*§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі
Ідэалогія. Палітычная сфера жыцця ўключае не толькі палітычныя адносіны і дзейнасць, але і палітычную свядомасць. Тэарэтычныя і звычайныя веды пра палітыку, каштоўнасныя арыенціры людзей, палітычныя стэрэатыпы і настроі істотна ўплываюць на палітыку. У палітычнай свядомасці змяшчаюцца як навуковыя веды, так і жыццёвыя ўяўленні пра палітыку, ацэначныя меркаванні і эмацыйныя адносіны да палітычных з’яў. Ідэалогія з’яўляецца формай палітычнай свядомасці.
| Функцыі ідэалогіі | |
| Тэарэтычная | Звязана з сістэматызаваным афармленнем сацыяльных інтарэсаў, абгрунтаваннем стратэгічных мэт і развіцця грамадства |
| Палітычнай сацыялізацыі | Арыентавана на фарміраванне «чалавека палітычнага» з пэўнымі палітычнымі перакананнямі, каштоўнаснымі арыенцірамі, палітычнай культурай |
| Інтэгратыўная | Заключаецца ў аб’яднанні людзей на ідэйных пазіцыях, каб стварыць неабходную ступень адзінства, згуртаваную палітычную супольнасць |
| Палітычнай мабілізацыі | Праяўляецца ў тым, што ідэалагічныя перакананні падахвочваюць людзей да палітычных дзеянняў, натхняюць на барацьбу за свае інтарэсы |
| Ацэначная | Даць крытэрыі ацэнкі грамадскіх з’яў мінулага і сучаснага з пазіцыі пэўных ідэалагічных каштоўнасцей |
| Прагнастычная | Стварае вобраз жаданага будучага, арыенцір мэтанакіраванай палітыкі |
| Эмацыйна-псіхалагічная | Дае магчымасць «выпусціць эмоцыі», напоўніць энтузіязмам людзей, сфарміраваць патрэбны эмацыйны настрой, даць надзею на шчаслівыя змены ў грамадстве |
| Легітымацыі | Абгрунтоўвае права пэўных сацыяльна-палітычных сіл на атрыманне і ўтрыманне ўлады |
Усе асноўныя сучасныя ідэалогіі ўзнікаюць у Новы час у Заходняй Еўропе. Іх узнікненне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем новай сацыяльнай структуры (буржуазія і клас наёмных рабочых), аслабленнем ролі рэлігіі. Да Новага часу ідэалагічную функцыю выконвала рэлігія. Пад уздзеяннем развіцця навукі і аслаблення рэлігійнага светапогляду адбываецца секулярызацыя свядомасці. Секулярызацыя (ад лац. saecularis — свецкі) — працэс вызвалення ад рэлігійнай свядомасці, царкоўных догмаў, якія рэгулююць паводзіны людзей, дзейнасць сацыяльных інстытутаў і дзяржавы. Адбываецца фарміраванне свецкай дзяржавы і свецкага светапогляду.