*§ 12-0. Эканоміка як навука
Станаўленне эканамічнай навукі. Развіццё эканамічнай думкі з’яўляецца лагічным адлюстраваннем эканамічнага жыцця чалавечага грамадства ў свядомасці людзей. Эканоміка як навука прайшла доўгі шлях ад разрозненых эканамічных уяўленняў да сучасных канцэпцый, якія тлумачаць заканамернасці функцыянавання і развіцця як асобных эканамічных суб’ектаў, так і эканомікі краіны ў цэлым. Навука аб эканоміцы, якая дае цэласнае ўяўленне пра ўсё эканамічнае жыццё людзей у сістэме паняццяў, катэгорый, прынцыпаў, тэорый і эканамічных законаў, называецца эканамічнай тэорыяй.
Сёння эканамічная тэорыя выконвае некалькі важных функцый.
Функцыі эканамічнай тэорыі | |
Пазнавальная | Заключаецца ў асэнсаванні заканамернасцей развіцця эканомікі, раскрыцці прынцыпаў яе развіцця |
Метадалагічная | Складаецца ў тым, што эканамічная тэорыя служыць фундаментам або базай для эканамічных навук |
Практычная | Заключаецца ў тым, што заканамернасці, якія фармулююцца ў эканамічнай тэорыі, могуць выкарыстоўвацца ў практычнай дзейнасці чалавека |
З пункту гледжання аб’екта даследавання вылучаюцца наступныя раздзелы эканамічнай тэорыі:
Эканамічная тэорыя | |
Мікраэканоміка | Вывучае функцыянаванне асобных эканамічных суб’ектаў з мэтай выяўлення ўмоў і механізмаў эфектыўнага размяшчэння абмежаваных эканамічных рэсурсаў, якія маюць альтэрнатыўныя варыянты выкарыстання |
Макраэканоміка | Вывучае нацыянальную эканоміку як адзінае цэлае з мэтай вызначэння механізмаў дасягнення макраэканамічнай раўнавагі пры адсутнасці праяў макраэканамічнай нестабільнасці (эканамічнага спаду, беспрацоўя, інфляцыі, знешнеэканамічнай незбалансаванасці) |
Вытокі эканамічнай тэорыі можна знайсці ў ідэях і поглядах мысліцеляў старажытнага свету, занатаваных у запісках, трактатах, творах, прысвечаных асаблівасцям кіравання дзяржавай, зводах законаў і іншых пісьмовых дакументах. Аднак мысліцелі старажытнасці яшчэ не вылучалі эканамічных з’яў з усёй сумы грамадскіх працэсаў, не стварылі сістэматызаванага вучэння аб эканоміцы.
Як навука эканоміка пачала фарміравацца ў ХV–ХVI стст. Асноўнае пытанне, якое тады цікавіла эканамістаў, — чаму адны краіны багатыя, а другія бедныя, адкуль бярэцца багацце? І эканоміка становіцца навукай аб багацці. Тэрмін «палітычная эканомія» ўвёў французскі эканаміст Антуан Манкрэцьен. Ён апублікаваў у 1615 г. «Трактат аб палітычнай эканоміі», у якім фармулявалася эканамічная палітыка дзяржавы таго часу. Такім чынам, палітычная эканомія — навука аб законах функцыянавання грамадскай гаспадаркі ў рамках дзяржавы. У самастойную навуку палітычная эканомія ператвараецца ў пачатку XVII ст.