*§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Даброты. Даброты — любыя рэчы ці сродкі, здольныя задаволіць якую-небудзь патрэбу эканамічнага суб’екта. Даброты паводле крыніц паходжання можна падзяліць на два віды: эканамічныя і неэканамічныя. Эканамічная даброта — выраблены сродак для задавальнення патрэб. Гэта размежаванне звязана з паняццем рэдкасці. Эканамічная даброта з’яўляецца рэдкай дабротай, выступае аб’ектам ці вынікам эканамічнай дзейнасці, гэта значыць, што даброты можна атрымаць у колькасці, абмежаванай у параўнанні з патрэбамі. Неэканамічная даброта маецца ў неабмежаванай колькасці, прадастаўляецца прыродай без намаганняў чалавека (вада, паветра і г. д.), існуе ў прыродзе «свабодна», у колькасці, дастатковай для поўнага і пастаяннага задавальнення патрэб чалавека. Аднак неабходна разумець, што ўсё адносна — чыстая вада ў Афрыцы, несумненна, эканамічная даброта, як і чыстае паветра ў мегаполісе.

Класіфікацыя эканамічных даброт
Матэрыяльныя Нематэрыяльныя
Прадметы спажывання (ежа, адзенне, жыллё); сродкі вытворчасці і адносіны па прысваенні матэрыяльных даброт (патэнты, аўтарскія правы, закладныя) Даброты, якія ўздзейнічаюць на развіццё здольнасцей чалавека і ствараюцца ў невытворчай сферы (аховы здароўя, адукацыі, мастацтва, кіно і г. д.)
Узаемазамяняльныя Узаемадапаўняльныя Унікальныя
Валодаюць падобнымі для чалавека ўласцівасцямі і могуць быць заменены адна на адну без асаблівых намаганняў (каўбаса і сасіскі) Іх якасць можа ўзрасці пры іх сумесным спажыванні (кава і цукар) Не могуць быць заменены з прычыны адсутнасці аналагаў, ім не патрэбны дапаўненні
Грамадскія Прыватныя

Грамадскія даброты прыносяць станоўчыя знешнія эфекты ўсім, як толькі робяцца даступнымі для кагосьці. Яны характарызуюцца прыметамі невыключальнасці і невыбіральнасці. Іншымі словамі, калі грамадская даброта створана, цяжка не дазволіць камусьці карыстацца ёю, нават калі чалавек не жадае плаціць. Акрамя таго, спажыванне даброты адным чалавекам не змяншае для другіх магчымасці карыстацца гэтай самай дабротай (усе маюць грамадскія даброты ў аднолькавай колькасці). Класічны прыклад грамадскіх даброт — маякі: калі маяк пабудаваны, ніхто не забароніць сачыць за яго агнямі капітанам усіх караблёў незалежна ад таго, плацяць яны за гэту паслугу або не, і карыстацца паслугамі маяка ўсе капітаны могуць, не перашкаджаючы адзін аднаму.

Прыватныя даброты не валодаюць падобнымі ўласцівасцямі. Напрыклад, хлеб, які прадаецца ў магазінах, па-першае, не даступны таму, хто не заплаціць за яго (зразумела, акрамя выпадкаў крадзяжу), а па-другое, спажыванне хлеба аднымі людзьмі ўплывае на велічыню яго спажывання другімі.

Падобныя адрозненні грамадскіх даброт ад прыватных абумоўліваюць асаблівасці функцыянавання рынкаў гэтых даброт. Рынак добра (лепш, чым дзяржава) спраўляецца з забеспячэннем грамадства прыватнымі дабротамі: хлеб вырабляецца і прадаецца ў такой колькасці і па такіх цэнах, якія блізкія да аптымальных для грамадства ў існуючых умовах. У той жа час прадаваць грамадскія даброты на рынку складана — многія не згодзяцца плаціць за будаўніцтва маяка, ведаючы, што іх не змогуць пазбавіць магчымасці карыстацца яго сігналамі. Дадзеная праблема «безбілетнікаў» можа прывесці да таго, што грамадскія даброты або наогул не будуць стварацца, або аб’ёмы іх вытворчасці будуць недастатковыя.

icon-task
Прывядзіце прыклады эканамічных даброт, якімі вы карыстаецеся. Параўнайце паездку ў транспарце і наведванне паліклінікі як эканамічныя даброты. Яны з’яўляюцца платнымі ці бясплатнымі? Што ў дадзеным выпадку разумеецца пад паняццем «бясплатнасць»?
icon-search
Вывучыце складнікі школьных абедаў у розных краінах. Якія абеды вы лічыце больш здаровымі? Якім чынам культура і прыродныя рэсурсы краіны ўплываюць на выбар прадуктаў? Як выглядае тыповы беларускі школьны абед?
icon-discussions
Чаму ў большасці развітых краін пытанне забеспячэння якасным харчаваннем школьнікаў і дашкольнікаў прыраўноўваецца да пытання нацыянальнай бяспекі дзяржавы?