*§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства
Вытворчасць. Каб ствараць матэрыяльныя даброты, патрэбны рэсурсы — сукупнасць прыродных, сацыяльных і духоўных сіл, якія могуць быць выкарыстаны пры стварэнні тавараў і паслуг. Рэсурсы падзяляюць на чатыры групы: прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. У эканамічнай навуцы для характарыстыкі крыніц вытворчасці выкарыстоўваюцца дзве катэгорыі — «рэсурсы» і «фактары». Фактары — гэта рэсурсы, што прымяняюцца ў вытворчасці. Вытворчасць мае на ўвазе наяўнасць узаемадзеючых фактараў — яны павінны знаходзіцца ў пэўнай колькаснай і якаснай адпаведнасці, напрыклад: калі на адным прадпрыемстве маецца пяць аўтамабіляў таксі і працуюць два вадзіцелі, то тры аўтамабілі з’яўляюцца матэрыяльным рэсурсам, а не фактарам вытворчасці.
Любая чалавечая дзейнасць з’яўляецца «вытворча-спажывальнай». У любым сваім дзеянні чалавек штосьці вырабляе, а штосьці спажывае. Радзяліць гэты адзіны працэс на «вытворчасць» і «спажыванне» паасобку мы можам толькі ў думках — у залежнасці ад мэт даследавання. У рэальнасці яны непадзельныя, асноўнай функцыяй любой вытворчасці з’яўляецца менавіта пераўтварэнне адной (сыравіна і матэрыялы) у другую (прадукты).
Грамадская вытворчасць заснавана на падзеле працы. Першым буйным грамадскім падзелам працы было адасабленне жывёлагадоўлі ад апрацоўкі зямлі, другім — выдзяленне рамяства. Затым адасабленне гандлю ад вытворчасці — выдзяленне пасрэдніка-купца. Грамадскі падзел працы даў моцны штуршок удасканаленню прылад працы. У выніку грамадскага падзелу працы і спецыялізацыі вытворчасці з’явілася мноства галін матэрыяльнай вытворчасці і нематэрыяльнай сферы.
Адам Сміт пра «Багацце народаў».
Колькі разнастайнай працы трэба, каб стварыць інструменты, якімі працуе самы нязначны з рабочых, напрыклад нажніцы, якімі пастух падстрыгае авечак. Неабходна, каб рудакоп, будаўнік горана, у якім плавіцца руда, дрывасек, вугальшчык, які здабывае вугаль для горана, муляр, каваль, нажоўшчык — трэба, каб усе гэтыя прадстаўнікі розных рамёстваў аб’ядналіся для вытворчасці нажніц. Калі гэтаксама разгледзець усе часткі адзення рабочага або яго дамашняй гаспадаркі: грубую кашулю, якую ён апранае, чаравікі, якія абувае, ложак, на якім ён спіць… рашотку, на якой гатуе сабе ежу, спажыты пры гэтым вугаль, здабыты з нетраў зямлі і прывезены здалёк па вадзе ці па сушы, а таксама ўсе іншыя кухонныя прылады, гліняныя ці алавяныя талеркі, на якіх ён рэжа ежу і есць; калі паглядзець на разнастайную працу, прыкладзеную для прыгатавання яму хлеба і піва, шкла ў шыбах, што дастаўляе яму святло і цяпло і абараняе ад ветру і дажджу, на мастацтва і веды, неабходныя для вырабу такой удалай і цудоўнай вынаходкі, без якой наш паўночны клімат наўрад ці ўяўляўся б утульным для жыцця; нарэшце, усе шматлікія інструменты, што выкарыстоўваюць рабочыя для вытворчасці ўсіх гэтых прадметаў, — калі, кажу я, падрабязна разгледзець усе гэтыя рэчы, то мы зразумеем, што ў адукаванай краіне без дапамогі і садзейнічання многіх тысяч рабочых ніводны самы апошні чалавек не мог бы набыць самыя немудрагелістыя прадметы ўжытку, якія мы так несправядліва лічым простымі і звычайнымі.