*§ 12-0. Эканоміка як навука

Прафесія эканаміст. Эканоміка — грамадская навука. Яна вывучае пэўны бок жыцця грамадства і шчыльна звязана з іншымі грамадскімі навукамі: гісторыяй, паліталогіяй, сацыялогіяй, юрыспрудэнцыяй, псіхалогіяй і інш. Пералік эканамічных прафесій вельмі шырокі. Спецыялісты, якія атрымалі эканамічную адукацыю, могуць працаваць практычна ва ўсіх галінах нацыянальнай эканомікі: на прамысловых прадпрыемствах, у банках, сферы паслуг, органах дзяржаўнага кіравання, абаронным сектары. Сутнасць прафесіі эканаміста — даследаванне і вырашэнне шырокага спектру пытанняў, звязаных з эканомікай і фінансамі прадпрыемстваў, рэгіёнаў, краін і ўсяго свету. Сярод прадстаўнікоў дадзенай прафесіі ёсць спецыялізацыя, напрыклад:

● эканамісты на вытворчасці могуць займацца каардынацыяй загрузкі асобных падраздзяленняў, планаваннем вытворчасці, улікам рэштаў, разлікам аб’ёмаў сыравіны, неабходнай для выпуску прадукцыі;

● эканамісты па працы і зарплаце займаюцца распрацоўкай праграм матывацыі персаналу, разлічваюць прадукцыйнасць працы, памеры аплаты для работнікаў, якія працуюць здзельна, правяраюць налічэнне бонусаў і прэмій;

● эканамісты па сабекошце і цэнаўтварэнні разлічваюць сабекошт прадукцыі, выяўляюць кампаненты, якія мацней за ўсё ўплываюць на яго, спосабы знізіць сабекошт прадукцыі, аналізуюць цэны пастаўшчыкоў;

● эканамісты-аналітыкі могуць аналізаваць патэнцыйную прыбытковасць новых праектаў, фінансавыя і іншыя паказчыкі прадпрыемства ў цэлым.

Гэта далёка не поўны пералік спецыялізацый. На практыцы іх значна больш.

Будучаму спецыялісту важна разумець, што ўслед за навуковымі адкрыццямі і зменамі тэхналогій змяняецца набор прафесійных кампетэнцый, навыкаў, ведаў і ўменняў, якія патрабуюцца ад работнікаў. У гэтых умовах зрабіць правільны выбар прафесіі раз і назаўсёды і потым на працягу ўсяго жыцця быць паспяховым і высокааплатным спецыялістам практычна немагчыма. Работнік павінен імкнуцца засвойваць новыя веды, працаваць ва ўмовах мультызадачнасці, праяўляць ініцыятыву і творчыя здольнасці.