Печатать книгуПечатать книгу

*§ 20-1. Рэлігія

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 20-1. Рэлігія
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 15:20

Рэлігія. Рэлігія — гэта сістэма вераванняў у звышнатуральнае і звязаны з ёй культ. У свеце налічваецца значная колькасць рэлігій, якія класіфікуюцца па розных асновах.

Па колькасці багоў вылучаюцца політэістычныя (багоў шмат) і монатэістычныя (Бог адзін) рэлігіі. У прыватнасці, політэістычныя былі рэлігіі Старажытнага свету, для кожнай з якіх характэрны свой пантэон багоў (Старажытны Егіпет, Індыя, Старажытная Грэцыя, Старажытны Рым, славянскае язычніцтва, скандынаўскі пантэон і г. д.).

Па распаўсюджанасці вылучаюцца сусветныя і нацыянальныя рэлігіі. Да сусветных належаць будызм, хрысціянства і іслам.

Індуізм
Час з’яўлення Карані індуізму ідуць у ведыйскую, харапскую і дравідыйскую цывілізацыі, з-за чаго яго называюць самай старажытнай у свеце рэлігіяй
Рэгіён Індыя
Назва Санатана-дхарма — у перакладзе азначае «вечная рэлігія», «вечны шлях», «вечны закон»
Бог/багі Трымурці — трыяда, што аб’ядноўвае трох галоўных бостваў індуісцкага пантэона (Брахма-Творца, Вішну-Ахоўнік і Шыва-Разбуральнік) у адно цэлае, якое ўяўляе сабой духоўны пачатак — Брахмана. Само паняцце «трымурці» часта трактуецца як трыадзінае бажаство
Тэксты Веды, Упанішады, Пураны, эпасы «Рамаяна» і «Махабхарата» (часткай якой з’яўляецца «Бхагавадгіта»)
Сімвалы Ом, ці Аўм, — сакральны гук, першапачатковая мантра, «слова сілы» img
Асноўныя паняцці

Дхарма — маральны абавязак, этычнае абавязацельства.

Карма — вера ў тое, што парадак перараджэнняў вызначаецца здзейсненымі пры жыцці ўчынкамі і іх наступствамі.

Сансара — кругазварот нараджэння і смерці, вера ў перасяленне душы пасля смерці ў целы жывёл, людзей, багоў.

Мая — асаблівая сіла, або энергія, якая адначасова хавае сапраўдную прыроду свету і забяспечвае разнастайнасць яго праяў.

Мокша — вызваленне з кругазвароту нараджэння і смерці і ўсіх пакут і абмежаванняў матэрыяльнага існавання.

Ёга — сукупнасць разнастайных духоўных, псіхічных і фізічных практык, якія маюць на мэце авалоданне індывідуумам працэсам кіравання псіхічнымі і фізіялагічнымі функцыямі арганізма, каб дасягнуць узвышанага духоўнага і псіхічнага стану

Асаблівасці У індуізму не было заснавальніка, у ім адсутнічаюць адзіная сістэма вераванняў і агульная дактрына
Прыхільнікі Індуізм вызнаюць каля 1 млрд чалавек — гэта трэцяя па колькасці прыхільнікаў рэлігія ў свеце пасля хрысціянства і ісламу
Іўдаізм
Час з’яўлення Адна з самых старажытных монатэістычных рэлігій чалавецтва і самая старажытная з існуючых на гэты час
Рэгіён Іўдзея, Блізкі Усход
Бог/багі Бог Яхве, прарок Майсей
Тэксты Танах (Стары Запавет) і Тора (Пяцікніжжа Майсеева — кнігі Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другі Закон)
Сімвалы

Шасціканцовая Зорка Давіда img

Сямісвечнік (Менора) img

Асноўныя паняцці

Сімвалічнае значэнне ў іўдаізме маюць:

• малітва Шэма;

• выкананне шабату (шабат — субота, сёмы дзень тыдня, у які Тора прадпісвае ўстрымлівацца ад працы);

• выкананне кашруту (дазволенасць або прыгоднасць чаго-небудзь з пункту гледжання Галахі — традыцыйнага яўрэйскага права). «Кашэрны» значыць «дазволены ў іўдаізме»;

• нашэнне кіпы (галаўнога ўбору)

Канфуцыянства
Час з’яўлення VI ст. да н. э.
Рэгіён Кітай
Заснавальнік

Канфуцый (553–480 да н. э.)

Назва У Кітаі гэта вучэнне вядома пад назвамі «школа вучоных», «школа вучоных кніжнікаў» ці «школа адукаваных людзей». «Канфуцыянства» — гэта заходні тэрмін, які не мае эквіваленту ў кітайскай мове
Асноўныя паняцці

Асноўнымі ў канфуцыянстве з’яўляюцца паняцці высакароднага мужа, чалавекалюбства і правіл рытуалу.

Кіраваць дзяржавай, паводле Канфуцыя, закліканы высакародныя мужы на чале з гасударам — «сынам неба».

Рэальная ўлада належыць «вучоным», якія сумяшчаюць у сабе ўласцівасці філосафаў, літаратараў і чыноўнікаў.

Дзяржава атаясамлівалася з грамадствам, сацыяльныя сувязі — з міжасобаснымі, аснова якіх бачылася ў сямейнай структуры. Сям’я выводзілася з адносін паміж бацькам і сынам. З пункту гледжання Канфуцыя, функцыя бацькі была аналагічная функцыі Неба. Таму сынава пашана была ўзведзена ў ранг асновы дабрачыннасці.

У імператарскім Кітаі канфуцыянства адыгрывала ролю асноўнай рэлігіі, прынцыпу арганізацыі дзяржавы і грамадства звыш дзвюх тысяч гадоў у амаль нязменным выглядзе, ажно да пачатку ХХ ст., калі вучэнне было заменена на «тры народныя прынцыпы» Кітайскай Рэспублікі

Асаблівасці Канфуцыянства з’яўляецца светапоглядам, грамадскай этыкай, палітычнай ідэалогіяй, навуковай традыцыяй, ладам жыцця, іншы раз разглядаецца як філасофія, іншы раз — як рэлігія
Даасізм
Час з’яўлення VI ст. да н. э.
Рэгіён Кітай
Заснавальнік

Старажытнакітайскі мудрэц Лаа-цзы

Назва Даа — «шлях рэчаў»
Бог/багі Пантэон даасізму ўзначаліў Яшмаў уладыка (Шан-дзі), які шанаваўся як бог неба, вышэйшае бажаство і бацька імператараў («сыноў неба»). За ім ішлі Лаа-цзы і творца свету — Пань-гу
Тэксты «Даа Дэ Цзін» аўтарства Лаа-цзы
Сімвалы Інь і Янь — узаемадзеянне крайніх супрацьлегласцей: святла і цемры, дня і ночы, сонца і месяца, неба і зямлі, спякоты і холаду, станоўчага і адмоўнага, сумленнага і несумленнага img
Асноўныя палажэнні

Кожны чалавек, каб зрабіцца шчаслівым, павінен устаць на шлях Даа, паспрабаваць спазнаць Даа і зліцца з ім.

Даасізм вучыць сузіральным адносінам да жыцця.

Шчасця дасягае не той, хто імкнецца добрымі справамі заваяваць прыхільнасць Даа, а той, хто ў працэсе медытацыі, паглыблення ў свой унутраны свет імкнецца ўслухацца ў самога сябе, а праз сябе ўслухацца і спасцігнуць рытм сусвету

Сінтаізм
Час з’яўлення У пачатку нашай эры. У VII–VIII стст. становіцца нацыянальнай і дзяржаўнай рэлігіяй Японіі
Рэгіён Японія
Назва Сінта — «шлях багоў»
Бог/багі

Камі — духоўная сутнасць, бог. Іх шмат.

Аматэрасу Амікамі — багіня-сонца, адно з галоўных бостваў усеяпонскага пантэона сінта, згодна з сінтаісцкімі вераваннямі, прамаці японскага імператарскага роду

Тэксты Зборнікі «Кодзікі» і «Ніхонгі»
Сімвалы Торыі (літаральна «птушынае седала») — рытуальныя дзверы, што ўстанаўліваюцца перад свяцілішчам. Традыцыйна ўяўляюць сабой афарбаваныя ў чырвоны колер вароты без створак, з двух слупоў, злучаных зверху дзвюма перакладзінамі img
Асноўныя палажэнні Заснавана на анімістычных вераваннях старажытных японцаў, аб’ектамі пакланення з’яўляюцца шматлікія боствы і духі памерлых. Галоўным духоўным прынцыпам сінта з’яўляецца жыццё ў згодзе з прыродай і людзьмі. Паводле ўяўленняў сінта, свет — адзінае натуральнае асяроддзе, дзе камі (боствы), людзі і душы памерлых жывуць побач
Будызм
Час з’яўлення VI–V стст. да н. э.
Рэгіён Індыя
Заснавальнік Сідхартха Гаўтама (Буда)
Бог/багі У будызме няма ўсемагутнага Бога-творцы або Бога-асобы. Буда — «прасветлены», Будаў можа быць шмат
Сімвалы Двума галоўнымі сімваламі будызму служаць выявы самога Буды, які сядзіць у позе лотаса, і Дхармачакра (кола закону) img
Асноўныя палажэнні

Чатыры Высакародныя Ісціны:

1) Існуе дукха («усё ёсць дукха») — пакуты.

2) У дукхі ёсць прычына — жаданне.

3) Існуе магчымасць вызваліцца ад дукхі.

4) Існуе шлях, які вядзе да вызвалення ад дукхі (васьмярычны шлях, што вядзе да нірваны).

Сансара — кола жыцця, працэс перараджэнняў. Перараджэнні залежаць ад учынкаў пры жыцці.

Мэта — выйсці з паласы перараджэнняў, дасягнуць нірваны.

Нірвана — спыненне перараджэнняў, абсалютны непарушны спакой.

Асаблівая ўвага надаецца маральнаму ўдасканаленню чалавека

Асаблівасці Самі прыхільнікі гэтага вучэння называлі яго «Дхарма» (Закон, Вучэнне) або «Будхадхарма» (Вучэнне Буды). Тэрмін «будызм» быў утвораны еўрапейцамі ў XIX ст.
Хрысціянства
Час з’яўлення I ст.
Рэгіён Усходняя частка Рымскай імперыі
Заснавальнік Ісус Хрыстос
Тэксты

Святое Пісанне (Біблія: Стары і Новы Запаветы)

Святое Паданне (творы айцоў царквы)

Бог/багі Бог, які паўстае ў трох іпастасях: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Святы Дух
Напрамкі

1) каталіцызм;

2) праваслаўе (з 1054 г.);

3) пратэстантызм (з Рэфармацыі XVI ст.) — лютэранства, кальвінізм, англіканства і г. д.

Сімвалы Крыж (Распяцце) — выява Укрыжавання Хрыстова img
Асаблівасці Самая буйная сусветная рэлігія як па колькасці прыхільнікаў, так і па геаграфічнай распаўсюджанасці
Іслам
Час з’яўлення VII ст.
Рэгіён Заходняя Аравія
Заснавальнік Прарок Мухамед
Назва У перакладзе з арабскай – «пакорнасць»
Бог/багі Алах
Тэксты

Каран — свяшчэнная кніга ісламу.

Суна  зборнік паданняў

Сімвалы Паўмесяц і пяціканцовая зорка img
Асноўныя паняцці

Напрамкі — сунізм (90 % мусульман) і шыізм.

Святое месца: горад Мекка, дзе знаходзіцца храм Кааба (чорны камень). Другі святы горад — Медына.

Адмысловыя нормы: шарыят — звод мусульманскага права, распрацаваны на аснове Карана.

Пяць стаўпоў ісламу (галоўных культавых абавязкаў):

• вызнанне веры (шахада);

• пяціразовая малітва (намаз);

• пост у месяц рамадан;

• міласціна (у памеры 2,5 % ад даходу);

• паломніцтва ў Мекку (хадж).

Часцей за ўсё шостым стаўпом ісламу называюць джыхад, які абазначае, з тэалагічнага пункту погляду, найперш «барацьбу з уласнымі страсцямі»

Асаблівасці Самая маладая сусветная рэлігія, другая па колькасці пасля хрысціянства. З-за боязі ідалапаклонства іслам забараняе адлюстроўваць не толькі Бога, але таксама людзей і жывёл

Свабода сумлення і верацярпімасць. Свабода сумлення з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Яна мае на ўвазе самастойнасць чалавека ў фарміраванні сваіх перакананняў, у тым ліку ў дачыненні да веры ў Бога або адмаўлення ад рэлігійнай веры. Свабода сумлення з’яўляецца больш шырокім паняццем, чым свабода веравызнання, — права быць прыхільнікам якой-небудзь рэлігіі, выбіраць або змяняць веру.

У наш час права на свабоду сумлення і веравызнання замацавана як у міжнародных дакументах па правах чалавека, так і ў нацыянальным заканадаўстве многіх дзяржаў, у тым ліку Рэспублікі Беларусь.

Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека 1948 г. змяшчае наступныя палажэнні:

Артыкул 18

Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду змяняць сваю рэлігію ці перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію ці перакананні як асабіста, так і сумесна з іншымі, публічным ці прыватным чынам у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах змяшчае наступныя палажэнні:

Артыкул 18

1. Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі. Гэта права ўключае свабоду мець ці прымаць рэлігію або перакананні на свой выбар і свабоду вызнаваць сваю рэлігію і перакананні як асабіста, так і сумесна з іншымі, публічным ці прыватным чынам, у адпраўленні культу, выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў і вучэнні.

2. Ніхто не павінен падвяргацца прымусу, які ўшчамляе яго свабоду мець або прымаць рэлігію ці перакананні на свой выбар.

3. Свабода вызнаваць рэлігію ці перакананні падлягае толькі абмежаванням, устаноўленым законам і неабходным для аховы грамадскай бяспекі, парадку, здароўя і маралі, як і асноўных правоў і свабод іншых асоб.

4. Дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у дадзеным Пакце, абавязваюцца паважаць свабоду бацькоў і ў адпаведных выпадках законных апекуноў забяспечваць рэлігійнае і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі перакананнямі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змяшчае наступныя палажэнні:

Артыкул 16. Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.

Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» змяшчае наступныя палажэнні:

Гэты Закон рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з:

права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносін да рэлігіі;

роўнасць рэлігій перад законам;

прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;

духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;

неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелічна-лютэранскай царквы, іўдаізму і ісламу;

неабходнасці садзейнічання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.

Артыкул 4. Права на свабоду сумлення

Кожны мае права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў, а менавіта: самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, аднаасобна ці сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію ці не вызнаваць ніякай.

Артыкул 5. Права на свабоду веравызнання

Кожны мае права свабодна выбіраць, мець, мяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Ніхто не абавязаны паведамляць аб сваіх адносінах да рэлігіі і не можа падвяргацца якому-небудзь прымушэнню пры вызначэнні сваіх адносін да рэлігіі, да вызнання той ці іншай рэлігіі, да ўдзелу ці няўдзелу ў дзейнасці рэлігійных арганізацый.

Бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, па ўзаемнай згодзе маюць права выхоўваць сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваімі ўласнымі адносінамі да рэлігіі. Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзіцяці, заснаванае на пэўным рэлігійным светапоглядзе бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць, за выключэннем выпадкаў, калі прымушэнне да рэлігійных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю ці здароўю дзіцяці, парушае яго законныя правы.

Артыкул 6. Роўнасць рэлігій

Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Ідэалогія рэлігійных арганізацый не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян.

Артыкул 7. Роўнасць грамадзян

Грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад іх адносін да рэлігіі.

У афіцыйных дакументах адносіны грамадзяніна да рэлігіі не ўказваюцца, акрамя выпадкаў, калі гэтага жадае сам грамадзянін.

Перашкаджэнне ажыццяўленню правоў на свабоду сумлення і веравызнання, а таксама ўстанаўленне якіх-небудзь пераваг ці абмежаванняў правоў грамадзян у залежнасці ад іх адносін да рэлігіі не дапускаюцца і пераследуюцца па законе.

Ніхто не можа па матывах сваіх рэлігійных перакананняў ухіляцца ад выканання ўстаноўленых законам абавязкаў.

Артыкул 8. Дзяржава і рэлігія

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі маюць права ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, а таксама выкарыстоўваюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі не ўдзельнічаюць у дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты, і не аказваюць ім фінансавай і іншай падтрымкі.

У месцах богаслужэнняў не дапускаюцца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў, перадвыбарнай агітацыі і іншых мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступленні, заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і асобных грамадзян.

Дзяржава садзейнічае ўстанаўленню адносін цярпімасці і павагі паміж веруючымі і няверуючымі грамадзянамі, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння з імі пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Адукацыя і рэлігія

Нацыянальная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь носіць свецкі характар і не мае на мэце фарміраванне тых ці іншых адносін да рэлігіі.

Грамадзяне маюць права на роўныя магчымасці доступу да нацыянальнай сістэмы адукацыі незалежна ад іх адносін да рэлігіі.

Ва ўстановах адукацыі не дапускаюцца стварэнне і ананімная ці іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыі ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць (саміх паўналетніх навучэнцаў), у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай адукацыі дзяцей і дарослых навучальныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія ім належаць і (ці) прадастаўляюцца ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі.

icon-discussions
Вызначце, на якіх прававых асновах у Рэспубліцы Беларусь будуюцца адносіны паміж грамадзянамі і дзяржавай у залежнасці ад іх рэлігійных перакананняў. Якія канфесіі з’яўляюцца традыцыйнымі для Беларусі?
img
img
img
icon-task
Прааналізуйце даныя сацыялагічных апытанняў у Рэспубліцы Беларусь і вызначце, якія тэндэнцыі характэрны для канфесійнай сітуацыі ў краіне.

Пазіцыі кожнага канкрэтнага чалавека ў адносінах да рэлігіі могуць істотна адрознівацца. Англійскі вучоны-біёлаг і папулярызатар навукі Рычард Докінз стварыў так званую шкалу тэізму, якая стала вядома як шкала Докінза.

Шкала Докінза
Моцны тэіст. «Я не сумняваюся ў існаванні бога. Я ведаю, што ён ёсць»
Звычайны тэіст. «Я не ўпэўнены на 100 %, але я веру, што бог ёсць»
Слабы тэіст. «Я зусім не ўпэўнены, але схіляюся да веры ў бога»
Строгі агностык. «Існаванне і неіснаванне бога аднолькава не даказаць»
Слабы атэіст. «Я не ведаю, існуе бог ці не, але ўсё-такі я стаўлюся скептычна да яго існавання»
Звычайны атэіст. «Я не ўпэўнены на 100 %, але я думаю, што існаванне бога вельмі непраўдападобнае»
Моцны атэіст. «Я на 100 % упэўнены, што бога няма»
img
img
icon-task
Прааналізуйце прадстаўленую шкалу і ілюстрацыі і вызначце, як у дачыненні да рэлігіі суадносяцца веды і вера. Якія асноўныя пазіцыі можна вылучыць?
icon-discussions

Песня пра веру ці пра рэлігію?

Владимир Высоцкий. Религия индусов

Кто верит в Магомета, кто — в Аллаха, кто — в Исуса,
Кто ни во что не верит — даже в черта назло всем…
Хорошую религию придумали индусы —
Что мы, отдав концы, не умираем насовсем.

Стремилась ввысь душа твоя —
Родишься вновь с мечтою,
Но если жил ты как свинья —
Останешься свиньёю.

Пусть косо смотрят на тебя — привыкни к укоризне,
Досадно — что ж, родишься вновь на колкости горазд,
И если видел смерть врага ещё при этой жизни —
В другой тебе дарован будет верный зоркий глаз.

Живи себе нормальненько —
Есть повод веселиться:
Ведь, может быть, в начальника
Душа твоя вселится.

Пускай живёшь ты дворником, родишься вновь — прорабом,
А после из прораба до министра дорастёшь,
Но если туп, как дерево, — родишься баобабом
И будешь баобабом тыщу лет, пока помрёшь.

Досадно попугаем жить,
Гадюкой с длинным веком…
Не лучше ли при жизни быть
Приличным человеком?!

Да кто есть кто, да кто был кем? — мы никогда не знаем.
С ума сошли генетики от ген и хромосом.
Быть может, тот облезлый кот был раньше негодяем,
А этот милый человек был раньше добрым псом.

Я от восторга прыгаю,
Я обхожу искусы —
Удобную религию
Придумали индусы!

 

Сергей Михалок. Я верю

Адам и Ева проснулись с утра,
их друг Гелиос гордился работой,
всю неделю будет жара,
дельфийский оракул следил за погодой.

Карлик небесный — крылатый Колибри —
любил на заре напиться росою,
зебры, кентавры, волки и тигры,
мифы бурлят горной рекою.

Припев:

Я верю в Иисуса Христа, я верю в Гаутаму Будду,
я верю в пророка Мохаммеда, я верю в Кришну, я верю в Гаруду.
Я верю в Иисуса Христа, верю в Гаутаму Будду,
я верю Джа, я верю Джа, я верю Джа и верить буду.

Хромой Вулкан разводит огонь —
Тору нужен кованый молот,
единый Творец держит ладонь
над картой жизни, где будет город.

Легенды делают нас мудрей,
мы чувствуем пульс единой Вселенной!
Апостол Пётр — хранитель ключей —
в волшебном танце с Прекрасной Еленой.

Припев.

icon-task
Зрабіце параўнальны аналіз прадстаўленых тэкстаў. Вылучыце асноўныя паняцці і вызначце, з якімі рэлігіямі яны звязаны. Які гуманістычны пасыл гэтых песень?