*§ 12-0. Эканоміка як навука
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | *§ 12-0. Эканоміка як навука |
Printed by: | Guest user |
Date: | Monday, 9 September 2024, 3:28 PM |
Станаўленне эканамічнай навукі. Развіццё эканамічнай думкі з’яўляецца лагічным адлюстраваннем эканамічнага жыцця чалавечага грамадства ў свядомасці людзей. Эканоміка як навука прайшла доўгі шлях ад разрозненых эканамічных уяўленняў да сучасных канцэпцый, якія тлумачаць заканамернасці функцыянавання і развіцця як асобных эканамічных суб’ектаў, так і эканомікі краіны ў цэлым. Навука аб эканоміцы, якая дае цэласнае ўяўленне пра ўсё эканамічнае жыццё людзей у сістэме паняццяў, катэгорый, прынцыпаў, тэорый і эканамічных законаў, называецца эканамічнай тэорыяй.
Сёння эканамічная тэорыя выконвае некалькі важных функцый.
Функцыі эканамічнай тэорыі | |
Пазнавальная | Заключаецца ў асэнсаванні заканамернасцей развіцця эканомікі, раскрыцці прынцыпаў яе развіцця |
Метадалагічная | Складаецца ў тым, што эканамічная тэорыя служыць фундаментам або базай для эканамічных навук |
Практычная | Заключаецца ў тым, што заканамернасці, якія фармулююцца ў эканамічнай тэорыі, могуць выкарыстоўвацца ў практычнай дзейнасці чалавека |
З пункту гледжання аб’екта даследавання вылучаюцца наступныя раздзелы эканамічнай тэорыі:
Эканамічная тэорыя | |
Мікраэканоміка | Вывучае функцыянаванне асобных эканамічных суб’ектаў з мэтай выяўлення ўмоў і механізмаў эфектыўнага размяшчэння абмежаваных эканамічных рэсурсаў, якія маюць альтэрнатыўныя варыянты выкарыстання |
Макраэканоміка | Вывучае нацыянальную эканоміку як адзінае цэлае з мэтай вызначэння механізмаў дасягнення макраэканамічнай раўнавагі пры адсутнасці праяў макраэканамічнай нестабільнасці (эканамічнага спаду, беспрацоўя, інфляцыі, знешнеэканамічнай незбалансаванасці) |
Вытокі эканамічнай тэорыі можна знайсці ў ідэях і поглядах мысліцеляў старажытнага свету, занатаваных у запісках, трактатах, творах, прысвечаных асаблівасцям кіравання дзяржавай, зводах законаў і іншых пісьмовых дакументах. Аднак мысліцелі старажытнасці яшчэ не вылучалі эканамічных з’яў з усёй сумы грамадскіх працэсаў, не стварылі сістэматызаванага вучэння аб эканоміцы.
Як навука эканоміка пачала фарміравацца ў ХV–ХVI стст. Асноўнае пытанне, якое тады цікавіла эканамістаў, — чаму адны краіны багатыя, а другія бедныя, адкуль бярэцца багацце? І эканоміка становіцца навукай аб багацці. Тэрмін «палітычная эканомія» ўвёў французскі эканаміст Антуан Манкрэцьен. Ён апублікаваў у 1615 г. «Трактат аб палітычнай эканоміі», у якім фармулявалася эканамічная палітыка дзяржавы таго часу. Такім чынам, палітычная эканомія — навука аб законах функцыянавання грамадскай гаспадаркі ў рамках дзяржавы. У самастойную навуку палітычная эканомія ператвараецца ў пачатку XVII ст.
Эканамічныя школы. Аснову падзелу эканамістаў паводле напрамкаў і школ складаюць адрозненні ў разуменні прадмета і задач даследавання, у метадах аналізу, падыходах да вывучэння эканамічных праблем і вывадах, якія лагічна вынікаюць для эканамічнай палітыкі. Эканамічныя школы атрымліваюць сваё найменне паводле геаграфічнай прыметы, паводле імя свайго заснавальніка або ў адпаведнасці з рысамі метадалогіі.
Падзел на школы і напрамкі ў пэўным сэнсе ўмоўны. У межах аднаго напрамку можа існаваць некалькі школ. Пазіцыі і погляды многіх эканамістаў не застаюцца нязменнымі, яны эвалюцыянуюць.
Школы | Прадстаўнікі | Асноўныя ідэі |
Меркантылізм (XVI−XVIII стст.) | Томас Ман, Антуан Манкрэцьен | Меркантылісты (ад лац. mercari — гандляваць) назапашванне золата і срэбра разглядалі ў якасці галоўнай гаспадарчай мэты і найважнейшага клопату дзяржавы. На іх думку, неабходна менш тавараў увозіць у краіну і больш вывозіць, а для таго каб вывозіць тавары, трэба развіваць іх вытворчасць і абараняць айчыннага вытворцу (пратэкцыянізм) |
Фізіякратызм (XVIII ст.) | Франсуа Кенэ | Фізіякраты (ад франц. physiocrates, ст.-грэч. φύσις — прырода і κράτος — моц, улада, панаванне, інакш кажучы, панаванне прыроды) даследавалі ўплыў прыродных з’яў на эканоміку грамадства, асноўнай крыніцай багацця з’яўляецца вытворчасць, хаця і існуе толькі адна яго галіна — сельская гаспадарка, дзе багацце ўзнікае натуральным шляхам і ўяўляецца дарункам прыроды. Аднак сама па сабе прырода, без укладання капіталу і працы, не можа пастаянна прымнажаць багацце грамадства |
Класічная школа (к. XVIII — 1−я пал. XIX ст.) | Адам Сміт, Давыд Рыкарда, Жан-Батыст Сэй, Томас Мальтус | У экономіцы дзейнічае натуральны парадак, таму рынку не патрэбна дзяржаўнае рэгуляванне. Прадстаўнікі класічнай школы вызначылі, што крыніцай багацця з’яўляецца не толькі сельская гаспадарка, але і праца ва ўсіх сферах грамадскай вытворчасці. Рост багацця адбываецца тады, калі першапачаткова затрачаная сума прырастае на дадатковую велічыню (прыбавачны кошт, ці прыбытак) |
Марксізм (2-я пал. XIX — XX ст.) | Карл Маркс, Фрыдрых Энгельс | Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс стварылі арыгінальныя вучэнні і канцэпцыі: тавару, грошай, вытворчасці працы, аднаўлення, эканамічных крызісаў, грамадска-эканамічных фармацый і інш. Аснова развіцця грамадства — матэрыяльная вытворчасць. Пры капіталістычным спосабе вытворчасці прыбавачны кошт прысвойваецца капіталістам у выглядзе прыбытку, у чым і выражаецца эксплуатацыя ім працоўнага |
Неакласічная школа (к. XIX — XX ст.) | Альфрэд Маршал | Распрацавана сучасная тэорыя рынку: прааналізаваны механізмы рыначнага цэнаўтварэння, фарміравання рыначнай раўнаважнай цаны, узаемадзеянне попыту і прапановы, уплыў на іх разнастайных фактараў і інш. |
Інстытуцыяналізм (XIX−XX стст.) | Торстэйн Веблен | Інстытуцыяналісты адстойвалі вырашальную ролю пазаэканамічных фактараў, у першую чаргу сацыяльных інстытутаў, у эканамічных паводзінах, гаспадарчай дзейнасці, эканамічных працэсах наогул |
Кейнсіянства (XX−XXI стст.) | Джон Кейнс | Рынак не здольны справіцца з такімі негатыўнымі, унутрана ўласцівымі яму з’явамі, як крызісы, інфляцыя, беспрацоўе, манапалізацыя, ад якіх страты грамадства такія вялікія, што неабходна дзяржаўнае ўмяшанне. Кейнс абгрунтаваў неабходнасць, формы, метады дзяржаўнага рэгулявання рыначнай эканомікі |
Манетарызм (XX−XI стст.) | Мілтан Фрыдман | Адстойваюць свабоду прадпрымальніцтва і мэтазгоднасць істотна абмежаваць сферу і змяніць формы дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. Манетарысты лічаць, што грошы ў сучасным грамадстве адыгрываюць надзвычай важную ролю і што шляхам рэгулявання аб’ёму грашовай масы можна аказваць уплыў на эканоміку |
Такім чынам, эканамічная тэорыя ўвесь час развівалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі гаспадарчай практыкі. Шэраг напрамкаў і школ аказаў вырашальны ўплыў на эканамічны прагрэс і развіццё грамадства (марксізм, кейнсіянства, манетарызм). Сучасная эканамічная тэорыя прадстаўлена разнастайнымі ідэямі, канцэпцыямі, школамі і напрамкамі. Асноўная плынь эканамічнай думкі ўключае ў сябе школы і напрамкі, якія ў той ці іншай ступені падзяляюць ідэі неакласічнай школы.
Прафесія эканаміст. Эканоміка — грамадская навука. Яна вывучае пэўны бок жыцця грамадства і шчыльна звязана з іншымі грамадскімі навукамі: гісторыяй, паліталогіяй, сацыялогіяй, юрыспрудэнцыяй, псіхалогіяй і інш. Пералік эканамічных прафесій вельмі шырокі. Спецыялісты, якія атрымалі эканамічную адукацыю, могуць працаваць практычна ва ўсіх галінах нацыянальнай эканомікі: на прамысловых прадпрыемствах, у банках, сферы паслуг, органах дзяржаўнага кіравання, абаронным сектары. Сутнасць прафесіі эканаміста — даследаванне і вырашэнне шырокага спектру пытанняў, звязаных з эканомікай і фінансамі прадпрыемстваў, рэгіёнаў, краін і ўсяго свету. Сярод прадстаўнікоў дадзенай прафесіі ёсць спецыялізацыя, напрыклад:
● эканамісты на вытворчасці могуць займацца каардынацыяй загрузкі асобных падраздзяленняў, планаваннем вытворчасці, улікам рэштаў, разлікам аб’ёмаў сыравіны, неабходнай для выпуску прадукцыі;
● эканамісты па працы і зарплаце займаюцца распрацоўкай праграм матывацыі персаналу, разлічваюць прадукцыйнасць працы, памеры аплаты для работнікаў, якія працуюць здзельна, правяраюць налічэнне бонусаў і прэмій;
● эканамісты па сабекошце і цэнаўтварэнні разлічваюць сабекошт прадукцыі, выяўляюць кампаненты, якія мацней за ўсё ўплываюць на яго, спосабы знізіць сабекошт прадукцыі, аналізуюць цэны пастаўшчыкоў;
● эканамісты-аналітыкі могуць аналізаваць патэнцыйную прыбытковасць новых праектаў, фінансавыя і іншыя паказчыкі прадпрыемства ў цэлым.
Гэта далёка не поўны пералік спецыялізацый. На практыцы іх значна больш.
Будучаму спецыялісту важна разумець, што ўслед за навуковымі адкрыццямі і зменамі тэхналогій змяняецца набор прафесійных кампетэнцый, навыкаў, ведаў і ўменняў, якія патрабуюцца ад работнікаў. У гэтых умовах зрабіць правільны выбар прафесіі раз і назаўсёды і потым на працягу ўсяго жыцця быць паспяховым і высокааплатным спецыялістам практычна немагчыма. Работнік павінен імкнуцца засвойваць новыя веды, працаваць ва ўмовах мультызадачнасці, праяўляць ініцыятыву і творчыя здольнасці.