*§ 14-1. Грашова-крэдытная сістэма
Каштоўная папера. Асноўнымі відамі каштоўных папер з’яўляюцца акцыі і аблігацыі.
Акцыя — гэта каштоўная папера, якая выпускаецца акцыянерным таварыствам і пацвярджае права ўласнасці на долю ў капітале. Выпускаючы акцыі і прадаючы іх, фірма збірае неабходны капітал для свайго развіцця. Уладальнік акцыі атрымлівае ад яе даход, які называецца дывідэндам.
Акцыя замацоўвае права яе ўладальніка (акцыянера) на ўдзел у кіраванні акцыянерным таварыствам і на частку маёмасці, што застаецца пасля яго ліквідацыі, прапарцыянальна колькасці акцый, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўладальніка.
У залежнасці ад таго, каму прадаюцца акцыі, акцыянерныя таварыствы бываюць адкрытага і закрытага тыпу.
Акцыянернае таварыства | |
Адкрытае (ААТ) | Акцыі гэтых таварыстваў можа свабодна набыць любы ахвочы |
Закрытае (ЗАТ) | Акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў і выбранага кола асоб |
Паколькі ўласнікамі прадпрыемства з’яўляюцца адначасова ўсе акцыянеры (нават той, хто мае ўсяго адну акцыю), то яе вышэйшым органам кіравання з’яўляецца агульны сход акцыянераў. Як правіла, ён склікаецца адзін раз на год і вырашае найбольш важныя пытанні (вызначае стратэгію развіцця, прымае рашэнне наконт буйных капіталаўкладанняў, прызначае кіраўнікоў, змяняе статут і да т. п.). Ніводнае буйное рашэнне не можа быць прынята без удзелу акцыянераў.
Акцыі | |
Простыя | Дывідэнд залежыць ад вынікаў працы акцыянернага таварыства. Чым лепш і больш паспяхова працуе кампанія, тым вышэйшы дывідэнд |
Прывілеяваныя | Дывідэнд фіксаваны і не залежыць ад вынікаў дзейнасці акцыянернага таварыства. Дывідэнд складае пэўны працэнт ад наміналу акцыі |
У перапынках паміж сходамі вышэйшым органам з’яўляецца Савет дырэктараў, у які на агульным сходзе акцыянераў абіраюцца найбольш уплывовыя і багатыя акцыянеры. З ліку дырэктараў сход прызначае генеральнага дырэктара таварыства. Для аператыўнага кіравання кампаніяй Савет дырэктараў па прадстаўленні генеральнага дырэктара прызначае праўленне, у склад якога ўваходзяць прафесійныя менеджары, якія маюць неабходныя для гэтага якасці і адпаведную падрыхтоўку. Члены праўлення могуць і не з’яўляцца ўладальнікамі акцый гэтай самай кампаніі і проста атрымліваць за сваю працу зарплату.
Чым больш акцый у акцыянера, тым большы ўплыў ён аказвае на прыняцце рашэнняў. Як правіла, на сходах акцыянераў дзейнічае прынцып: адна акцыя — адзін голас. Калі ў якога-небудзь акцыянера акцый і, адпаведна, галасоў становіцца больш, чым ва ўсіх астатніх акцыянераў, якія прымаюць удзел у галасаванні, то ён робіцца ўладальнікам кантрольнага пакета акцый. Гэты пакет называецца так таму, што дае права практычна поўнага кантролю над кампаніяй. Тэарэтычна кантрольны пакет павінен утрымліваць 50 % + 1 акцыю.
Адным з відаў каштоўных папер з’яўляецца аблігацыя, якая па сутнасці ўяўляе сабой пазыковую распіску на пэўны тэрмін. Аблігацыя — гэта абавязацельства кампаніі ў тым, што пасля таго як тэрмін скончыцца, яе ўладальнік атрымае назад суму, за якую ён купіў аблігацыю, а таксама фіксаваны даход у выглядзе працэнтаў. Трымальнікі аблігацый з’яўляюцца крэдыторамі прадпрыемства, якое абавязана вярнуць атрыманую суму з працэнтамі ў абавязковым парадку.
Дзяржаўныя аблігацыі (кароткатэрміновыя — да аднаго года, доўгатэрміновыя — на год і больш) даюць іх уладальнікам права на атрыманне намінальнага кошту аблігацый і працэнтнага даходу ў перыяд тэрміну іх абарачэння ў выглядзе працэнта да намінальнага кошту.
Параметры | Акцыя | Аблігацыя |
1. Сведчыць аб праве ўладальніка на... | ||
2. Мае тэрмін абарачэння | ||
3. Атрыманы ўладальнікам даход | ||
4. Від каштоўнай паперы | ||
5. У адносінах да прадпрыемства-эмітэнта ўладальнік паперы з’яўляецца... |