*§ 14-1. Грашова-крэдытная сістэма

Грошы.

icon-discussions

Калі і як у Беларусі з’явіліся першыя манеты? (па матэрыялах  публікацыі «Гісторыя беларускіх манет у 10 фактах: колькі каштаваў абед у XVIII ст. і як з’явілася інфляцыя»). 

На тэрыторыі сучаснай Беларусі самымі першымі манетамі былі рымскія дэнарыі, якія датуюць I–III ст. н. э. Гэтыя манеты сюды прыносілі прадстаўнікі плямёнаў і народаў, што жылі ў складзе Рымскай імперыі (у асноўным готы). Але гэтых грошай было вельмі мала, а сацыяльна-эканамічнае развіццё мясцовых племёнаў жалезнага веку не дастатковым, каб яны маглі паўнавартасна выкарыстоўвацца як плацежны сродак.

Хутчэй за ўсё, такія манеты заможныя людзі збіралі для захавання сваіх багаццяў. У гандлі ж яны сталі выкарыстоўвацца толькі ў IX ст. Гэта звязана са з’яўленнем варагаў. З паходаў на Усход яны прынеслі новую манету, якая стала асноўнай ва Усходняй Еўропе, — арабскі куфічны дзірхам.

У IX–X стст. аснову грашовага абарачэння склаў арабскі срэбны дзірхам, які ў той час быў вельмі папулярны ў Еўропе. Праўда, называлі гэтыя манеты на тэрыторыі сучаснай Беларусі зусім не дзірхамамі. Было некалькі варыянтаў у залежнасці ад наміналу: куна або нагата — цэлая манета, рэзана — палова, а веверыца — чвэрць. «Куна» ўтварылася ад слова «куніца», «нагата» — гэта шкурка собаля з лапкамі, а «веверыца» ўзыходзіць да слова «вавёрка».

Да з’яўлення арабскага дзірхама на нашых землях быў так званы першы безманетны перыяд. Его прычынай стаў эканамічны спад у Рымскай імперыі. За тавары ў гэты час разлічваліся шкуркамі жывёл, напрыклад вавёрак і куніц, тых самых, якія потым дадуць назвы арабскім грошам.

Другі раз манеты не выкарыстоўваліся ў якасці плацежнага сродку ў XII–XIII стст. Тады, калі б вы былі багатым чалавекам, то насілі б з сабой у якасці грошай шкуркі жывёл або зліткі (іх яшчэ называлі грыўнямі), якімі любілі збіраць даніну з падуладных земляў ханы Залатой Арды.

Самай папулярнай у абарачэнні манетай на тэрыторыі Беларусі быў пражскі грош. Менавіта з-за гэтага беларусы пачалі карыстацца словам «грошы». Гэта буйная срэбная манета вагой 3,87 грама з’явілася пры чэшскім каралю Вацлаве II і надоўга стала фактычна ўніверсальнай валютай. Пражскім грошам карысталіся многія еўрапейскія дзяржавы. У XIV–XV стст. гэта манета склала аснову грашовай гаспадаркі на нашай тэрыторыі. У XVI ст. падаткі і штрафы выплачваліся менавіта гэтай манетай.

З-за вялізнай папулярнасці пражскія грошы ў беларускіх скарбах знаходзяць у асноўным у дрэнным стане. Імі настолькі актыўна карысталіся гадамі і стагоддзямі, што заціралі да дзірак.

icon-task

Выкарыстоўваючы гістарычныя веды і розныя крыніцы інфармацыі, праверце даныя ў публікацыі «Гісторыя беларускіх манет у 10 фактах: колькі каштаваў абед у XVIII ст. і як з’явілася інфляцыя». Стварыце інфаграфіку «Гісторыя беларускіх манет». 

Колькі грошай неабходна эканоміцы?

icon-persona

У 1911 г. амерыканскі эканаміст Ірвінг Фішар у працы «Пакупніцкая сіла грошай» абгрунтаваў формулу грашовага абарачэння, якая стала вядома як ураўненне Фішара, ці ўраўненне абмену.

M • V = P • Q,

дзе M — грашовая маса; V — хуткасць абарачэння грошай; P — узровень цэн; Q — аб’ём вытворчасці.

Грашовая маса — гэта сукупнасць плацежных сродкаў, што абарачаюцца ў краіне на дадзены момант, іншымі словамі, тая агульная сума грошай, якая знаходзіцца ў распараджэнні эканомікі краіны і забяспечвае фінансаванне яе дзейнасці.

Ураўненне абмену дазваляе зразумець суадносіны колькасці грошай (грашовай масы), сярэдняй хуткасці абарачэння грошай, узроўню цэн і колькасці вырабленых тавараў. Вось як сам Фішар тлумачыць сваё ўраўненне: «Узровень цэн змяняецца: 1) прама прапарцыянальна колькасці грошай у абарачэнні; 2) прама прапарцыянальна хуткасці абарачэння грошай; 3) зваротна прапарцыянальна аб’ёму гандлю, ажыццёўленаму з дапамогай гэтых грошай. Першыя з гэтых адносін… выражае цэнтральную ідэю колькаснай тэорыі».

icon-task

Абгрунтуйце з дапамогай ураўнення абмену, праўдзівае ці не наступнае сцвярджэнне.

● Цэны тым вышэйшыя, чым больш грошай у абарачэнні і менш прапаноў тавараў.

● Празмерны выпуск грошай у абарачэнне прывядзе да зніжэння пакупніцкай здольнасці грошай.

● Узровень цэн не залежыць ад колькасці грошай у абарачэнні.