах, падобных да гэтага, фарміраваліся асновы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, таму мова апавядання і сёння ўспрымаецца як сучасная.
|
______________________
1 Бо´ндар — чалавек, які займаецца вырабам ёмістасцей і посуду з дрэва.
Пытанні
1. Якую назву вы далі б твору Змітрака Бядулі «Бондар»? | |
2. Разгледзьце афішу студэнцкага тэатра. Якія яе элементы дакладна адпавядаюць зместу твора? Як вы ўяўляеце галоўнага героя? |
|
3. Сфармулюйце тэму і галоўныя праблемы, узнятыя ў апавяданні. | |
![]() |
4. Складзіце кластар «Сувязь вобраза Данілы з іншымі персанажамі». Пракаментуйце, якія адносіны звязваюць герояў. |
5. Падумайце, як аўтар ставіцца да адоранасці, таленту: як да падарунка лёсу або як да выпрабавання. Абгрунтуйце вашу думку. |
|
![]() |
6. Выберыце найбольш дакладныя характарыстыкі мовы пісьменніка ў апавяданні «Бондар»: 1) апрацаваная літаратурная; 2) вусна-размоўная; 3) багатая на дэталі; 4) ускладненая аднароднымі членамі сказа; 5) упрыгожаная складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі. Абгрунтуйце свой выбар прыкладамі з тэксту. |
7. Якая, на вашу думку, мараль апавядання «Бондар»? | |
8. Чаму вяскоўцы ставіліся да майстра насцярожана? | |
9. Карыстаючыся алгарытмам аналізу празаічнага твора, раскажыце пра апавяданне «Бондар». Зверце адказ з прапанаваным ніжэй прыкладам аналізу. З якімі пунктамі вы згодны? Якія варта дапоўніць? |