*§ 10-1. Палітычныя ідэалогіі

Лібералізм. Лібералізм (ад лац. liberalis — свабодны) узнікае ў ХVII–XVIII стст. у перыяд падрыхтоўкі і правядзення буржуазных рэвалюцый. Ліберальная ідэалогія выступала за інтарэсы буржуазіі, якая змагалася супраць феадальных саслоўных прывілеяў і дэспатызму абсалютных манархій. Гэты лібералізм атрымаў назву класічнага лібералізму.

Галоўныя прынцыпы лібералізму — індывідуальная свабода, самакаштоўнасць чалавечай асобы, правы і свабоды чалавека. У эканамічнай сферы лібералізм абараняў прыватную ўласнасць, рыначную эканоміку, свабодную канкурэнцыю, уласную прадпрымальніцкую ініцыятыву, неўмяшанне дзяржавы ў сферу эканомікі. У палітычнай сферы прыхільнікі лібералізму дэкларавалі прынцыпы раўнапраўя (роўнасці перад законам і судом), падзелу ўлад, суверэнітэту народа як крыніцы ўлады, адказнага праўлення, канстытуцыяналізму, парламентарызму і прадстаўнічай дэмакратыі. Прадстаўнікі лібералізму сфармулявалі асноўныя палажэнні прававой дзяржаўнасці.

У канцы XІХ — пачатку ХХ ст. лібералізм напаўняецца новым зместам і ператвараецца ў ліберальны рэфармізм, які адрозніваецца ад класічнага лібералізму тым, што абгрунтоўвае неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканоміку і сацыяльную сферу; дзяржава павінна рэгуляваць рынак і надаваць эканоміцы сацыяльную накіраванасць.

Сучасны лібералізм выказвае інтарэсы сярэдняга класа, шырокіх пластоў працоўных, прыстасоўваецца да новых рэалій грамадскага развіцця. Лібералы абараняюць разнастайнасць форм уласнасці, арыентаваны на правядзенне эканамічных і сацыяльных рэформ, актыўнай сацыяльнай палітыкі дзяржавы, паслядоўнай рэалізацыі правоў і свабод чалавека, якія ўсё пашыраюцца.