Печатать книгуПечатать книгу

*§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 17:07

Даброты. Даброты — любыя рэчы ці сродкі, здольныя задаволіць якую-небудзь патрэбу эканамічнага суб’екта. Даброты паводле крыніц паходжання можна падзяліць на два віды: эканамічныя і неэканамічныя. Эканамічная даброта — выраблены сродак для задавальнення патрэб. Гэта размежаванне звязана з паняццем рэдкасці. Эканамічная даброта з’яўляецца рэдкай дабротай, выступае аб’ектам ці вынікам эканамічнай дзейнасці, гэта значыць, што даброты можна атрымаць у колькасці, абмежаванай у параўнанні з патрэбамі. Неэканамічная даброта маецца ў неабмежаванай колькасці, прадастаўляецца прыродай без намаганняў чалавека (вада, паветра і г. д.), існуе ў прыродзе «свабодна», у колькасці, дастатковай для поўнага і пастаяннага задавальнення патрэб чалавека. Аднак неабходна разумець, што ўсё адносна — чыстая вада ў Афрыцы, несумненна, эканамічная даброта, як і чыстае паветра ў мегаполісе.

Класіфікацыя эканамічных даброт
Матэрыяльныя Нематэрыяльныя
Прадметы спажывання (ежа, адзенне, жыллё); сродкі вытворчасці і адносіны па прысваенні матэрыяльных даброт (патэнты, аўтарскія правы, закладныя) Даброты, якія ўздзейнічаюць на развіццё здольнасцей чалавека і ствараюцца ў невытворчай сферы (аховы здароўя, адукацыі, мастацтва, кіно і г. д.)
Узаемазамяняльныя Узаемадапаўняльныя Унікальныя
Валодаюць падобнымі для чалавека ўласцівасцямі і могуць быць заменены адна на адну без асаблівых намаганняў (каўбаса і сасіскі) Іх якасць можа ўзрасці пры іх сумесным спажыванні (кава і цукар) Не могуць быць заменены з прычыны адсутнасці аналагаў, ім не патрэбны дапаўненні
Грамадскія Прыватныя

Грамадскія даброты прыносяць станоўчыя знешнія эфекты ўсім, як толькі робяцца даступнымі для кагосьці. Яны характарызуюцца прыметамі невыключальнасці і невыбіральнасці. Іншымі словамі, калі грамадская даброта створана, цяжка не дазволіць камусьці карыстацца ёю, нават калі чалавек не жадае плаціць. Акрамя таго, спажыванне даброты адным чалавекам не змяншае для другіх магчымасці карыстацца гэтай самай дабротай (усе маюць грамадскія даброты ў аднолькавай колькасці). Класічны прыклад грамадскіх даброт — маякі: калі маяк пабудаваны, ніхто не забароніць сачыць за яго агнямі капітанам усіх караблёў незалежна ад таго, плацяць яны за гэту паслугу або не, і карыстацца паслугамі маяка ўсе капітаны могуць, не перашкаджаючы адзін аднаму.

Прыватныя даброты не валодаюць падобнымі ўласцівасцямі. Напрыклад, хлеб, які прадаецца ў магазінах, па-першае, не даступны таму, хто не заплаціць за яго (зразумела, акрамя выпадкаў крадзяжу), а па-другое, спажыванне хлеба аднымі людзьмі ўплывае на велічыню яго спажывання другімі.

Падобныя адрозненні грамадскіх даброт ад прыватных абумоўліваюць асаблівасці функцыянавання рынкаў гэтых даброт. Рынак добра (лепш, чым дзяржава) спраўляецца з забеспячэннем грамадства прыватнымі дабротамі: хлеб вырабляецца і прадаецца ў такой колькасці і па такіх цэнах, якія блізкія да аптымальных для грамадства ў існуючых умовах. У той жа час прадаваць грамадскія даброты на рынку складана — многія не згодзяцца плаціць за будаўніцтва маяка, ведаючы, што іх не змогуць пазбавіць магчымасці карыстацца яго сігналамі. Дадзеная праблема «безбілетнікаў» можа прывесці да таго, што грамадскія даброты або наогул не будуць стварацца, або аб’ёмы іх вытворчасці будуць недастатковыя.

icon-task
Прывядзіце прыклады эканамічных даброт, якімі вы карыстаецеся. Параўнайце паездку ў транспарце і наведванне паліклінікі як эканамічныя даброты. Яны з’яўляюцца платнымі ці бясплатнымі? Што ў дадзеным выпадку разумеецца пад паняццем «бясплатнасць»?
icon-search
Вывучыце складнікі школьных абедаў у розных краінах. Якія абеды вы лічыце больш здаровымі? Якім чынам культура і прыродныя рэсурсы краіны ўплываюць на выбар прадуктаў? Як выглядае тыповы беларускі школьны абед?
icon-discussions
Чаму ў большасці развітых краін пытанне забеспячэння якасным харчаваннем школьнікаў і дашкольнікаў прыраўноўваецца да пытання нацыянальнай бяспекі дзяржавы?

Вытворчасць. Каб ствараць матэрыяльныя даброты, патрэбны рэсурсы — сукупнасць прыродных, сацыяльных і духоўных сіл, якія могуць быць выкарыстаны пры стварэнні тавараў і паслуг. Рэсурсы падзяляюць на чатыры групы: прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. У эканамічнай навуцы для характарыстыкі крыніц вытворчасці выкарыстоўваюцца дзве катэгорыі — «рэсурсы» і «фактары». Фактары — гэта рэсурсы, што прымяняюцца ў вытворчасці. Вытворчасць мае на ўвазе наяўнасць узаемадзеючых фактараў — яны павінны знаходзіцца ў пэўнай колькаснай і якаснай адпаведнасці, напрыклад: калі на адным прадпрыемстве маецца пяць аўтамабіляў таксі і працуюць два вадзіцелі, то тры аўтамабілі з’яўляюцца матэрыяльным рэсурсам, а не фактарам вытворчасці.

Любая чалавечая дзейнасць з’яўляецца «вытворча-спажывальнай». У любым сваім дзеянні чалавек штосьці вырабляе, а штосьці спажывае. Радзяліць гэты адзіны працэс на «вытворчасць» і «спажыванне» паасобку мы можам толькі ў думках — у залежнасці ад мэт даследавання. У рэальнасці яны непадзельныя, асноўнай функцыяй любой вытворчасці з’яўляецца менавіта пераўтварэнне адной (сыравіна і матэрыялы) у другую (прадукты).

img
icon-discussions
Ці можа прадпрыемства быць не толькі вытворцам, але і спажыўцом? Як вы растлумачыце паняцце «вытворчае спажыванне»?

Грамадская вытворчасць заснавана на падзеле працы. Першым буйным грамадскім падзелам працы было адасабленне жывёлагадоўлі ад апрацоўкі зямлі, другім — выдзяленне рамяства. Затым адасабленне гандлю ад вытворчасці — выдзяленне пасрэдніка-купца. Грамадскі падзел працы даў моцны штуршок удасканаленню прылад працы. У выніку грамадскага падзелу працы і спецыялізацыі вытворчасці з’явілася мноства галін матэрыяльнай вытворчасці і нематэрыяльнай сферы.

icon-persona

Адам Сміт пра «Багацце народаў».

Колькі разнастайнай працы трэба, каб стварыць інструменты, якімі працуе самы нязначны з рабочых, напрыклад нажніцы, якімі пастух падстрыгае авечак. Неабходна, каб рудакоп, будаўнік горана, у якім плавіцца руда, дрывасек, вугальшчык, які здабывае вугаль для горана, муляр, каваль, нажоўшчык — трэба, каб усе гэтыя прадстаўнікі розных рамёстваў аб’ядналіся для вытворчасці нажніц. Калі гэтаксама разгледзець усе часткі адзення рабочага або яго дамашняй гаспадаркі: грубую кашулю, якую ён апранае, чаравікі, якія абувае, ложак, на якім ён спіць… рашотку, на якой гатуе сабе ежу, спажыты пры гэтым вугаль, здабыты з нетраў зямлі і прывезены здалёк па вадзе ці па сушы, а таксама ўсе іншыя кухонныя прылады, гліняныя ці алавяныя талеркі, на якіх ён рэжа ежу і есць; калі паглядзець на разнастайную працу, прыкладзеную для прыгатавання яму хлеба і піва, шкла ў шыбах, што дастаўляе яму святло і цяпло і абараняе ад ветру і дажджу, на мастацтва і веды, неабходныя для вырабу такой удалай і цудоўнай вынаходкі, без якой наш паўночны клімат наўрад ці ўяўляўся б утульным для жыцця; нарэшце, усе шматлікія інструменты, што выкарыстоўваюць рабочыя для вытворчасці ўсіх гэтых прадметаў, — калі, кажу я, падрабязна разгледзець усе гэтыя рэчы, то мы зразумеем, што ў адукаванай краіне без дапамогі і садзейнічання многіх тысяч рабочых ніводны самы апошні чалавек не мог бы набыць самыя немудрагелістыя прадметы ўжытку, якія мы так несправядліва лічым простымі і звычайнымі.

icon-discussions
Хто арганізуе працу ўсіх гэтых людзей, хто даводзіць ім, што і колькі трэба вырабіць?

Эканамічныя суб’екты. Становішча і роля кожнага эканамічнага суб’екта вызначаецца яго адносінамі да фактараў вытворчасці, якімі ён валодае. Адны маюць капітал і валодаюць эканамічнай уладай, вызначаюць формы гаспадарання, удзельнічаюць у кіраванні, другія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Дамашнія гаспадаркі, як правіла, распараджаюцца толькі ўласнай рабочай сілай, іх магчымасці ўплыву на арганізацыю вытворчасці, размеркаванне даходаў, удзел у кіраванні абмежаваны. Дамашнія гаспадаркі выконваюць у асноўным функцыю спажывання, а значыць, атрыманыя даходы выкарыстоўваюцца для набыцця неабходных тавараў. Акрамя гэтай функцыі, яны фарміруюць зберажэнні, якія ў эканоміцы з’яўляюцца крыніцай інвестыцый.

Асноўная роля прадпрыемства — ажыццяўленне вытворчай і інвестыцыйнай дзейнасці. Прадпрыемствы класіфікуюцца па розных прыметах: формах уласнасці; памерах фірмы; аб’ёмах вытворчасці; відах дзейнасці і інш.

Дзяржава мае вялізнае значэнне для рэгулявання эканамічных працэсаў. Эканамічныя функцыі дзяржавы фарміруюцца пад уплывам патрэб грамадства і развіцця рынку. Апошнім часам да асноўных функцый дзяржавы дадаліся такія, як рэгуляванне «знешніх эфектаў» (прыродаахоўная дзейнасць), карэкціроўка непажаданых сацыяльных эфектаў (беспрацоўе, сацыяльная няроўнасць і інш.).

Асноўныя суб’екты эканомікі і іх функцыі
Дамашнія гаспадаркі

Гэта эканамічная адзінка ў складзе адной або некалькіх асоб, якія з’яўляюцца:

● уласнікамі (і асноўнымі прадаўцамі) вытворчых рэсурсаў (працы, зямлі, капіталу і прадпрымальніцкай здольнасці);

● асноўнымі пакупнікамі спажывецкіх тавараў і паслуг;

● асноўнымі зберагальнікамі (і таму крэдыторамі), забяспечваючы прапанову крэдытных сродкаў у эканоміцы

Прадпрыемствы (фірмы)

Гэта асноўная вытворчая ячэйка эканомікі або эканамічная адзінка:

● выкарыстоўвае фактары вытворчасці для вырабу прадукцыі з мэтай яе продажу;

● самастойна прымае рашэнні;

● нефінансавыя фірмы з’яўляюцца: пакупнікамі эканамічных рэсурсаў; вытворцамі тавараў і паслуг у эканоміцы; пазычальнікамі, якія прад’яўляюць попыт на крэдытныя рэсурсы; пакупнікамі інвестыцыйных тавараў;

● фінансавыя ўстановы — гэта юрыдычныя асобы, якія на камерцыйнай аснове займаюцца пасрэдніцкай дзейнасцю ў галіне фінансаў, абслугоўваючы адносіны паміж зберагальнікамі і інвестарамі (банкі, страхавыя кампаніі, пенсійныя фонды і інш.)

Дзяржава

Эканамічны суб’ект, які:

● арганізуе вытворчасць грамадскіх даброт;

● з’яўляецца пакупніком тавараў і паслуг, неабходных для функцыянавання дзяржаўнага сектара;

● пераразмяркоўвае нацыянальны даход (праз сістэму падаткаў і трансфертаў);

● з’яўляецца ў залежнасці ад стану дзяржаўнага бюджэту крэдыторам ці пазычальнікам на фінансавым рынку;

● з’яўляецца рэгулятарам функцыянавання нацыянальнай эканомікі

icon-task
Апішыце магчымую матывацыю эканамічнай дзейнасці кожнага з суб’ектаў.

Эканамічная сістэма. Цэнтральная праблема эканомікі — гэта праблема выбару, што, як і для каго вырабляць ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў. Праблема выбару з’яўляецца ўніверсальнай для любой эканамічнай сістэмы, аднак спосабы яе вырашэння ў кожнай эканамічнай сістэме адрозніваюцца. Асноўныя пытанні, на якія павінна адказаць эканамічная сістэма: што? як? для каго вырабляць?

Элементы эканамічных сістэм:

1) суб’ектны падыход вылучае тры групы эканамічных суб’ектаў: прадпрыемствы, дамашнія гаспадаркі, дзяржава;

2) сістэмны падыход падзяляе эканамічную сістэму на цэх, прадпрыемства, галіну, нацыянальную эканоміку, сусветную эканоміку;

3) марксісцкі падыход вылучае прадукцыйныя сілы (рэчавыя, асобасныя і іншыя фактары, што забяспечваюць вытворчасць) і вытворчыя адносіны (устойлівыя сувязі і ўзаемадзеянне людзей у працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання).

У наш час існуе мноства падыходаў да класіфікацыі эканамічных сістэм. Крытэрыямі выдзялення эканамічных сістэм у розных падыходах з’яўляюцца: уласнасць на сродкі вытворчасці, ступень уцягнутасці ў міжнародны падзел працы, перавага пэўнага тыпу гаспадарання, узровень развіцця тэхнікі і тэхналогій і інш. Найбольш распаўсюджаным падыходам з’яўляецца выдзяленне эканамічных сістэм паводле спосабаў рэгулявання гаспадарчага жыцця: традыцыйная эканоміка, рыначная эканоміка, камандна-адміністрацыйная эканоміка, змешаная эканоміка.

Эканамічная сістэма Рыначная Камандная
Пазітыўныя характарыстыкі

● Эфектыўнасць вытворчасці;

● шырокае ўкараненне дасягненняў НТР;

● шырокі асартымент, высокая якасць прадукцыі;

● энергічны і ініцыятыўны работнік

● Поўная занятасць;

● стабільныя цэны;

● сацыяльная абароненасць;

● жыццёвая ўпэўненасць работніка

Негатыўныя характарыстыкі

● Крызісы перавытворчасці;

● беспрацоўе;

● маёмаснае расслаенне;

● эгаізм работніка

● Нізкая эфектыўнасць вытворчасці;

● татальны дэфіцыт тавараў;

● нізкі ўзровень жыцця;

● безыніцыятыўнасць работніка

icon-discussions
Чаму ў табліцы не прыводзяцца перавагі і недахопы традыцыйнай і змешанай эканамічных сістэм? Ці згодныя вы з дадзеным вызначэннем негатыўных і пазітыўных характарыстык?
icon-discussions

Сучасная эканоміка — эканоміка ведаў?

Згодна з тэорыяй абсалютных пераваг кожная краіна павінна вырабляць тое, што ў яе атрымоўваецца лепш, чым у іншых. Высокая мабільнасць вытворчых фактараў у XXI ст. прывяла да таго, што сёння не мае вялікага значэння наяўнасць уласных сыравінных рэсурсаў (прыродны капітал) і назапашаных зберажэнняў (фінансавы капітал), не такое важнае і геаграфічнае становішча (транспартна-лагістычны капітал). Сучасная эканоміка пераходзіць ад канкурэнцыі на аснове параўнальных пераваг (танная рабочая сіла і багатыя прыродныя рэсурсы) да канкурэнцыі на аснове ўнікальных вырабаў і працэсаў. Таму надзвычай важныя толькі два фактары: 1) чалавечы капітал — веды і навыкі насельніцтва; 2) уменне іх выкарыстоўваць, інакш кажучы, дзяржаўная палітыка па вытворчасці, назапашванні і выкарыстанні ведаў.

Эканамічны рост у XXI ст. набыў новую якасць, калі найбольш эфектыўнай нормай накаплення стала развіццё людзьмі ўласных здольнасцей, а найбольш выгаднымі ўкладаннямі — інвестыцыі ў чалавека, яго веды і таленты. Даследаванні паказваюць, што нормы прыбытку ў гэтым выпадку больш чым удвая перавышаюць нормы прыбытку ў тэхналогіі.

Станаўленне грамадства, у якім веды служаць найважнейшым рэсурсам, патрабуе максімальнага развіцця кожнай асобы (чалавечы капітал), робіць эканамічны прагрэс краіны вытворнай ад крэатыўных дасягненняў (інтэлектуальны капітал) эканамічных агентаў (грамадзян і прадпрыемстваў), а таксама ад эфектыўнасці функцыянавання яго інавацыйнай сістэмы. Для таго каб веды былі выкарыстаны ў эканоміцы, трэба ператварыць іх у інавацыю. Эканоміка ведаў — гэта эканоміка, якая забяспечвае бесперапынны працэс вытворчасці ведаў і іх ператварэння ў новыя тэхналогіі, тавары і паслугі. У выніку ўзнікае сацыяльна-эканамічная сістэма, якая аказваецца найбольш дынамічнай з усіх вядомых у гісторыі, што павялічвае адрыў інавацыйных краін ад астатняга свету і робіць надзвычай цяжкім пераход у разрад інавацыйных.

Ці можна пагадзіцца са словамі,  што перавагай Беларусі з’яўляецца адсутнасць у яе запасаў нафты. Як гэта сцвярджэнне суадносіцца з характарыстыкамі эканомікі ведаў?