*§ 9-1. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства
Прававая дзяржава. Свае асноўныя рысы і прыметы канцэпцыя прававой дзяржавы набыла ў канцы XIX — пачатку XX ст. Правы і свабоды чалавека былі прызнаны неадчужальнымі, а іх павага, захаванне і абарона з боку дзяржавы — абавязковымі. У прававой дзяржаве чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі разглядаюцца ў якасці найвышэйшай каштоўнасці і мэты дзяржавы. У прававой дзяржаве «не закон ляжыць у аснове правоў людзей, а правы чалавека — у аснове закону».
Родапачынальнікам канцэпцыі прававой дзяржавы лічыцца нямецкі філосаф Імануіл Кант (1724−1804). Менавіта ён прапанаваў ідэю «катэгарычнага імператыву», якая азначае, што кожны чалавек валодае абсалютнай каштоўнасцю і не павінен быць інструментам чыіх-небудзь намераў, няхай нават самых высакародных. Трэба прадухіліць сваволле аднаго індывіда ў адносінах да другога, гэтую ролю заклікана выканаць дзяржава — аб’яднанне людзей, падпарадкаваных закону. Грамадзянскі стан разглядаецца ім як стан прававы, заснаваны на трох прынцыпах:
1) свабода кожнага члена грамадства як чалавека;
2) роўнасць чалавека з кожным іншым чалавекам;
3) самастойнасць кожнага члена супольнасці як грамадзяніна.
Кант дасягнуў адзінага ўяўлення пра тры найважнейшыя тыпы норм: правы чалавека, заканадаўчыя гарантыі саслоўнай роўнасці і дэмакратычныя правы.
Мэтай прававой дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека, недапушчальнасць парушэння свабоды, замацаванай у праве. Гэтаму прынцыпу падпарадкаваны ўсе іншыя прынцыпы прававой дзяржавы.
Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) у 2011 г. падрыхтавала кантрольны спіс пытанняў для выканання вяршэнства права.
Венецыянская камісія прааналізавала азначэнні, прапанаваныя рознымі аўтарамі, якія прадстаўляюць розныя сістэмы права і дзяржаўнай арганізацыі, а таксама розныя прававыя культуры. Камісія прыйшла да вываду, што паняцце вяршэнства права мае на ўвазе дакладную і прадказальную прававую сістэму, пры якой кожны грамадзянін мае права на годныя, раўнапраўныя і разумныя адносіны ў адпаведнасці з законам з боку ўсіх асоб, якія валодаюць уладай, а таксама мае магчымасць аспрэчыць іх рашэнне ў незалежных і аб’ектыўных судах у межах справядлівага судовага разбіральніцтва. Камісія перасцерагла ад чыста фармальнага падыходу да паняцця вяршэнства права, які патрабуе толькі, каб дзеянні чыноўніка былі дазволены законам. «Праўленне сілай закону», ці «праўленне з дапамогай закону», ці нават «правасуддзе па законе» — усё гэта з’яўляецца скажэннем паняцця вяршэнства права.
Найважнейшай умовай пабудовы прававой дзяржавы з’яўляецца не проста абвяшчэнне правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы, а іх гарантаванасць, увасабленне ў рэальную практыку адносін дзяржавы і грамадства, грамадства і чалавека.
Першай краінай, у якой пачала складвацца сістэма стрымлівання і проціваг, былі ЗША. Прынятая ў 1787 г. Канстытуцыя адразу замацавала асаблівыя працэдуры, якія павінны былі забяспечыць гэту сістэму. Яна замацавала розныя спосабы фарміравання галін улады і розныя тэрміны іх дзеяння. Так, заканадаўчы орган улады Кангрэс, які складаецца з дзвюх палат — Сената і Палаты прадстаўнікоў, мае розныя спосабы фарміравання. Палата абіраецца адзін раз на два гады насельніцтвам штатаў. Сенат абіраецца на шэсць гадоў заканадаўчымі сходамі адпаведных штатаў — па два сенатары ад кожнага штата. Выканаўчая ўлада належыць Прэзідэнту, які абіраецца раз на чатыры гады па асаблівай сістэме: спачатку галасуе народ, затым канчатковае рашэнне прымае калегія выбаршчыкаў. Трэцяя ўлада — судовая, суддзі прызначаюцца пажыццёва Прэзідэнтам са згоды Сената. Асаблівае значэнне ў амерыканскай сістэме стрымлівання і проціваг надаецца немагчымасці ўзмацнення выканаўчай улады, якую ўвасабляе Прэзідэнт. Таму Сенату было дадзена выключнае права адхілення Прэзідэнта ад улады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў (імпічмент) або за цяжкія злачынствы, або за парушэнне прысягі, Канстытуцыі і іншыя злоўжыванні. Калі разглядаецца справа Прэзідэнта Злучаных Штатаў, у Сенаце старшынствуе Галоўны суддзя: Прэзідэнт не можа быць прызнаны вінаватым без згоды трэці прысутных сенатараў. Таксама Кангрэс мае права адхіляць законапраекты Прэзідэнта, якія ён прапануе Кангрэсу. Сенат мае права адхіліць любую кандыдатуру, рэкамендаваную Прэзідэнтам для прызначэння на пасаду любой федэральнай службы, паколькі для атрымання згоды патрабуецца дзве трэці галасоў Сената. У той жа час Прэзідэнт валодае правам адтэрмінаванага вета на законапраекты, прынятыя Кангрэсам. Калі Прэзідэнт падпісвае законапраект, то ён становіцца законам; калі не падпісвае, то вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў тую палату, адкуль зыходзіў законапраект. Каб пераадолець адтэрмінаванае вета Прэзідэнта, неабходна, каб за законапраект паўторна прагаласавала дзве трэці галасоў у кожнай палаце. Калі законапраект не вяртаецца Прэзідэнтам на працягу дзесяці дзён (без уліку нядзельных дзён), ён становіцца законам. Па пытаннях законнасці дзеянняў іншых дзвюх улад канчатковае рашэнне выносіць Суд.