*§ 20-1. Рэлігія
Рэлігія. Рэлігія — гэта сістэма вераванняў у звышнатуральнае і звязаны з ёй культ. У свеце налічваецца значная колькасць рэлігій, якія класіфікуюцца па розных асновах.
Па колькасці багоў вылучаюцца політэістычныя (багоў шмат) і монатэістычныя (Бог адзін) рэлігіі. У прыватнасці, політэістычныя былі рэлігіі Старажытнага свету, для кожнай з якіх характэрны свой пантэон багоў (Старажытны Егіпет, Індыя, Старажытная Грэцыя, Старажытны Рым, славянскае язычніцтва, скандынаўскі пантэон і г. д.).
Па распаўсюджанасці вылучаюцца сусветныя і нацыянальныя рэлігіі. Да сусветных належаць будызм, хрысціянства і іслам.
Індуізм | |
Час з’яўлення | Карані індуізму ідуць у ведыйскую, харапскую і дравідыйскую цывілізацыі, з-за чаго яго называюць самай старажытнай у свеце рэлігіяй |
Рэгіён | Індыя |
Назва | Санатана-дхарма — у перакладзе азначае «вечная рэлігія», «вечны шлях», «вечны закон» |
Бог/багі | Трымурці — трыяда, што аб’ядноўвае трох галоўных бостваў індуісцкага пантэона (Брахма-Творца, Вішну-Ахоўнік і Шыва-Разбуральнік) у адно цэлае, якое ўяўляе сабой духоўны пачатак — Брахмана. Само паняцце «трымурці» часта трактуецца як трыадзінае бажаство |
Тэксты | Веды, Упанішады, Пураны, эпасы «Рамаяна» і «Махабхарата» (часткай якой з’яўляецца «Бхагавадгіта») |
Сімвалы | Ом, ці Аўм, — сакральны гук, першапачатковая мантра, «слова сілы» |
Асноўныя паняцці |
Дхарма — маральны абавязак, этычнае абавязацельства. Карма — вера ў тое, што парадак перараджэнняў вызначаецца здзейсненымі пры жыцці ўчынкамі і іх наступствамі. Сансара — кругазварот нараджэння і смерці, вера ў перасяленне душы пасля смерці ў целы жывёл, людзей, багоў. Мая — асаблівая сіла, або энергія, якая адначасова хавае сапраўдную прыроду свету і забяспечвае разнастайнасць яго праяў. Мокша — вызваленне з кругазвароту нараджэння і смерці і ўсіх пакут і абмежаванняў матэрыяльнага існавання. Ёга — сукупнасць разнастайных духоўных, псіхічных і фізічных практык, якія маюць на мэце авалоданне індывідуумам працэсам кіравання псіхічнымі і фізіялагічнымі функцыямі арганізма, каб дасягнуць узвышанага духоўнага і псіхічнага стану |
Асаблівасці | У індуізму не было заснавальніка, у ім адсутнічаюць адзіная сістэма вераванняў і агульная дактрына |
Прыхільнікі | Індуізм вызнаюць каля 1 млрд чалавек — гэта трэцяя па колькасці прыхільнікаў рэлігія ў свеце пасля хрысціянства і ісламу |
Іўдаізм | |
Час з’яўлення | Адна з самых старажытных монатэістычных рэлігій чалавецтва і самая старажытная з існуючых на гэты час |
Рэгіён | Іўдзея, Блізкі Усход |
Бог/багі | Бог Яхве, прарок Майсей |
Тэксты | Танах (Стары Запавет) і Тора (Пяцікніжжа Майсеева — кнігі Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другі Закон) |
Сімвалы |
Шасціканцовая Зорка Давіда Сямісвечнік (Менора) |
Асноўныя паняцці |
Сімвалічнае значэнне ў іўдаізме маюць: • малітва Шэма; • выкананне шабату (шабат — субота, сёмы дзень тыдня, у які Тора прадпісвае ўстрымлівацца ад працы); • выкананне кашруту (дазволенасць або прыгоднасць чаго-небудзь з пункту гледжання Галахі — традыцыйнага яўрэйскага права). «Кашэрны» значыць «дазволены ў іўдаізме»; • нашэнне кіпы (галаўнога ўбору) |
Канфуцыянства | |
Час з’яўлення | VI ст. да н. э. |
Рэгіён | Кітай |
Заснавальнік |
Канфуцый (553–480 да н. э.) |
Назва | У Кітаі гэта вучэнне вядома пад назвамі «школа вучоных», «школа вучоных кніжнікаў» ці «школа адукаваных людзей». «Канфуцыянства» — гэта заходні тэрмін, які не мае эквіваленту ў кітайскай мове |
Асноўныя паняцці |
Асноўнымі ў канфуцыянстве з’яўляюцца паняцці высакароднага мужа, чалавекалюбства і правіл рытуалу. Кіраваць дзяржавай, паводле Канфуцыя, закліканы высакародныя мужы на чале з гасударам — «сынам неба». Рэальная ўлада належыць «вучоным», якія сумяшчаюць у сабе ўласцівасці філосафаў, літаратараў і чыноўнікаў. Дзяржава атаясамлівалася з грамадствам, сацыяльныя сувязі — з міжасобаснымі, аснова якіх бачылася ў сямейнай структуры. Сям’я выводзілася з адносін паміж бацькам і сынам. З пункту гледжання Канфуцыя, функцыя бацькі была аналагічная функцыі Неба. Таму сынава пашана была ўзведзена ў ранг асновы дабрачыннасці. У імператарскім Кітаі канфуцыянства адыгрывала ролю асноўнай рэлігіі, прынцыпу арганізацыі дзяржавы і грамадства звыш дзвюх тысяч гадоў у амаль нязменным выглядзе, ажно да пачатку ХХ ст., калі вучэнне было заменена на «тры народныя прынцыпы» Кітайскай Рэспублікі |
Асаблівасці | Канфуцыянства з’яўляецца светапоглядам, грамадскай этыкай, палітычнай ідэалогіяй, навуковай традыцыяй, ладам жыцця, іншы раз разглядаецца як філасофія, іншы раз — як рэлігія |
Даасізм | |
Час з’яўлення | VI ст. да н. э. |
Рэгіён | Кітай |
Заснавальнік |
Старажытнакітайскі мудрэц Лаа-цзы |
Назва | Даа — «шлях рэчаў» |
Бог/багі | Пантэон даасізму ўзначаліў Яшмаў уладыка (Шан-дзі), які шанаваўся як бог неба, вышэйшае бажаство і бацька імператараў («сыноў неба»). За ім ішлі Лаа-цзы і творца свету — Пань-гу |
Тэксты | «Даа Дэ Цзін» аўтарства Лаа-цзы |
Сімвалы | Інь і Янь — узаемадзеянне крайніх супрацьлегласцей: святла і цемры, дня і ночы, сонца і месяца, неба і зямлі, спякоты і холаду, станоўчага і адмоўнага, сумленнага і несумленнага |
Асноўныя палажэнні |
Кожны чалавек, каб зрабіцца шчаслівым, павінен устаць на шлях Даа, паспрабаваць спазнаць Даа і зліцца з ім. Даасізм вучыць сузіральным адносінам да жыцця. Шчасця дасягае не той, хто імкнецца добрымі справамі заваяваць прыхільнасць Даа, а той, хто ў працэсе медытацыі, паглыблення ў свой унутраны свет імкнецца ўслухацца ў самога сябе, а праз сябе ўслухацца і спасцігнуць рытм сусвету |
Сінтаізм | |
Час з’яўлення | У пачатку нашай эры. У VII–VIII стст. становіцца нацыянальнай і дзяржаўнай рэлігіяй Японіі |
Рэгіён | Японія |
Назва | Сінта — «шлях багоў» |
Бог/багі |
Камі — духоўная сутнасць, бог. Іх шмат. Аматэрасу Амікамі — багіня-сонца, адно з галоўных бостваў усеяпонскага пантэона сінта, згодна з сінтаісцкімі вераваннямі, прамаці японскага імператарскага роду |
Тэксты | Зборнікі «Кодзікі» і «Ніхонгі» |
Сімвалы | Торыі (літаральна «птушынае седала») — рытуальныя дзверы, што ўстанаўліваюцца перад свяцілішчам. Традыцыйна ўяўляюць сабой афарбаваныя ў чырвоны колер вароты без створак, з двух слупоў, злучаных зверху дзвюма перакладзінамі |
Асноўныя палажэнні | Заснавана на анімістычных вераваннях старажытных японцаў, аб’ектамі пакланення з’яўляюцца шматлікія боствы і духі памерлых. Галоўным духоўным прынцыпам сінта з’яўляецца жыццё ў згодзе з прыродай і людзьмі. Паводле ўяўленняў сінта, свет — адзінае натуральнае асяроддзе, дзе камі (боствы), людзі і душы памерлых жывуць побач |
Будызм | |
Час з’яўлення | VI–V стст. да н. э. |
Рэгіён | Індыя |
Заснавальнік | Сідхартха Гаўтама (Буда) |
Бог/багі | У будызме няма ўсемагутнага Бога-творцы або Бога-асобы. Буда — «прасветлены», Будаў можа быць шмат |
Сімвалы | Двума галоўнымі сімваламі будызму служаць выявы самога Буды, які сядзіць у позе лотаса, і Дхармачакра (кола закону) |
Асноўныя палажэнні |
Чатыры Высакародныя Ісціны: 1) Існуе дукха («усё ёсць дукха») — пакуты. 2) У дукхі ёсць прычына — жаданне. 3) Існуе магчымасць вызваліцца ад дукхі. 4) Існуе шлях, які вядзе да вызвалення ад дукхі (васьмярычны шлях, што вядзе да нірваны). Сансара — кола жыцця, працэс перараджэнняў. Перараджэнні залежаць ад учынкаў пры жыцці. Мэта — выйсці з паласы перараджэнняў, дасягнуць нірваны. Нірвана — спыненне перараджэнняў, абсалютны непарушны спакой. Асаблівая ўвага надаецца маральнаму ўдасканаленню чалавека |
Асаблівасці | Самі прыхільнікі гэтага вучэння называлі яго «Дхарма» (Закон, Вучэнне) або «Будхадхарма» (Вучэнне Буды). Тэрмін «будызм» быў утвораны еўрапейцамі ў XIX ст. |
Хрысціянства | |
Час з’яўлення | I ст. |
Рэгіён | Усходняя частка Рымскай імперыі |
Заснавальнік | Ісус Хрыстос |
Тэксты |
Святое Пісанне (Біблія: Стары і Новы Запаветы) Святое Паданне (творы айцоў царквы) |
Бог/багі | Бог, які паўстае ў трох іпастасях: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Святы Дух |
Напрамкі |
1) каталіцызм; 2) праваслаўе (з 1054 г.); 3) пратэстантызм (з Рэфармацыі XVI ст.) — лютэранства, кальвінізм, англіканства і г. д. |
Сімвалы | Крыж (Распяцце) — выява Укрыжавання Хрыстова |
Асаблівасці | Самая буйная сусветная рэлігія як па колькасці прыхільнікаў, так і па геаграфічнай распаўсюджанасці |
Іслам | |
Час з’яўлення | VII ст. |
Рэгіён | Заходняя Аравія |
Заснавальнік | Прарок Мухамед |
Назва | У перакладзе з арабскай – «пакорнасць» |
Бог/багі | Алах |
Тэксты |
Каран — свяшчэнная кніга ісламу. Суна — зборнік паданняў |
Сімвалы | Паўмесяц і пяціканцовая зорка |
Асноўныя паняцці |
Напрамкі — сунізм (90 % мусульман) і шыізм. Святое месца: горад Мекка, дзе знаходзіцца храм Кааба (чорны камень). Другі святы горад — Медына. Адмысловыя нормы: шарыят — звод мусульманскага права, распрацаваны на аснове Карана. Пяць стаўпоў ісламу (галоўных культавых абавязкаў): • вызнанне веры (шахада); • пяціразовая малітва (намаз); • пост у месяц рамадан; • міласціна (у памеры 2,5 % ад даходу); • паломніцтва ў Мекку (хадж). Часцей за ўсё шостым стаўпом ісламу называюць джыхад, які абазначае, з тэалагічнага пункту погляду, найперш «барацьбу з уласнымі страсцямі» |
Асаблівасці | Самая маладая сусветная рэлігія, другая па колькасці пасля хрысціянства. З-за боязі ідалапаклонства іслам забараняе адлюстроўваць не толькі Бога, але таксама людзей і жывёл |