Печатать книгуПечатать книгу

*§ 14-1. Грашова-крэдытная сістэма

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 14-1. Грашова-крэдытная сістэма
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 05:57

Каштоўная папера. Асноўнымі відамі каштоўных папер з’яўляюцца акцыі і аблігацыі.

Акцыя — гэта каштоўная папера, якая выпускаецца акцыянерным таварыствам і пацвярджае права ўласнасці на долю ў капітале. Выпускаючы акцыі і прадаючы іх, фірма збірае неабходны капітал для свайго развіцця. Уладальнік акцыі атрымлівае ад яе даход, які называецца дывідэндам.

Акцыя замацоўвае права яе ўладальніка (акцыянера) на ўдзел у кіраванні акцыянерным таварыствам і на частку маёмасці, што застаецца пасля яго ліквідацыі, прапарцыянальна колькасці акцый, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўладальніка.

У залежнасці ад таго, каму прадаюцца акцыі, акцыянерныя таварыствы бываюць адкрытага і закрытага тыпу.

Акцыянернае таварыства
Адкрытае (ААТ) Акцыі гэтых таварыстваў можа свабодна набыць любы ахвочы
Закрытае (ЗАТ) Акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў і выбранага кола асоб

Паколькі ўласнікамі прадпрыемства з’яўляюцца адначасова ўсе акцыянеры (нават той, хто мае ўсяго адну акцыю), то яе вышэйшым органам кіравання з’яўляецца агульны сход акцыянераў. Як правіла, ён склікаецца адзін раз на год і вырашае найбольш важныя пытанні (вызначае стратэгію развіцця, прымае рашэнне наконт буйных капіталаўкладанняў, прызначае кіраўнікоў, змяняе статут і да т. п.). Ніводнае буйное рашэнне не можа быць прынята без удзелу акцыянераў.

Акцыі
Простыя Дывідэнд залежыць ад вынікаў працы акцыянернага таварыства. Чым лепш і больш паспяхова працуе кампанія, тым вышэйшы дывідэнд
Прывілеяваныя Дывідэнд фіксаваны і не залежыць ад вынікаў дзейнасці акцыянернага таварыства. Дывідэнд складае пэўны працэнт ад наміналу акцыі

У перапынках паміж сходамі вышэйшым органам з’яўляецца Савет дырэктараў, у які на агульным сходзе акцыянераў абіраюцца найбольш уплывовыя і багатыя акцыянеры. З ліку дырэктараў сход прызначае генеральнага дырэктара таварыства. Для аператыўнага кіравання кампаніяй Савет дырэктараў па прадстаўленні генеральнага дырэктара прызначае праўленне, у склад якога ўваходзяць прафесійныя менеджары, якія маюць неабходныя для гэтага якасці і адпаведную падрыхтоўку. Члены праўлення могуць і не з’яўляцца ўладальнікамі акцый гэтай самай кампаніі і проста атрымліваць за сваю працу зарплату.

Чым больш акцый у акцыянера, тым большы ўплыў ён аказвае на прыняцце рашэнняў. Як правіла, на сходах акцыянераў дзейнічае прынцып: адна акцыя — адзін голас. Калі ў якога-небудзь акцыянера акцый і, адпаведна, галасоў становіцца больш, чым ва ўсіх астатніх акцыянераў, якія прымаюць удзел у галасаванні, то ён робіцца ўладальнікам кантрольнага пакета акцый. Гэты пакет называецца так таму, што дае права практычна поўнага кантролю над кампаніяй. Тэарэтычна кантрольны пакет павінен утрымліваць 50 % + 1 акцыю.

icon-task
Ахарактарызуйце становішча ў сістэме кіравання ААТ «Вернавія» і магчымы даход уладальніка дадзенай акцыі. Ці дастаткова ў вас для гэтага інфармацыі?

Адным з відаў каштоўных папер з’яўляецца аблігацыя, якая па сутнасці ўяўляе сабой пазыковую распіску на пэўны тэрмін. Аблігацыя — гэта абавязацельства кампаніі ў тым, што пасля таго як тэрмін скончыцца, яе ўладальнік атрымае назад суму, за якую ён купіў аблігацыю, а таксама фіксаваны даход у выглядзе працэнтаў. Трымальнікі аблігацый з’яўляюцца крэдыторамі прадпрыемства, якое абавязана вярнуць атрыманую суму з працэнтамі ў абавязковым парадку.

img
icon-task
Вылічыце суму даходу, якую атрымаў уладальнік дадзенай аблігацыі. Растлумачце, для чаго беларускі банк выпусціў аблігацыі, намінаваныя ў замежнай валюце.

Дзяржаўныя аблігацыі (кароткатэрміновыя — да аднаго года, доўгатэрміновыя — на год і больш) даюць іх уладальнікам права на атрыманне намінальнага кошту аблігацый і працэнтнага даходу ў перыяд тэрміну іх абарачэння ў выглядзе працэнта да намінальнага кошту.

icon-task
Параўнайце каштоўныя паперы (акцыі і аблігацыі) па наступных параметрах. Запоўніце табліцу.
Параметры Акцыя Аблігацыя
1. Сведчыць аб праве ўладальніка на...
2. Мае тэрмін абарачэння
3. Атрыманы ўладальнікам даход
4. Від каштоўнай паперы
5. У адносінах да прадпрыемства-эмітэнта ўладальнік паперы з’яўляецца...

Грошы.

icon-discussions

Калі і як у Беларусі з’явіліся першыя манеты? (па матэрыялах  публікацыі «Гісторыя беларускіх манет у 10 фактах: колькі каштаваў абед у XVIII ст. і як з’явілася інфляцыя»). 

На тэрыторыі сучаснай Беларусі самымі першымі манетамі былі рымскія дэнарыі, якія датуюць I–III ст. н. э. Гэтыя манеты сюды прыносілі прадстаўнікі плямёнаў і народаў, што жылі ў складзе Рымскай імперыі (у асноўным готы). Але гэтых грошай было вельмі мала, а сацыяльна-эканамічнае развіццё мясцовых племёнаў жалезнага веку не дастатковым, каб яны маглі паўнавартасна выкарыстоўвацца як плацежны сродак.

Хутчэй за ўсё, такія манеты заможныя людзі збіралі для захавання сваіх багаццяў. У гандлі ж яны сталі выкарыстоўвацца толькі ў IX ст. Гэта звязана са з’яўленнем варагаў. З паходаў на Усход яны прынеслі новую манету, якая стала асноўнай ва Усходняй Еўропе, — арабскі куфічны дзірхам.

У IX–X стст. аснову грашовага абарачэння склаў арабскі срэбны дзірхам, які ў той час быў вельмі папулярны ў Еўропе. Праўда, называлі гэтыя манеты на тэрыторыі сучаснай Беларусі зусім не дзірхамамі. Было некалькі варыянтаў у залежнасці ад наміналу: куна або нагата — цэлая манета, рэзана — палова, а веверыца — чвэрць. «Куна» ўтварылася ад слова «куніца», «нагата» — гэта шкурка собаля з лапкамі, а «веверыца» ўзыходзіць да слова «вавёрка».

Да з’яўлення арабскага дзірхама на нашых землях быў так званы першы безманетны перыяд. Его прычынай стаў эканамічны спад у Рымскай імперыі. За тавары ў гэты час разлічваліся шкуркамі жывёл, напрыклад вавёрак і куніц, тых самых, якія потым дадуць назвы арабскім грошам.

Другі раз манеты не выкарыстоўваліся ў якасці плацежнага сродку ў XII–XIII стст. Тады, калі б вы былі багатым чалавекам, то насілі б з сабой у якасці грошай шкуркі жывёл або зліткі (іх яшчэ называлі грыўнямі), якімі любілі збіраць даніну з падуладных земляў ханы Залатой Арды.

Самай папулярнай у абарачэнні манетай на тэрыторыі Беларусі быў пражскі грош. Менавіта з-за гэтага беларусы пачалі карыстацца словам «грошы». Гэта буйная срэбная манета вагой 3,87 грама з’явілася пры чэшскім каралю Вацлаве II і надоўга стала фактычна ўніверсальнай валютай. Пражскім грошам карысталіся многія еўрапейскія дзяржавы. У XIV–XV стст. гэта манета склала аснову грашовай гаспадаркі на нашай тэрыторыі. У XVI ст. падаткі і штрафы выплачваліся менавіта гэтай манетай.

З-за вялізнай папулярнасці пражскія грошы ў беларускіх скарбах знаходзяць у асноўным у дрэнным стане. Імі настолькі актыўна карысталіся гадамі і стагоддзямі, што заціралі да дзірак.

icon-task

Выкарыстоўваючы гістарычныя веды і розныя крыніцы інфармацыі, праверце даныя ў публікацыі «Гісторыя беларускіх манет у 10 фактах: колькі каштаваў абед у XVIII ст. і як з’явілася інфляцыя». Стварыце інфаграфіку «Гісторыя беларускіх манет». 

Колькі грошай неабходна эканоміцы?

icon-persona

У 1911 г. амерыканскі эканаміст Ірвінг Фішар у працы «Пакупніцкая сіла грошай» абгрунтаваў формулу грашовага абарачэння, якая стала вядома як ураўненне Фішара, ці ўраўненне абмену.

M • V = P • Q,

дзе M — грашовая маса; V — хуткасць абарачэння грошай; P — узровень цэн; Q — аб’ём вытворчасці.

Грашовая маса — гэта сукупнасць плацежных сродкаў, што абарачаюцца ў краіне на дадзены момант, іншымі словамі, тая агульная сума грошай, якая знаходзіцца ў распараджэнні эканомікі краіны і забяспечвае фінансаванне яе дзейнасці.

Ураўненне абмену дазваляе зразумець суадносіны колькасці грошай (грашовай масы), сярэдняй хуткасці абарачэння грошай, узроўню цэн і колькасці вырабленых тавараў. Вось як сам Фішар тлумачыць сваё ўраўненне: «Узровень цэн змяняецца: 1) прама прапарцыянальна колькасці грошай у абарачэнні; 2) прама прапарцыянальна хуткасці абарачэння грошай; 3) зваротна прапарцыянальна аб’ёму гандлю, ажыццёўленаму з дапамогай гэтых грошай. Першыя з гэтых адносін… выражае цэнтральную ідэю колькаснай тэорыі».

icon-task

Абгрунтуйце з дапамогай ураўнення абмену, праўдзівае ці не наступнае сцвярджэнне.

● Цэны тым вышэйшыя, чым больш грошай у абарачэнні і менш прапаноў тавараў.

● Празмерны выпуск грошай у абарачэнне прывядзе да зніжэння пакупніцкай здольнасці грошай.

● Узровень цэн не залежыць ад колькасці грошай у абарачэнні.

Уклад (дэпазіт). Уклад — гэта вынік пагаднення (дэпазітнага дагавора) паміж уладальнікам грошай — укладчыкам і іх захавальнікам — банкам.

icon-task
Параўнайце рэкламныя прапановы аб дэпазітах розных банкаў. Якія прыёмы выкарыстоўваюцца для прыцягнення ўкладчыкаў? Выкарыстоўвайце памятку для аналізу маніпуляцый у рэкламе.

Налічэнне працэнтаў можа ажыццяўляцца па формулах простага або складанага працэнта (капіталізацыя).

Просты працэнт — працэнт, які налічваецца на суму ўкладу зыходзячы з тэрміну ўкладу з вызначанай дагаворам банкаўскага ўкладу перыядычнасцю без уліку раней налічаных на ўклад працэнтаў.

Сума грашовых сродкаў, што належаць да выплаты ўкладчыку пры налічэнні простых працэнтаў па ўкладзе, разлічваецца па формуле:

∑% = грошы + (грошы x працэнт x дні) / (100 x 365(6)),

дзе грошы — сума грашовых сродкаў на рахунку ўкладу;

працэнт — гадавая працэнтная стаўка;

дні — колькасць дзён, за якія налічваецца працэнт.

Складаны працэнт (капіталізацыя) – працэнт, які налічваецца на суму ўкладу і суму раней налічаных па ўкладзе працэнтаў з улікам тэрміну з вызначанай дагаворам банкаўскага ўкладу перыядычнасцю. Наяўнасць дадзенай умовы ў дагаворы азначае, што налічаныя працэнты будуць аўтаматычна (штомесяц, штогод), без вашага ўдзелу, дабаўлены да асноўнай сумы ўкладу і таксама будуць прыносіць даход. Сума грашовых сродкаў, падлеглых звароту ўкладчыку па заканчэнні тэрміну ўкладу, пры налічэнні складаных працэнтаў разлічваецца па формуле:

∑% = грошы x (1 + працэнт x дні ) n / (100 x 365(6)),

дзе n — колькасць перыядаў, за якія на працягу тэрміну ўкладу налічваюцца працэнты.

icon-task
Пазнаёмцеся з прапановамі аб укладах на сайтах розных банкаў. Падлічыце суму, якую атрымае ўкладчык з банка ў канцы тэрміну захоўвання грошай. Праверце свае падлікі з дапамогай калькулятара ўкладаў.

Крэдыт. Сістэма эканамічных адносін, што ўзнікаюць у працэсе прадастаўлення грашовых ці матэрыяльных сродкаў у часовае карыстанне на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці, называецца крэдытам. Юрыдычная ці фізічная асоба, якая прадастаўляе пазыку, называецца крэдыторам, а асоба, якая бярэ пазыку, — пазычальнікам.

img
icon-task

Пазычальнік бярэ ў банку крэдыт у памеры 10 тысяч рублёў пад 15 % гадавых тэрмінам на 2 гады. Якую суму ён заплаціць банку па заканчэнні гэтага тэрміну ў якасці платы за крэдыт? Праверце свае вылічэнні на https://myfin.by/kredity/potrebitelskie.

Якія яшчэ ўмовы неабходна ўлічваць, акрамя стаўкі па крэдыце?

icon-task
Ацаніце прапанову «хуткіх грошай» у пазыку ў рэкламных паведамленнях з пункту погляду выгады і бяспекі.