*§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі

Сацыялізм. Сацыялізм (ад лац. socialis — грамадскі) — ідэалогія, арыентаваная на пабудову справядлівага грамадства на падставе грамадскай уласнасці і сацыяльнай роўнасці. Падобныя ідэі ўзніклі яшчэ ў XVI–XVII стст. у працах Т. Мора «Утопія», Т. Кампанелы «Горад Сонца». Але ідэалогіяй сацыялізм становіцца толькі ў пачатку XIX ст., калі сацыялістычныя ідэі праніклі ў масавую свядомасць і матывавалі палітычныя дзеянні рабочага класа. Найважнейшы ідэалагічны прынцып сацыялізму — калектывізм, інакш кажучы, прыярытэт інтарэсаў сацыяльнай супольнасці, агульнага дабрабыту над інтарэсамі асобы. Ён з’яўляецца асноўным у арганізацыі справядлівага грамадства.

У 1840-я гг. як разнавіднасць сацыялістычнай ідэалогіі ўзнікае марксізм, які становіцца рэвалюцыйнай ідэалогіяй рабочага класа і бедных пластоў працоўных. На мяжы XIX–XX стст. у сацыялістычнай ідэалогіі афармляюцца два асноўныя напрамкі: рэфармісцкі і радыкальна-рэвалюцыйны. Рэфармісцкі напрамак выступаў за павольны рух да сацыялізму праз рэфармаванне капіталізму з дапамогай дэмакратычных інстытутаў. За прыхільнікамі гэтага напрамку захавалася назва — сацыялісты, ці сацыял-дэмакраты. Радыкальна-рэвалюцыйны напрамак — камуністычная ідэалогія — стаяў на прынцыпах звяржэння капіталізму праз пралетарскую рэвалюцыю і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, ліквідацыі прыватнай уласнасці. Гэты напрамак быў звязаны з дзейнасцю У. І. Леніна і бальшавікоў.

З пераходам у сярэдзіне ХХ ст. у развітых краінах да постіндустрыяльнага грамадства і змянення сацыяльнай структуры камуністычная ідэалогія страціла сваю актуальнасць. Сацыялістычная ідэалогія, якая аформілася як канцэпцыя «дэмакратычнага сацыялізму», захавала свой уплыў. Гэта ідэалогія запазычыла шмат ідэй ад лібералізму, у прыватнасці прынцыпы прававой дзяржавы, палітычнага плюралізму, правоў і свабод чалавека, рыначнай эканомікі. Канцэпцыя «дэмакратычнага сацыялізму» ўключае ў сябе палітычную, эканамічную, сацыяльную і міжнародную дэмакратыі.

Палітычная дэмакратыя арыентавана на пашырэнне ўдзелу грамадзян у кіраванні дзяржавай пры захаванні і ўдасканаленні сучасных дэмакратычных інстытутаў.

Эканамічная дэмакратыя звязана з узмацненнем сацыяльнай накіраванасці эканамічнай сферы, функцыянаваннем змешанай эканомікі.

Сацыяльная дэмакратыя арыентавана на высокую якасць жыцця для ўсіх пластоў насельніцтва, барацьбу з беднасцю.

Міжнародная дэмакратыя — гэта мірнае супрацоўніцтва краін і народаў у вырашэнні глабальных праблем, дасягненні раўнапраўя і ўліку ўзаемных інтарэсаў усімі дзяржавамі.