* Аповесць «Дзве душы»

Аповесць «Дзве душы»

Максім Гарэцкі паказаў, як у вырашальныя моманты гісторыі грамадскае жыццё пераплятаецца з асабістым і прыватным.

Ігнат Абдзіраловіч знаходзіцца ў сітуацыі палітычнага і маральнага выбару: з аднаго боку, ён разумее ўсю сацыяльную несправядлівасць, але тыя гвалтоўныя метады, якімі змагаюцца рэвалюцыянеры, яму не блізкія. Так, Гаршчок і Гарэлік, напіўшыся, выхваляліся тым, як забівалі людзей у мэтах рэвалюцыі. У выніку Абдзіраловіч разышоўся і з камуністамі, і з нацыянальнай інтэлігенцыяй. А Васіль, які пачаў жыццё пастухом і стаў у выніку рабочым, якраз падтрымаў хуткія сацыяльныя пераўтварэнні.

Навукоўцы гавораць. «Наяўнасць “дзвюх душ” — не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складанасць яго пазнання. <…> Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з’яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса» (Віктар Каваленка).

Героі-адраджэнцы былі вельмі розныя. Радыкальны Сухавей, для якога мэта вышэй за сродкі, які не кіруецца гуманізмам ва ўчынках, — экстрэміст, адарваны ад народа. Натхнёная Ірына Сакавічанка лічыла, што праца на ніве беларускага адраджэння патрабуе поўнай аддачы і што рэвалюцыя не час для кахання. Больш узважана да справы падыходзіў Мікола Канцавы. Ён меркаваў, што ў адраджэнні да нацыянальных пытанняў трэба далучыць сацыяльныя і арыентавацца не толькі на сялян, але і на мяшчан.

У філасофска-псіхалагічнай аповесці «Дзве душы» Максім Гарэцкі спрабаваў выпрацоўваць і паглыбляць нацыянальна-адраджэнскую канцэпцыю. Ён шукаў прычыны палітычнай абыякавасці беларусаў у барацьбе за пабудову нацыянальнай дзяржавы. Пісьменнік спрабаваў растлумачыць, як сялянскі фаталізм, залішняя паслухмянасць прывялі да фарміравання грамадскай пасіўнасці.

Літаратурныя сувязі. «Ваенныя творы М. Гарэцкага былі заўважаныя крытыкай за мяжой, напрыклад, у ГДР — Т. Н. Браран (Н. Рандаў). Па антываенным пафасе апавяданні “Генерал” і “Рускі” параўноўваюцца крытыкай з творамі В. Быкава “Мёртвым не баліць” і “Адна ноч”; аповесць “На імперыялістычнай вайне” — з ваеннымі творамі Э. М. Рэмарка, А. Барбюса, Ж. Дзюамеля. <…> Апавяданне “Літоўскі хутарок” і аповесць “На імперыялістычнай вайне” аказалі ўплыў на В. Быкава, таксама як лаканічнасць формы і нервовая дваістасць герояў былі блізкія М. Стральцову» (Таццяна Багарадава).