Апавяданне «Літоўскі хутарок»

Антываенная скіраванасць твора

Праз жыццё маленькага хутара пісьменнік паказаў разбуральнае дзеянне вайны, калі не працуюць законы, калі няма праўды. Паводле Максіма Гарэцкага, вайна — гэта вялікая катастрофа, пасля якой ніхто не зможа застацца ранейшым: ні ўдзельнікі франтавых падзей, ні жыхары акупаваных тэрыторый.

Вайна знішчыла ў людзях індывідуальнае, асабістае, яны ўсе пераўтварыліся ў функцыі: вайскоўцы бачыліся як безаблічныя фігуркі, безыменных забітых за ногі скідвалі ў брацкія магілы, а мірныя жыхары разглядаліся як бясплатная крыніца ежы і рэчаў. А калі ў людзях не бачыць асоб, то і павагі да іх няма, і іх жыццё абясцэньваецца.

Чалавек страчвае кантроль над сваім жыццём і робіцца ахвярай сітуацыі. Таму напрыканцы твора жыхары хутара адчувалі сябе «як пакінутыя на загубу»: без перспектывы, без будучыні.

Навукоўцы гавораць. «У заслугу маладому пісьменніку трэба паставіць і тое, што ён ці не адным з першых у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя закрануў надзвычай актуальную і палітычна вострую тэму — прэтэнзіі акупантаў на нацыянальную выключнасць» (Міхась Мушынскі. «Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі»).

Максім Гарэцкі зафіксаваў расісцкія погляды германскіх салдат і афіцэраў, паказаўшы, што яны лічылі мясцовае насельніцтва «заняпалым народам», а сваю культуру — вышэйшай.