*§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі

Кансерватызм. Ідэалогія кансерватызму (лац. сonservo — захоўваю, берагу) узнікае ў канцы XVIII ст. як рэакцыя на Вялікую французскую рэвалюцыю і лібералізм. Кансерватызм першапачаткова выказваў інтарэсы дваранства і духавенства — тых саслоўяў, якія больш за ўсё пацярпелі ад буржуазнай рэвалюцыі. Прадстаўнікі кансерватызму рэзка выступалі супраць рэвалюцыйных ператварэнняў, абаранялі стары парадак, манархію і традыцыйныя каштоўнасці.

У наш час кансерватызм — гэта ідэалогія, якая адлюстроўвае сучасныя праблемы грамадскага развіцця і выказвае інтарэсы не толькі прадстаўнікоў буйнога бізнесу, але і іншых сацыяльных супольнасцей, у асноўным тых, якія не могуць прыстасавацца да хуткіх змен у сучасным свеце.

Кансерватыўная ідэалогія накіравана на захаванне і падтрымку існуючых форм грамадскага жыцця, дзяржаўнага і грамадскага парадку. Асноватворны прынцып кансерватызму — традыцыяналізм. Кансерватары — рашучыя праціўнікі рэвалюцый, любых праяў экстрэмізму, але прызнаюць неабходнасць рэформ, якія павінны абапірацца на традыцыйныя асновы. Пераемнасць і стабільнасць — неабходныя ўмовы захавання грамадскай цэласнасці і традыцыйных сацыякультурных каштоўнасцей у перыяд глабальных змен. У эканоміцы кансерватары абараняюць прыватную ўласнасць як свяшчэнную і недатыкальную, у палітыцы яны прыхільнікі моцнай і аўтарытарнай дзяржавы.