*§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:15 |
Ідэалогія. Палітычная сфера жыцця ўключае не толькі палітычныя адносіны і дзейнасць, але і палітычную свядомасць. Тэарэтычныя і звычайныя веды пра палітыку, каштоўнасныя арыенціры людзей, палітычныя стэрэатыпы і настроі істотна ўплываюць на палітыку. У палітычнай свядомасці змяшчаюцца як навуковыя веды, так і жыццёвыя ўяўленні пра палітыку, ацэначныя меркаванні і эмацыйныя адносіны да палітычных з’яў. Ідэалогія з’яўляецца формай палітычнай свядомасці.
Функцыі ідэалогіі | |
Тэарэтычная | Звязана з сістэматызаваным афармленнем сацыяльных інтарэсаў, абгрунтаваннем стратэгічных мэт і развіцця грамадства |
Палітычнай сацыялізацыі | Арыентавана на фарміраванне «чалавека палітычнага» з пэўнымі палітычнымі перакананнямі, каштоўнаснымі арыенцірамі, палітычнай культурай |
Інтэгратыўная | Заключаецца ў аб’яднанні людзей на ідэйных пазіцыях, каб стварыць неабходную ступень адзінства, згуртаваную палітычную супольнасць |
Палітычнай мабілізацыі | Праяўляецца ў тым, што ідэалагічныя перакананні падахвочваюць людзей да палітычных дзеянняў, натхняюць на барацьбу за свае інтарэсы |
Ацэначная | Даць крытэрыі ацэнкі грамадскіх з’яў мінулага і сучаснага з пазіцыі пэўных ідэалагічных каштоўнасцей |
Прагнастычная | Стварае вобраз жаданага будучага, арыенцір мэтанакіраванай палітыкі |
Эмацыйна-псіхалагічная | Дае магчымасць «выпусціць эмоцыі», напоўніць энтузіязмам людзей, сфарміраваць патрэбны эмацыйны настрой, даць надзею на шчаслівыя змены ў грамадстве |
Легітымацыі | Абгрунтоўвае права пэўных сацыяльна-палітычных сіл на атрыманне і ўтрыманне ўлады |
Усе асноўныя сучасныя ідэалогіі ўзнікаюць у Новы час у Заходняй Еўропе. Іх узнікненне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем новай сацыяльнай структуры (буржуазія і клас наёмных рабочых), аслабленнем ролі рэлігіі. Да Новага часу ідэалагічную функцыю выконвала рэлігія. Пад уздзеяннем развіцця навукі і аслаблення рэлігійнага светапогляду адбываецца секулярызацыя свядомасці. Секулярызацыя (ад лац. saecularis — свецкі) — працэс вызвалення ад рэлігійнай свядомасці, царкоўных догмаў, якія рэгулююць паводзіны людзей, дзейнасць сацыяльных інстытутаў і дзяржавы. Адбываецца фарміраванне свецкай дзяржавы і свецкага светапогляду.
Лібералізм. Лібералізм (ад лац. liberalis — свабодны) узнікае ў ХVII–XVIII стст. у перыяд падрыхтоўкі і правядзення буржуазных рэвалюцый. Ліберальная ідэалогія выступала за інтарэсы буржуазіі, якая змагалася супраць феадальных саслоўных прывілеяў і дэспатызму абсалютных манархій. Гэты лібералізм атрымаў назву класічнага лібералізму.
Галоўныя прынцыпы лібералізму — індывідуальная свабода, самакаштоўнасць чалавечай асобы, правы і свабоды чалавека. У эканамічнай сферы лібералізм абараняў прыватную ўласнасць, рыначную эканоміку, свабодную канкурэнцыю, уласную прадпрымальніцкую ініцыятыву, неўмяшанне дзяржавы ў сферу эканомікі. У палітычнай сферы прыхільнікі лібералізму дэкларавалі прынцыпы раўнапраўя (роўнасці перад законам і судом), падзелу ўлад, суверэнітэту народа як крыніцы ўлады, адказнага праўлення, канстытуцыяналізму, парламентарызму і прадстаўнічай дэмакратыі. Прадстаўнікі лібералізму сфармулявалі асноўныя палажэнні прававой дзяржаўнасці.
У канцы XІХ — пачатку ХХ ст. лібералізм напаўняецца новым зместам і ператвараецца ў ліберальны рэфармізм, які адрозніваецца ад класічнага лібералізму тым, што абгрунтоўвае неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканоміку і сацыяльную сферу; дзяржава павінна рэгуляваць рынак і надаваць эканоміцы сацыяльную накіраванасць.
Сучасны лібералізм выказвае інтарэсы сярэдняга класа, шырокіх пластоў працоўных, прыстасоўваецца да новых рэалій грамадскага развіцця. Лібералы абараняюць разнастайнасць форм уласнасці, арыентаваны на правядзенне эканамічных і сацыяльных рэформ, актыўнай сацыяльнай палітыкі дзяржавы, паслядоўнай рэалізацыі правоў і свабод чалавека, якія ўсё пашыраюцца.
Кансерватызм. Ідэалогія кансерватызму (лац. сonservo — захоўваю, берагу) узнікае ў канцы XVIII ст. як рэакцыя на Вялікую французскую рэвалюцыю і лібералізм. Кансерватызм першапачаткова выказваў інтарэсы дваранства і духавенства — тых саслоўяў, якія больш за ўсё пацярпелі ад буржуазнай рэвалюцыі. Прадстаўнікі кансерватызму рэзка выступалі супраць рэвалюцыйных ператварэнняў, абаранялі стары парадак, манархію і традыцыйныя каштоўнасці.
У наш час кансерватызм — гэта ідэалогія, якая адлюстроўвае сучасныя праблемы грамадскага развіцця і выказвае інтарэсы не толькі прадстаўнікоў буйнога бізнесу, але і іншых сацыяльных супольнасцей, у асноўным тых, якія не могуць прыстасавацца да хуткіх змен у сучасным свеце.
Кансерватыўная ідэалогія накіравана на захаванне і падтрымку існуючых форм грамадскага жыцця, дзяржаўнага і грамадскага парадку. Асноватворны прынцып кансерватызму — традыцыяналізм. Кансерватары — рашучыя праціўнікі рэвалюцый, любых праяў экстрэмізму, але прызнаюць неабходнасць рэформ, якія павінны абапірацца на традыцыйныя асновы. Пераемнасць і стабільнасць — неабходныя ўмовы захавання грамадскай цэласнасці і традыцыйных сацыякультурных каштоўнасцей у перыяд глабальных змен. У эканоміцы кансерватары абараняюць прыватную ўласнасць як свяшчэнную і недатыкальную, у палітыцы яны прыхільнікі моцнай і аўтарытарнай дзяржавы.
Сацыялізм. Сацыялізм (ад лац. socialis — грамадскі) — ідэалогія, арыентаваная на пабудову справядлівага грамадства на падставе грамадскай уласнасці і сацыяльнай роўнасці. Падобныя ідэі ўзніклі яшчэ ў XVI–XVII стст. у працах Т. Мора «Утопія», Т. Кампанелы «Горад Сонца». Але ідэалогіяй сацыялізм становіцца толькі ў пачатку XIX ст., калі сацыялістычныя ідэі праніклі ў масавую свядомасць і матывавалі палітычныя дзеянні рабочага класа. Найважнейшы ідэалагічны прынцып сацыялізму — калектывізм, інакш кажучы, прыярытэт інтарэсаў сацыяльнай супольнасці, агульнага дабрабыту над інтарэсамі асобы. Ён з’яўляецца асноўным у арганізацыі справядлівага грамадства.
У 1840-я гг. як разнавіднасць сацыялістычнай ідэалогіі ўзнікае марксізм, які становіцца рэвалюцыйнай ідэалогіяй рабочага класа і бедных пластоў працоўных. На мяжы XIX–XX стст. у сацыялістычнай ідэалогіі афармляюцца два асноўныя напрамкі: рэфармісцкі і радыкальна-рэвалюцыйны. Рэфармісцкі напрамак выступаў за павольны рух да сацыялізму праз рэфармаванне капіталізму з дапамогай дэмакратычных інстытутаў. За прыхільнікамі гэтага напрамку захавалася назва — сацыялісты, ці сацыял-дэмакраты. Радыкальна-рэвалюцыйны напрамак — камуністычная ідэалогія — стаяў на прынцыпах звяржэння капіталізму праз пралетарскую рэвалюцыю і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, ліквідацыі прыватнай уласнасці. Гэты напрамак быў звязаны з дзейнасцю У. І. Леніна і бальшавікоў.
З пераходам у сярэдзіне ХХ ст. у развітых краінах да постіндустрыяльнага грамадства і змянення сацыяльнай структуры камуністычная ідэалогія страціла сваю актуальнасць. Сацыялістычная ідэалогія, якая аформілася як канцэпцыя «дэмакратычнага сацыялізму», захавала свой уплыў. Гэта ідэалогія запазычыла шмат ідэй ад лібералізму, у прыватнасці прынцыпы прававой дзяржавы, палітычнага плюралізму, правоў і свабод чалавека, рыначнай эканомікі. Канцэпцыя «дэмакратычнага сацыялізму» ўключае ў сябе палітычную, эканамічную, сацыяльную і міжнародную дэмакратыі.
Палітычная дэмакратыя арыентавана на пашырэнне ўдзелу грамадзян у кіраванні дзяржавай пры захаванні і ўдасканаленні сучасных дэмакратычных інстытутаў.
Эканамічная дэмакратыя звязана з узмацненнем сацыяльнай накіраванасці эканамічнай сферы, функцыянаваннем змешанай эканомікі.
Сацыяльная дэмакратыя арыентавана на высокую якасць жыцця для ўсіх пластоў насельніцтва, барацьбу з беднасцю.
Міжнародная дэмакратыя — гэта мірнае супрацоўніцтва краін і народаў у вырашэнні глабальных праблем, дасягненні раўнапраўя і ўліку ўзаемных інтарэсаў усімі дзяржавамі.