*§ 9-1. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства

СМІ. Роля СМІ ў сучасным грамадстве ўвесь час узрастае. Усё больш людзей разумее, што без адкрытасці палітычнай сферы, якая забяспечваецца СМІ, дэмакратыя немагчыма. Абавязковай умовай дэмакратыі з’яўляецца прадастаўленне грамадзянам магчымасці рабіць такі выбар, які заснаваны на свабодным доступе да інфармацыі. Даўно зацвердзілася думка, што роля СМІ, у першую чаргу, складаецца ў інфармаванні насельніцтва пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Гэта інфармацыйная функцыя СМІ з’яўляецца адной з самых галоўных.

img
icon-search
Скарыстайце сайт Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (http://mininform.gov.by) і вызначце, колькі ў нашай краіне інфармацыйных агенцтваў.

Сёння СМІ маюць вялікае значэнне ў фарміраванні грамадскай думкі, уплыве на палітычныя паводзіны грамадзян. СМІ не проста адлюстроўваюць навакольную рэчаіснасць, аб’ектыўна фіксуючы падзеі, якія адбываюцца наўкол, але прама ці апасродкавана, у адкрытай ці прыхаванай форме ўплываюць на ўсе палітычныя працэсы.

img
img

Палітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць новыя магчымасці СМІ для таго, каб мабілізаваць грамадзян на тыя ці іншыя дзеянні, прапагандаваць свае палітычныя мэты, прыцягваць прыхільнікаў. Сучасныя працэсы інфарматызацыі грамадства прыводзяць да істотнага павышэння значнасці СМІ не толькі як крыніцы сацыяльнай інфармацыі, але і як інстытута фарміравання грамадскай думкі. Акрамя гэтых функцый, сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць працэс камунікацыі паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі інстытутамі і грамадствам. Сучасныя СМІ — гэта асаблівы суб’ект палітыкі, вельмі ўплывовы, з самастойнай пазіцыяй, сур’ёзным эканамічным патэнцыялам. СМІ з’яўляюцца таксама інструментамі кантролю ўлады. Іх роля настолькі вялікая, што грамадства адносіцца да іх як да «чацвёртай улады» (заканадаўчая, выканаўчая, судовая). Для таго каб выконваць свае функцыі, СМІ павінны валодаць свабодай. У сучасных дэмакратычных краінах існуюць не толькі дзяржаўныя СМІ, якія адлюстроўваюць пазіцыю дзяржавы, але і не залежныя ад дзяржавы СМІ.

Найбольш актуальнай для сучаснага этапу з’яўляецца праблема скажэння інфармацыі, інфармацыйных войнаў паміж дзяржавамі і паміж рознымі палітычнымі сіламі ўнутры краін.

Адначасова сучасныя СМІ ператварыліся ў асобны элемент культуры. Але камерцыялізацыя СМІ (накіраванасць на атрыманне прыбытку), якая ўсё ўзмацняецца, часта негатыўна ўплывае на культуру грамадства, прыводзіць да распаўсюджвання прадуктаў нізкай якасці.