Апавяданне «Літоўскі хутарок»

Чалавек і абставіны ў творы

Галоўным ідэйна-сэнсавым цэнтрам апавядання, паводле літаратуразнаўца Міхася Мушынскага, з’яўляецца сюжэтная калізія пра згвалтаванне Монці.

Гэта падзея паказала, наколькі людзі бездапаможныя перад жахлівымі абставінамі. Цнатлівая, выхаваная ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, Монця ўжо ніколі не зможа быць ранейшай. Яна знайшла падтрымку ў маці і святара, але пачала сумнявацца ў сваёй веры, калі казала пра тое, што лепей бы ёй памерці, чым перажыць такія катаванні, што яна не хоча магчымае дзіця: «Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна. — А калі не будзе дзіва? Не магу я маліцца і жыць не хачу».

Максім Гарэцкі свядома ўвёў у твор згадку пра Боскае заступніцтва за нявінных ахвяр, на той момант ён лічыў, што няшчасныя людзі павінны знайсці ўратаванне на зямлі, а не на небе. І маці, і святар успрынялі здарэнне з Монцяй як жахлівае, але нібыта абстрактнае выпрабаванне, хоць у гвалце заўжды вінаваты гвалтаўнік. Максім Гарэцкі падкрэсліваў віну чалавека за злачынствы, забойствы і разбурэнні.

Літаратурныя сувязі. Апавяданне «Літоўскі хутарок» і аповесць «На імперыялістычнай вайне» аказалі ўплыў на Васіля Быкава, таксама, як лаканічнасць формы і нервовая дваістасць герояў былі блізкія Міхасю Стральцову (Паводле Таццяны Багарадавай).