Апавяданне «Літоўскі хутарок»

Трагізм лёсу герояў

У апавяданні пісьменнік паказаў, як Першая сусветная паўплывала на жыцці мірных жыхароў, ён адлюстраваў жах і бруд вайны, якая перамалола лёсы ні ў чым не вінаватых людзей. На ціхім хутары жыла сям’я Шымкунасаў: Ян, яго жонка Даміцэля, дочкі Монця і Ядвіська. Сыны Шымкунаса пайшлі ў вялікі свет: Блажыс служыў апошні год у войску, а Дамянік працаваў у шахтах.

Спачатку гаспадару не верылася, што вайна зачэпіць іх хутар: «Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога». Паціху прыходзіла хваляванне за сваю гаспадарку, якая карміла сям’ю: «Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя — і спаляць».

У хуткім часе высветлілася, што ў цэнтры баявых дзеянняў і нейтралітэт немагчымы, і ветлівая камунікацыя з салдатамі не гарантуе спакою: «Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць».

Сыходзілі расійскія салдаты, пачыналася кайзераўская акупацыя. У выніку гаспадарка Яна Шымкунаса амаль знішчана, жонка аслепла, сын Блажыс паранены, дачку Монцю згвалцілі ворагі.

Расійскае войска наступала, але потым зноў сыходзіла, і хутар чакала кароткая перадышка, каб у чарговы раз чарговае войска прыйшло і абрабавала, прынізіла, знішчыла людзей і маёмасць.