Апавяданне «Літоўскі хутарок»
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Апавяданне «Літоўскі хутарок» |
Printed by: | Guest user |
Date: | Monday, 11 November 2024, 12:14 AM |
Аўтабіяграфічнасць апавядання
У апавяданні «Літоўскі хутарок» (1915) расказваецца пра падзеі Першай сусветнай вайны і раскрываецца яе антычалавечная сутнасць на прыкладзе сям’і Яна Шымкунаса.
Максім Гарэцкі быў удзельнікам ваенных дзеянняў і, у адрозненне ад некаторых пісьменнікаў-сучаснікаў (напрыклад, італьянскіх або расійскіх футурыстаў), якія цынічна апявалі вайну, разумеў яе як найвялікшую трагедыю, пасля якой існаванне чалавека і дзяржавы не можа быць ранейшым. Апавяданне стала ўзорам сацыяльна-псіхалагічнай прозы.
Пры гэтым пісьменніку вайна была важная не толькі як тэма твораў. Ён, відавочна, разважаў пра тое, як трэба пісаць пра яе, якая роля пісьменнікаў у стварэнні вобраза вайны і яе ўдзельнікаў. У аглядавай працы «Беларуская літаратура пасля “Нашае нівы”» (1928) Максім Гарэцкі пісаў: «Дагэтуль не даследавана пытанне, як беларускія паэты і пісьменнікі прынялі імперыялістычную вайну. А ў сувязі з гэтым пытаннем цікава было б прасачыць у сусветнай гісторыі літаратуры, як наогул уплывае на літаратурную творчасць вайна, рэвалюцыя і ўсякая вялікая катастрофа ў жыцці людзей»1.
Асабістыя ваенныя ўражанні Максіма Гарэцкага несумненна давалі яму матэрыял для творчасці. Але праца пісьменніка-інтэлектуала якраз і заключалася ў тым, каб ад апісальнасці і сюжэтнасці ўзняцца да асэнсавання вайны і яе значэння для беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, чые жыцці закраналіся ваеннымі падзеямі і чые дзяржаўныя і нацыянальныя інтарэсы не бараніліся.
____________
1 Праз 4 гады пасля смерці Гарэцкага яго ідэю пра супастаўленне ўсіх твораў пра вайну рэалізаваў Эрнэст Хэмінгуэй у анталогіі «Людзі на вайне» (1942), прыйшоўшы да гэтай думкі незалежна ад беларускага аўтара.
Трагізм лёсу герояў
У апавяданні пісьменнік паказаў, як Першая сусветная паўплывала на жыцці мірных жыхароў, ён адлюстраваў жах і бруд вайны, якая перамалола лёсы ні ў чым не вінаватых людзей. На ціхім хутары жыла сям’я Шымкунасаў: Ян, яго жонка Даміцэля, дочкі Монця і Ядвіська. Сыны Шымкунаса пайшлі ў вялікі свет: Блажыс служыў апошні год у войску, а Дамянік працаваў у шахтах.
Спачатку гаспадару не верылася, што вайна зачэпіць іх хутар: «Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога». Паціху прыходзіла хваляванне за сваю гаспадарку, якая карміла сям’ю: «Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя — і спаляць».
У хуткім часе высветлілася, што ў цэнтры баявых дзеянняў і нейтралітэт немагчымы, і ветлівая камунікацыя з салдатамі не гарантуе спакою: «Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць».
Сыходзілі расійскія салдаты, пачыналася кайзераўская акупацыя. У выніку гаспадарка Яна Шымкунаса амаль знішчана, жонка аслепла, сын Блажыс паранены, дачку Монцю згвалцілі ворагі.
Расійскае войска наступала, але потым зноў сыходзіла, і хутар чакала кароткая перадышка, каб у чарговы раз чарговае войска прыйшло і абрабавала, прынізіла, знішчыла людзей і маёмасць.
Антываенная скіраванасць твора
Праз жыццё маленькага хутара пісьменнік паказаў разбуральнае дзеянне вайны, калі не працуюць законы, калі няма праўды. Паводле Максіма Гарэцкага, вайна — гэта вялікая катастрофа, пасля якой ніхто не зможа застацца ранейшым: ні ўдзельнікі франтавых падзей, ні жыхары акупаваных тэрыторый.
Вайна знішчыла ў людзях індывідуальнае, асабістае, яны ўсе пераўтварыліся ў функцыі: вайскоўцы бачыліся як безаблічныя фігуркі, безыменных забітых за ногі скідвалі ў брацкія магілы, а мірныя жыхары разглядаліся як бясплатная крыніца ежы і рэчаў. А калі ў людзях не бачыць асоб, то і павагі да іх няма, і іх жыццё абясцэньваецца.
Чалавек страчвае кантроль над сваім жыццём і робіцца ахвярай сітуацыі. Таму напрыканцы твора жыхары хутара адчувалі сябе «як пакінутыя на загубу»: без перспектывы, без будучыні.
Навукоўцы гавораць. «У заслугу маладому пісьменніку трэба паставіць і тое, што ён ці не адным з першых у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя закрануў надзвычай актуальную і палітычна вострую тэму — прэтэнзіі акупантаў на нацыянальную выключнасць» (Міхась Мушынскі. «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі»). |
Максім Гарэцкі зафіксаваў расісцкія погляды германскіх салдат і афіцэраў, паказаўшы, што яны лічылі мясцовае насельніцтва «заняпалым народам», а сваю культуру — вышэйшай.
Чалавек і абставіны ў творы
Галоўным ідэйна-сэнсавым цэнтрам апавядання, паводле літаратуразнаўца Міхася Мушынскага, з’яўляецца сюжэтная калізія пра згвалтаванне Монці.
Гэта падзея паказала, наколькі людзі бездапаможныя перад жахлівымі абставінамі. Цнатлівая, выхаваная ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, Монця ўжо ніколі не зможа быць ранейшай. Яна знайшла падтрымку ў маці і святара, але пачала сумнявацца ў сваёй веры, калі казала пра тое, што лепей бы ёй памерці, чым перажыць такія катаванні, што яна не хоча магчымае дзіця: «Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна. — А калі не будзе дзіва? Не магу я маліцца і жыць не хачу».
Максім Гарэцкі свядома ўвёў у твор згадку пра Боскае заступніцтва за нявінных ахвяр, на той момант ён лічыў, што няшчасныя людзі павінны знайсці ўратаванне на зямлі, а не на небе. І маці, і святар успрынялі здарэнне з Монцяй як жахлівае, але нібыта абстрактнае выпрабаванне, хоць у гвалце заўжды вінаваты гвалтаўнік. Максім Гарэцкі падкрэсліваў віну чалавека за злачынствы, забойствы і разбурэнні.
Літаратурныя сувязі. Апавяданне «Літоўскі хутарок» і аповесць «На імперыялістычнай вайне» аказалі ўплыў на Васіля Быкава, таксама, як лаканічнасць формы і нервовая дваістасць герояў былі блізкія Міхасю Стральцову (Паводле Таццяны Багарадавай). |
Пытанні
1. Якая першая рэакцыя жыхароў хутара на навіны пра вайну? | |
2. Як мясцовыя жыхары і салдаты (рускага і нямецкага войскаў) ставяцца адзін да аднаго? | |
3. Вызначце ролю кунігаса (святара) у жыцці хутара. | |
4. Як і з якой мэтай пісьменнік апісвае знешнасць Монці і Ядвісі? | |
5. Што ў жыцці хутаран залежала ад іх саміх, а што — не? | |
6. Вылучыце мастацкія дэталі твора, якія ўказваюць на бесчалавечнасць вайны. | |
7. Прыдумайце альтэрнатыўны (іншы) фінал твора. | |
8. Растлумачце, чаму падчас вайны салдаты бесчалавечна абыходзіліся з мірнымі жыхарамі, абясцэньвалі іх жыцці. Ці ўсе яны былі злымі людзьмі ў мірны час? Падумайце, ці спрыяе вайна злачынству. |
|
9. Выканайце заданне «Хвіліна маўлення» па творчасці Максіма Гарэцкага. |